- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нарадзіўся 12 траўня 1942 года ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка. Але маці сказала, што я нарадзіўся годам пазней, – баяліся пытанняў ад строгіх уладаў: чаму я гэта нарадзіўся пасярод вайны? Так што сапраўдны мой год нараджэння 1943 год.
Бацька – Мікола Сямёнавіч – вучыў дзяцей расейскай мове. Маці – Ганна Іванаўна – працавала па хатняй гаспадарцы, выхоўвала дваіх дзяцей: мяне і брата майго Міколу. Чамусьці бацьку перакідвалі з адной школы ў другую – то беларуская яна была, то расейская. Гэта наклала нейкі адмоўны адбітак на маю вучобу. Не давалася мне хімія і алгебра, фізіка і матэматыка. Ці настаўнікі былі не педагогамі, ці я сам не мог зразумець той навукі. Але калі мяне прасілі напісаць складана-залежны сказ на дошцы (на роднай мове ці расейскай), то і месца не хапіла на дошцы. Здаралася, што пісаў знарок з памылкамі, але настаўнікі іх не бачылі, значыць, і самі не ведалі дасканала свайго прадмета…
Вучыўся ў розных школах Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Сярэднюю школу скончыў у вёсцы Асавец (1960) Мазырскага раёна. Працаваў нейкі час у калгасе, потым на Мазырскім заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў непадалёк ад сваёй вёскі – у Турбінцы.
У 1961 годзе паступіў вучыцца ў Мазырскі педінстытут. Правучыўся да сакавіка 1962 года і позва ваенкамата паклікала ў войска. З 1962 па 1964 год служыў у Групе Савецкіх войскаў у Нямеччыне. Вярнуўся ў Мазыр, працягваў вучыцца завочна і працаваў у Мазырскай газеце “Камуніст Палесся”. Працаваў інструктарам райкама партыі, – так што пра жыццё гэтай арга-нізацыі вядома не з вуснаў іншых, а сам варыўся ў той чорнай смале хлусні і падману і, як літаратар, расказваў пра тое ў сваіх творах.
У 1968 годзе зноў паклікалі, пад прымусам ужо, служыць у войска – афіцэрам, лейтэнантам, так званым “двухгадавіком”, на працягу двух гадоў – у Полацку. Лічыць другім “чорным перыядам” свайго жыцця – пасля працы ў гаркаме. Служыў начальнікам клуба без клуба.
Пасля зноў вярнуўся ў Мазыр. Працаваў адказным сакратаром гарадской арганізацыі таварыства “Веды” на працягу трох гадоў. Потым перайшоў працаваць у гаркам партыі, спадзеючыся, што на гэтай працы выдзеляць жыллё. Надзеі не спраўдзіліся. Бо Малафееў і яго памагатыя сваёй адмовай ледзьве не адправілі на той свет... Не дабыўшы і года на гэтай пасадзе, перайшоў працаваць намеснікам дырэктара ПТВ геалогіі.
Працуючы ў вучылішчы, напісаў нарыс “На далёкай буравой” і даслаў у газету “Чырвоная змена”. Нарыс заняў першае месца ў конкурсе. Валодзя Касько, тадышны рэдактар, запрасіў працаваць у газету. Так, з 1975 года – уласны карэспандэнт газеты “Чырвоная змена” па Гомельскай, а пасля і па Берасцейскай абласцях. Пятнаццаць гадоў працы ў гэтай газеце адыгралі сваю дадатную ролю ў станаўленні як публіцыста, так і пісьменніка. З 1990 года – сябра Саюза пісьменнікаў СССР і БССР.
Друкавацца пачаў з 1961 года, змясціўшы першыя вершы ў раённай петрыкаўскай газеце. Падчас службы друкаваў свае апавяданні, вершы і нарысы ў газетах “Чырвоная змена” і ў газеце (ГСВГ) “Савецкая Армія”. Нарыс “Іван Нахаба” заняў другое месца ў конкурсе, які аб’явіла вайсковая газета.
У 1979 годзе надрукаваў аповесць “Тросніца” ў часопісе “Маладосць” №3. Рэдактарам тады быў слынны паэт Генадзь Бураўкін, які ўбачыў “нешта” ў прапанаванай аповесці і даў ёй “зялёнае святло”.
У 1980 годзе выйшла ў свет кніга “Надзейная змена” ў выдавецтве “Беларусь”. У гэтыя гады друкуе свае нарысы ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. За нарыс “Поле Радкевічаў” (1980) стаў лаўрэатам прэміі часопіса “Маладосць”.
Добрым словам заўсёды падтрымліваў Сцяпан Кухараў, супрацоўнік часопіса, дапамагаў у асваенні літаратурных вяршыняў. Але найбольш з усіх пісьменнікаў, якія сталі дарадцамі і сябрамі, удзячны Уладзіміру Дамашэвічу. Яго парады і вучоба сталі для будучага пісьменніка самым галоўным літаратурным універсітэтам...
У 1982 годзе аповесць “Тросніца” выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пад агульнай назвай “Знаёмства”, у якую былі ўключаныя тры аўтары.
У часопісе “Маладосць” надрукаваў у 1986 годзе (№7) аповесць “Да свайго берага”.
У суаўтарстве з А.Бачурынскім (дырэктарам Гомельскай ЦЭЦ-2) выдаў літаратурна-публіцыстычную кнігу “Цеплыня” – 1996 год.
“Чорны бусел – белы цень” – кніга публіцыстыкі пра энергетыкаў гомельшчыны, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне, – выйшла у 1997 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” і была вылучаная на дзяржаўную прэмію імя К.Каліноўскага. Прэмію, на жаль, не атрымала.
У выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2002 годзе ўбачыла свет кніга фантастычна-фантасмагарычных аповесцяў і апавяданняў “Пякельны рай».
У першай кніжцы 2003 года часопіса “Маладосць” надрукаваная аповесць “Сцеражыся майго гневу” (часопісны варыянт).
У другім нумары часопіса “Полымя” 2003 года расказаў пра свой родны горад Мазыр – нарыс “Бурштынавы бераг Прыпяці”.
Выдаў кнігу вершаў “Заручуся з бліскавіцай”.
Пераклаў свой жа раман “Спакушэнне” на расійскую мову, выдаў у менскім выдавецтве “Асобны”.
“Будуем заўтрашні дзень” – кніга (2008 год) публіцыстыкі пра працоўны калектыў “Белэнергабуд”, што знаходзіцца ў Менску.
Выдаў дакументальны раман “Мы – Юніцкія” пра геніяльнага вынаходніка-беларуса Анатоля Юніцкага, акадэміка Расійскай Акадэміі навук, – нарадзіўся на Брагіншчыне Гомельскай вобласці.
Сёння выступае ў друку як празаік, публіцыст, паэт і мастак.
Быў абраны старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францішка Скарыны і больш за дваццаць гадоў узначальваў гэтую арганізацыю.
Сёння з’яўляецца старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі “Гомельскае аддзяленне беларускіх пісьменнікаў” – СБП.
Завіруха ўсчалася яшчэ з вечара… Скуголіў, шараваў свае бакі аб шурпатыя сцены хатаў вірлівы вецер, біліся адна аб адну галінкі-рукі дрэваў, гухкала нешта за сценамі, аж уздрыгвала, здаецца, хата. Гуло пагрозліва ў коміне печы, быццам нячысцікі скакалі на нарышчы, наладжваючы свае скокі, стараліся знесці... Болей »
Адкуль прыйшлі да мяне гэтыя радкі, я не ведаў. Яны нарадзіліся самі, без майго жадання. Складаць іх я не збіраўся, толькі ў думках нашэптваў словы. Падумалася: а мо хто падслухаў мае радкі і паклаў іх на паперу. Але хто? Верш я знайшоў у сваім стале. Замок у мяне быў адмысловы, і ніхто не мог адамкнуць... Болей »
Алачка любіла раскошу. Не так каб і надта, але ўсё ж... Дробязныя перашкоды ці бытавая неўладкаванасць раздражнялі і прыгняталі яе, быццам напаміналі, што яна такая ж, як і ўсе. Ну, амаль усе, у якіх нечага не стае, у нечым маюць патрэбу, праз што і пакутуюць простыя смяротныя, сварацца, нават ненавідзяць... Болей »
Мая госця праяўляла ўсё большую надакучлівасць – звінела пад столлю, як спявала нейкую нудную песню… «Адчапіся… – адпрэчыў думкава, не расплюшчваючы вачэй, ува мне пачынала ўжо нараджацца слабая злосць на яе за тое, што яна дражніцца, цьвеліць з мяне, стараецца вывесці з душэўнай раўнавагі. – Адчапіся... Болей »
Маўчун успоўз старому чараўніку на грудзі. Ён, вуж, ведаў, што старога блажыла, што яму было кепска яшчэ звечара, калі легла за балотам у мяккія імхі счырванелае сонца. Але тады трывожны покліч не даходзіў да паўзучай істоты, і тым больш дзед сам не прасіў помачы, – ужо нат і не спадзяваўся на яе...... Болей »
За акном – цемрадзь. За акном – цішыня... Нават галінка ясакору, што настойліва церлася аб тоўстую шыбіну акна, напамінаючы пра сябе, аціхла, супакоілася... А то на нейкі момант блісне ў шыбы зыркае святло ад фар легкавушак, што ўязджаюць у вароты бальніцы, ды зноў сутонніцца ноч у двары. У акно кабінета... Болей »
– Тады скажыце, калі ласка, а вы самі ў той час дзе знаходзіліся, калі не сакрэт? Позірк у следчага спакойны, у шэрых вачах – абыякавасць, падобная на стому. Было ўражанне, што ён і папытаўся нехаця, яму і не трэба быў адказ. Бо ён яго ведаў загадзя. Кожны раз, калі прамаўляў свае пытанні, правае брыво... Болей »
Другі том выдання складаюць аповесці, апавяданні і нарыс пра родны горад Мазыр. Перапляценне розных жанраў – прытчы і казкі, фантасмагорыя і фантазія... Усё пераплецена і ўзаемазвязана, і ўсе творы пранізаны дабрынёй і шчырасцю, клопатам і занепакоенасцю будучым лёсам роднага краю; характары герояў выпісаны... Болей »
У першую кнігу аўтар уключыў два раманы – “Воляй абраны” і “Дамова на спакусу”. Першы раман – пра падзеі 1863-га года, пра вызвольнае паўстанне супраць расійскага царызму, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Пра каханне кіраўніка паўстання і яго нарачонай – Марыі Ямант. Аўтар паспрабаваў з вышыні сённяшняга... Болей »
Анатолия Юницкого – я знаю лет двадцать пять, если не больше. Первый раз мы с ним встретились в то время, когда я работал в молодёжной газете, и со своей коллегой Галиной Пшоник брали у Анатолия интервью. Он на то время был уже известным изобретателем, о нём писали в газетах. Мы долго сидели в гостиничной... Болей »