Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі


Палітычныя працэсы і ідэі зараз па мясцовых выбарах

1. Мясцовыя выбары 2003 году, як любая важная падзея ў палітычным жыцьці краіны, маюць як кароткатэрміновыя, так і сярэдне- і доўгатэрміновыя наступствы. З аднаго боку, пры цьвярозым падыходзе яны даюць уяўленьне аб цяперашнім стане палітычнай сцэны краіны, аб палітычных капіталах яе асноўных актараў і ўзроўні сацыяльнага даверу да іх. З другога, досьвед выбараў палітычныя сілы выкарыстоўваюць для ўдакладненьня ўяўленьня пра саміх сябе ў сыстэме наяўных палітычных адносінаў.

Палітычная сытуацыя ў краіне пярэдадню й падчас правядзеньня выбарчай кампаніі адрозьнівалася ад той, што настала па іх. Асабліва выразная перамена адбылася ў дзеяньнях улады. У перадвыбарную пару «добра наладжаны» дзяржаўны апарат мэтаскіравана працаваў на ўзгадоўваньне ў масах апатыі да палітыкі. Не рабілася нічога такога, што магло ўскалыхнуць грамадзтва, ці, кажучы Лукашэнкавымі словамі, «разгайдаць лодку, у якой мы ўсе плывем». Інфармацыйная, адукацыйная, культурная і г.д. палітыка рэжыму захоўвала пэўную прадказальнасьць і нават рацыянальнасьць. Усё адмянілася па выбарах. Здабыцьцё дэмакратычнымі сіламі толькі аднаго працэнту ад агульнага асабовага складу мясцовых Радаў было на версе праінтэрпрэтавана як пацьверджаньне сваёй легітымнасьці, свайго роду вотум усенароднага даверу, і адначасна як знак нарастаньня сацыяльнай дэлегітымізацыі сваіх палітычных апанэнтаў.

Да таго ж кожная палітычная кампанія такога кшталту высьвечвае вогнішчы грамадзянскага супраціву на палітычнай мапе краіны — па ёй улады добра ведаюць, куды і як біць. І ўжо ў сакавіку яны пачалі рыхтавацца да «канкрэтных разборак». Ключавое кадравае прызначэньне было зроблена на Дзень волі, калі замест Станіслава Князева, які адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году на пасадзе заступніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта (ён жа галоўны ідэоляг краіны) зьмяніў Уладзімера Замяталіна, быў прызначаны Алег Праляскоўскі. Зьдзяйсьняць палітыку быў пакліканы новы тып функцыянэра. Калі раней лукашэнкаўскія вылучэнцы нярэдка прызначаліся за прынцыпам «абы не зацьміць свайго патрона», г.зн. у іх віталася і выхоўвалася пасіўнасьць, безыніцыятыўнасьць, шэрасьць, мэханічная выканальнасьць, то ўзорны палітычны мэнэджэр узору вясны 2003 году — па сваёй прыродзе бяздушны цынічны тэхнакрат, які здольны з паўслова ўлоўліваць жаданьні свайго гаспадара, ганарыцца сваім характэрным напаўгэбісцкім-напаўвайсковым мінулым і з агеньчыкам брацца за выкананьне чорнай работы. Як паказалі далейшыя падзеі, Праляскоўскі стаў сапраўднай кадравай знаходкай: ён уяўляў сабой самаўпэўненага пагромшчыка, у яго не было той інтэлігенцкай мяккацеласьці Івана Пашкевіча, дзеля якой у 1998 годзе так і недаціснулі «Коласавага ліцэю», або творчай закасьнеласьці Станіслава Князева, які за год з гакам сваёй працы на чале старшыні камісіі па грамадзкіх аб’яднаньнях так і не пусьціў пад нож якога-кольвечы буйнога асяродку грамадзянскай супольнасьці.

Поўнай паралелі паміж прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году і мясцовымі 2003 быць, аднак, ня можа. Пасьля пазалеташняга верасьня «ахвярным казлом» для рэжыму перш-наперш стала эканамічная эліта. За тое, што яна замахнулася на сьвятое, на спаборніцтва з «усенародным» прэзыдэнтам за палітычную ўладу ў краіне — ёй давялося заплаціць дзясяткамі арыштаваных дырэктараў, публічным прыніжэньнем у дзяржаўных СМІ і, нарэшце, часовым аслабленьнем свайго палітычнага ўплыву. Сёлета бізнэс-эліта фактычна праігнаравала выбары, і вастрыё ўдару ў адказ прайшло паўзь яе. Мішэньню для агрэсіі стала грамадзянская супольнасьць, чый удзел у выбарчай кампаніі быў расцэнены ўладамі як замах на дзяржаўны лад і чый чарговы пагром адразу па выбарах быў запраграмаваны іх «перамогай» 2 і 16 сакавіка. Шляхам ліквідацыі буйных недзяржаўных аб’яднаньняў была сур’ёзна падарваная інфраструктура грамадзянскай супольнасьці. На інфармацыйным рынку платай ці, хутчэй, расплатай за сваю палітычную ангажаванасьць было прыпыненьне выхаду «Белорусской деловой газеты» (пра меншыя паскудзтвы згадваць ня будзем). У абсягу адукацыйнай сыстэмы, якая ў дэмакратычных эўрапейскіх краінах нясе адказнасьць за выхаваньне нацыянальнай эліты, канкурэнтаздольнай на сусьветных інтэлектуальных рынках, а таксама за прышчапленьне моладзі нацыянальнай ідэнтычнасьці і выразна празаходняга сьветапогляду, было ўчынена беспрэцэдэнтнае паводле значнасьці для нацыянальнай культуры злачынства — у адказ на палітызацыю свайго кіраўніцтва быў зьліквідаваны Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа (чый кіраўнік Уладзімер Колас, які фармальна займаў пасаду «намесьніка дырэктара», увесну 2003 быў адным з ініцыятараў стварэньня палітычнага блёку «За годнае жыцьцё», што аб’яднаў старую дэмакратычную эліту з ключавымі асобамі «парлямэнцкай фронды» накшталт Валер’я Фралова). Важкі ўдар быў нанесены і па замежных спонсарах беларускай дэмакратыі, да якіх прэзыдэнцкая адміністрацыя сёлета бадай упершыню залічыла Расею разам з Амэрыкай. Эпізод з брутальным закрыцьцём менскай філіі тэлекампаніі НТБ быў «ураўнаважаны» адмовай падоўжыць рэгістрацыю менскага бюро Прадстаўніцтва Рады міжнародных дасьледаваньняў і абменаў IREX.

У менскіх палітычных салёнах гэтыя падзеі зазвычай падаюцца не як зьвернутыя ў мінуўшчыну, г.зн. матываваныя апошнімі па часе палітычнымі баталіямі, а як скіраваныя ў будучыню, як прадвесьце будучага плебісцыту аб падаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Маўляў, пачалася кампанія прафіляктыкі антырэжымных выступленьняў, у межах якой «зачышчаюцца» вогнішчы грамадзкага супраціву*.

Само разьдзьмуваньне праблемы трэцяга тэрміну для Аляксандра Лукашэнкі незалежнымі мэдыямі цяпер набывае маштаб інфармацыйнай кампаніі. Аднак яно выглядае штучным і мэлядраматычным у прыватнасьці таму, што як ultima ratio тут выкарыстоўваюцца няясна адкуль узядзеныя сацыялягічныя зьвесткі, якія паказваюць катастрафічнае падзеньне рэйтынгу цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Ствараецца ўражаньне, што дэмакратычныя палітыкі адкрыта спаборнічаюць, хто зь іх назаве ніжэйшы рэйтынг Лукашэнкі. Пакуль усіх пераплюнуў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які ў нядаўнім інтэрвію «Белорусскому рынку» ацаніў яго ў 12,8%[1]. Зрэшты, як яшчэ прадказваць загібель рэжыму, які дэманструе зайздросную волю да палітычнай стабільнасьці і пэўную эканамічную эфэктыўнасьць, як не забойчымі сацыялягічнымі дадзенымі?

* Афіцыйная палітыка ў дачыненьні да дэмакратычнай супольнасьці пільнуецца адваротнай лёгікі: падчас агульнанацыянальных палітычных кампаніяў рэжым дэманструе пасіўнасьць і нават лібэральнасьць да сваіх палітычных апанэнтаў, трымае паўзу, якая па іх заканчэньні плаўна перацякае ў «закручваньне гаек», якое так бударажыць масавую сьвядомасьць.

Тым часам праблема трэцяга тэрміну мае для рэжыму чыста тэхнічны характар, вырашыць якую можна ня толькі плебісцытарным шляхам, але й пры дапамозе пастановы Канстытуцыйнага Суду, праз канстытуцыйны закон, прыняты марыянэткавым парлямэнтам, рэформу палітычна-адміністрацыйнага ўладкаваньня краіны і г.д. Няма сумневу, што пры наяўным палітычным раскладзе чарговае пераабраньне Лукашэнкі будзе для апошняга прыемным клопатам і найхутчэй адбудзецца гладка й ціха. Па лёгіцы рэчаў яго трэцюю кадэнцыю мае вітаць і Расея, бо тады легітымнасьць беларускага рэжыму ўваччу міжнароднай супольнасьці зьнізіцца і яму хоцькі-няхоцькі давядзецца ісьці на пэўныя саступкі Крамлю. Хаця крызыс легітымнасьці рэжыму на вонкавапалітычных рынках у такім выпадку будзе зноў-такі кампэнсаваны новым крэдытам «усенароднага даверу», а значыць, яго ўзмацненьнем унутры краіны.

Лёгіка палітычных паводзінаў афіцыйнага Менску (адмова прыватызаваць «Белтрансгаз» і іншыя аб’екты нацыянальнай энэргетыкі на расейскіх умовах, зрыў графіку ўвядзеньня расейскага рубля ў якасьці ўнутранага плацежнага сродку і г.д.) паказвае, што стратэгічную пагрозу для стабільнасьці створанага рэжыму ён бачыць вонках краіны, у агрэсіі расейскага прыватнага капіталу і ў русіфікацыі існуючай сыстэмы эканамічных адносінаў. Пахаладаньне ў расейска-беларускіх дачыненьнях улетку 2002 году выявіла натуральныя межы інтэграцыі, выйсьце за якія пагражае Беларусі крахам эканамічнага дабрабыту. Калі заваёва ўнутранага расейскага рынку стала складовай часткай беларускага эканамічнага цуду другой паловы 90-х, то яго ж страта пры ўзмацненьні эканамічнага дыктату Масквы абернецца непрадказальнымі наступствамі, дзеяньне якіх выйдзе далёка за межы эканомікі. Бедныя лукашэнкаўцы апынуліся паміж двух агнёў: з аднаго боку, згортваньне гаспадарчай каапэрацыі з Расеяй, ліквідацыя супольнай мытнай прасторы, пераход на сусьветныя цэны на энэрганосьбіты й транспартныя тарыфы зьмяце іх з палітычнай арэны, з другога боку, ператварэньне Беларусі, прынамсі ў эканамічным сэнсе, у 90 суб’ект Расейскай Фэдэрацыі зьвядзе на нішто перавагі, якія дае дзяржаўная незалежнасьць і палітычны кантроль над ёй. Ня лішне таксама будзе нагадаць, што Лукашэнкаў рэжым імкнецца кантраляваць усе бакі жыцьцядзейнасьці грамадзтва і нават саму магчымасьць разбурэньня дагэтулешняга балянсу сілаў у эканоміцы ўспрымае як замах на ўласную сувэрэннасьць. Таму другой паводле значнасьці прычынай пагрому грамадзянскай супольнасьці ўвесну-ўлетку 2003 году бадай трэба лічыць дэманстрацыю сілы перад галоўным вонкавым партнэрам — цяперашняй крамлёўскай адміністрацыяй і зьвязанымі зь ёй алігархічнымі групоўкамі.

2. З прыходам Праляскоўскага на сваю новую пасаду супадае далейшае выкрышталізоўваньне ідэйнай самасьвядомасьці лукашэнкаўцаў, якая дазваляе ім з чыстым сумленьнем і спакойным сэрцам зьдзяйсьняць акцыі, ад якіх кідае ў пот далёка не аднаго члена Таварыства беларускай мовы. Хаця першая публікацыя, пра якую пойдзе гаворка ніжэй, была падпісаная да друку за месяц да паявы Праляскоўскага ў АП, яна шмат у чым прадугадала кірунак ідэйнай эвалюцыі лукашызму. У сваёй працы[2] выкладчык магілёўскага ўнівэрсытэту Якаў Трашчанок пераглядае ідэйны зьмест традыцыйнай гістарыяграфіі, выкрывае ў ёй нацыяналістычныя адхіленьні, а таксама стараецца надаць цяперашняй палітыцы ўладаў гістарычную легітымізацыю, а самога Лукашэнку падаць выразьнікам гістарычнай волі сваёй нацыі. Навуковы дыскурс выданьня фармуецца наўкола «ідэйнага супрацьстаяньня з «нацыянал-экстрэмісцкімі інтэрпрэтацыямі гістарычнага шляху Беларусі» (с. 14, тут і далей пераклад мой — Аўт.), да якіх залічаюцца выданьні ад «Кароткай гісторыі Беларусі» Вацлава Ластоўскага і акадэмічных «Нарысаў гісторыі Беларусі» (1994 г.). Зрэшты, Трашчанкова творчая арыгінальнасьць у гэтым «супрацьстаяньні» найчасьцей зводзіцца да ажыўленьня ўстановак расейскай імпэрскай і савецкай каляніяльнай гістарыяграфіі, якія даўно ўжо набілі аскоміну (маленькая Літва заваявала вялікую Заходнюю Русь, сярэднявечная Маскоўшчына вабіла й прыцягвала ўсіх рускіх фэадалаў, якіх усё больш гняла «ўлада літоўскага князя», перабываньне праваслаўных Беларусі і Ўкраіны пасьля Крэўскай уніі ў складзе «каталіцкай дзяржавы» было «жахлівай супярэчнасьцю для сярэднявечнай сьвядомасьці», беларусы адвеку імкнуліся да ўзьяднаньня з Расеяй, да братняга адзінства з усёй Русьсю, БНР была нікім не прызнанай палітычнай дэклярацыяй купкі палітычных аўтсайдэраў, беларуская дзяржаўнасьць выводзіцца з абвешчанай 1 студзеня 1919 году ў Смаленску БССР і г.д.). На першы погляд, пра ідэйную навізну выданьня дазваляе гаварыць рэвізія трактовак, якія падзяляла савецкая гістарыяграфія 60—80 гг. XX ст. (цэнтральная постаць нацыянальнага руху XIX стагодзьдзя, Кастусь Каліноўскі, «паводле этнічнай самаідэнтыфікацыі» залічаецца ў «безумоўныя палякі», а таму «ніякіх аб’ектыўных падставаў ператвараць яго ў «нацыянальнага героя беларускага народу» не існуе» (с. 133); лідэры нацыянальнага руху пачатку XX ст. абвінавачваюцца (с. 156) у прадажніцтве, калябарацыянізьме (паводле аўтарскага азначэньня, «родавай хваробе беларускага нацыяналізму»), «адсутнасьці творчай арыгінальнасьці» і «прыслужніцтве акупантам»; сам нацыянальны рух вызначаецца як «вузкасэктанскі, абмежаваны» з «агрэсіўна-сэпаратысцкай накіраванасьцю» (с. 151—152), а яго «родавай» адзнакай прызнаецца крайняя малалікасьць; беларусізацыя 20-х гг. XX ст. расцэньваецца як «экстрэмісцкі сацыяльны экспэрымэнт» (с. 154) і г.д.). Але й гэта на добры лад ня што іншае, як перапевы савецкай гістарыяграфіі часоў сталінскага тэрору. Усьлед за савецкімі «гісторыкамі ў цывільным» слабасьць беларускага нацыяналізму Трашчанок тлумачыць прывілеяваным становішчам беларусаў у Расейскай імпэрыі як арганічнай галіны трыадзінага рускага народу, моцна ўкарэненым пачуцьцём усходнеславянскага адзінства і сацыяльнай нянавісьцю да сваіх эксплюататараў, а не прыродай аб’ектыўных перадумоваў яго ўзьнікненьня — асьветнай і культурнай палітыкай польскіх і расейскіх элітаў, а таксама той прыкрай акалічнасьцю, што Беларусь у вызначальным для эўрапейскіх нацыяналізмаў XIX ст. блізу цалкам апынулася ў зоне расейскай «культурнай адказнасьці», а не нямецкай ці скандынаўскай, як Прыбалтыка, або аўстра-вугорскай, як украінская Галіччына, дзеля чаго культурныя і інтэлектуальныя працэсы тут дзеяліся з куды меншай інтэнсіўнасьцю й сацыяльнай глыбінёй. Калі ж сталінская гістарыяграфія не надаецца (напрыклад, каб давесьці, што «ніякай пасьлядоўнай палітыкі русіфікацыі ў Расейскай імпэрыі не існавала» (с. 162)), спрытны Трашчанок ахвотна зьвяртаецца да расейскай «дакастрычніцкай» навукі, адкуль і чэрпае сваё натхненьне.

Гэтая кніга была напісаная не для таго, каб змагацца з «крайне малалікімі» нацыяналістамі ад гістарыяграфіі. У аўтарскім разуменьні яе місія значна больш велічная: на шырокім матэрыяле давесьці гістарычную пераемнасьць сучаснага палітычнага курсу. Пададзены тут праект нацыянальнай мінуўшчыны «згарманізаваны» з нацыянальнай сучаснасьцю: нацыя на пераломе XIX і XX ст. уяўляецца як супольнасьць, падзеленая на праваслаўную, прарасейскую бальшыню, якая ахвотна калябаруе з царскім рэжымам супраць тагачаснага Захаду (польскіх землеўладальнікаў), і зацыкленую на нацыянальным пытаньні каталіцка-шляхецкую меншыню (прычыны, зь якіх ідэі мадэрнага нацыяналізму сярод каталіцкай шляхты пашыраліся хутчэй, пакіненыя па-за ўвагай; сама гэтая шляхта ідэалягізуецца як сацыяльна дэструкцыйная праслойка, накшталт жыдоў у нацысцкай дактрыне або буржуазіі ў камуністычнай), якая ненавідзіць усё рускае й шукае падтрымкі для сваіх агрэсіўных плянаў па-за межамі так дарагой Трашчанку Расейскай імпэрыі. Як цяперашнія адраджэнцы ня грэбуюць заклікамі да «эканамічных санкцыяў супраць уласнай краіны» (с. 151), так і іх гістарычныя папярэднікі ідуць на «прамую службу ўзброенаму акупанту», пакладаюць надзеі «на вонкавыя антырасейскія і антыправаслаўныя сілы», з унутраным пад’ёмам сустракаюць у Вільні войскі нямецкага кайзэра і мараць аб аднаўленьні «каталіцкага Вялікага Княства Літоўскага». Усяго гэтага ня сказаш пра патрыярхальную бальшыню беларусаў, якая і сто гадоў таму на дух не пераносіла ідэі арганізаваць на сваёй мове школьніцтва («не сустрэла падтрымкі сялянства») і што ёсьць сілы змагалася з прымусовай беларусізацыяй («нацыянальныя заклікі беларускай каталіцкай інтэлігенцыі выклікалі ў асяродзьдзі праваслаўнага сялянства ... прамую варожасьць»).

Гісторыя ў трактоўцы Трашчанка фактычна ператвараецца ў касьцюмаванае шоў: мяняюцца эпохі, нараджаюцца і паміраюць ідэі, разбураюцца і наноў узьнікаюць дзяржавы, але нацыянальная сьвядомасьць беларусаў застаецца нязьменнай. Ад гэтага мяжа паміж гісторыяй і сучаснасьцю заціраецца, першая становіцца падрэтушаванымі карцінкамі другой, і наадварот. Тым ня менш трэба пахваліць Трашчанка за палітызацыю нацыянальнай гісторыі: яго рэвізія гістарыяграфіі ўва ўмовах параўнальна адкрытага інфармацыйнага грамадзтва здольная хіба толькі выклікаць новую хвалю зацікаўленьня беларусаў да сваёй мінуўшчыны.

Такія пісаньні могуць паўставаць толькі на інтэлектуальнай пэрыфэрыі краіны і наўрад ці будуць прызнаныя акадэмічнай навукай. Трашчанкоў сьветагляд таксама сьведчыць аб тым, што нацыяналістычныя ідэі пашырыліся ў Падняпроўі параўнальна слаба, а расейскія інфармацыйныя, культурныя й інтэлектуальныя ўплывы захоўваюць сілу. Было б добра, каб тамтэйшая нацыянальна сьвядомая публіка думала не пра тое, як вярнуць Смаленск і Пскоў, а як ідэйна асыміляваць Трашчанка й яму падобных.

Пакуль жа Трашчанок дзякуючы свайму палітычнаму канфармізму і інтэлектуальнаму сэрвілізму застаецца хутчэй ідэолягам-цемрашалам, чымся гісторыкам-прафэсіяналам. Ягонаму мысьленьню ўласьціва рыса, якую назваць «родавай траўмай лукашэнкаўскай ідэалёгіі» — навязьлівая палітызацыя моўнага пытаньня. Паводле Трашчанка, у адчужэньні нацыі ад нацыянальнай мовы няма нічога страшнага, паколькі так заўсёды й было, г.зн. гэтай хамскай мовай гаварыла сялянства, а не высакаадукаваная эліта накшталт Францішка Скарыны, які выдаў свае кнігі на «западнорусском языке XVI в.» (с. 78), або аўтараў Статуту ВКЛ 1588 году, які «быў выдадзены ў Літве на ўкраінскім (палескім) варыянце «рускай» мовы» (с. 83).

3. Якаў Трашчанок — не адзіны ідэоляг, які апошнім часам зрабіў важныя адкрыцьці ў галіне мовазнаўства. Працягнуць іх ланцуг узяўся журналіст газэты «Советская Белоруссия» Віктар Корбут (Мухін). Патэнцыйная чытацкая аўдыторыя Корбутавага пасланьня непараўнальна большая, мільённая, таму набор тэзысаў тут сугестыўны, разьлічаны на экспарт у масавую сьвядомасьць і хуткае засваеньне ёй.

Як і Трашчанок, аўтар зацемкі «Как всем угодить и никому не навредить»[3], тлумачыць сучасны стан мовы яе благой гісторыяй і для пачатку лічыць сваім маральным абавязкам праехацца па нацыяналістычнай гістарыяграфіі і прыпісаным ёй міце, што «литовские князья, начиная с Ягайлы, «размаўлялі» по-белорусски». Гэтага не было таму, што... тады не было й беларускай мовы. Яна (самому аўтару больш даспадобы тэрмін «литовско-русский язык») узьнікла ў сельскай мясцовасьці на беларускім усходзе адносна нядаўна, пару стагодзьдзяў назад ад зьмяшэньня гаворак і дыялектаў розных плямёнаў і народаў, тым часам як на захадзе краіны «яшчэ нядаўна» панавалі балцкія гаворкі. Зусім як і цяпер, у часы Рэчы Паспалітай у людзей адукаваных, жыхароў гарадоў і «тутэйшай палітычнай эліты», гэтая «смешанная литовско-русская речь» будзіла агіду, таму яны «никогда не говорили на языке простого народа» і карысталіся «общепонятным и общепризнанным литературным языком» («польским»).

Хай прафэсійныя навукоўцы ацэньваюць, колькі працэнтаў праўды нашкрабецца ў выказваньнях выпускніка менскага Ўнівэрсытэту культуры Корбута на тэму гісторыі й мовы. Нас жа цікавіць сам зварот да гісторыі: як афіцыйныя ідэолягі даводзяць гістарычную пераемнасьць сучаснага палітычнага курсу і культурных арыентацыяў цяперашняй палітычнай эліты. Лукашэнка становіцца роўным Ягайлу і Вітаўту Вялікаму дзякуючы арыстакратызму свайго духу і адмаўленьню ад перажыткаў плебэйскай культуры накшталт «литовско-русского наречия». Дарэчы, валтузьня з тэрмінамі для азначэньня паняцьця «беларуская мова» паказвае зацыкленасьць на моўным пытаньні саміх лукашэнкаўцаў. Не задаволіўшыся яе выцясьненьнем на край грамадзкага жыцьця, яны выраклі яе на страшную сьмерць — чвартаваць, г.зн. жыўцом разьдзяліць на чатыры часткі, даўшы ім вычварныя няўцямныя назовы — «западнорусского» або «литовско-русского языка», «полесского диалекта русского языка» ці, нарэшце, «смешанной литовско-русской речи».

4. Дырэктар акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства Аляксандар Падлужны ў адной з сваіх апошніх публікацыяў[4] канстатуе «бядотны стан літаратурнай мовы» і наагул схільны глядзець на яе лёс «толькі пэсымістычна». І вінаватыя ў гэтым перадусім самі носьбіты мовы, якія ў друку і масава парушаюць «артаграфічныя, лексычныя, словаўтваральныя, словазьмяняльныя і іншыя замацаваныя больш чым паўстогадовай практыкай нормы», ад чаго ў мове паўстае хаос, ад яе масава адварочваюцца людзі, а сама яна ня можа выконваць функцыяў дзяржаўнай. Падлужны не лянуецца пайменна назваць шкоднікаў і сабатажнікаў, якія задаюць тон гэтым разбуральным працэсам: гарадзенскага прафэсара Паўла Сьцяцка і менскага мовазнаўца Вінцука Вячорку, выдаўцоў часопіса «Дзеяслоў» і гісторыка Леаніда Лыча.

Каб ня быць абвінавачаным у поўнай тэндэнцыйнасьці, пад канец свайго опусу Падлужны такі называе яшчэ адну прычыну «бядотнага стану» літаратурнай мовы (нібыта з размоўнай усё ў парадку) — аказваецца, на ёй немагчыма забясьпечыць эфэктыўнасьці кіраваньня. Але палітыка — матэрыя тонкая й небясьпечная, і язык Падлужнага перастае хадзіць гладка, мысьленьне становіцца блытаным, пакідае многа загадак:

Палітычная эліта пайшла шляхам, шырока вядомым у краінах, якія пасля другой сусветнай вайны сталі на шлях самастойнага развіцця. Яны пачалі арыентавацца на аб’яўленне дзяржаўнай рускай мовы, якую насельніцтва краіны ведае значна лепш, чым літаратурную мову карэннай нацыі. Гэтая ідэя атрымала поўную падтрымку на Усебеларускім рэферэндуме па гэтым пытанні (с. 90).

Адзіная ў сваім родзе лукашэнкаўская палітыка выцясьненьня нацыянальнай мовы з публічнага ўжытку тут падаецца як нармальны, гістарычна непазьбежны працэс, які мае свае аналёгіі ў іншых краінах. Але ўвесь фокус палягае ў тым, што гэта няпраўда ад пачатку і да канца. На прасторы СНД існуюць толькі дзьве краіны, дзе разам з нацыянальнай дзяржаўнай прызнаная расейская мова — Беларусь і Кіргізія, але толькі ў нас дыскрымінацыя носьбітаў нацыянальнай мовы набыла форму добра прадуманай і заканадаўча забясьпечанай дзяржаўнай палітыкі. Гэты пункцік высьвечвае яшчэ адну «родавую траўму» лукашэнкаўскай ідэалёгіі — усьлед за марксізмам-ленінізмам яна прэтэндуе на статус унівэрсальнага вучэньня, пацьверджанага аб’ектыўнай хадой гісторыі, хоць у сапраўднасьці застаецца эклектычным спараджэньнем «нячыстага розуму» — мяшанкай з культурных комплексаў, палітычных сьлёганаў і псыхічных траўмаў тутэйшых хлопцаў.

І яшчэ пару словаў пра Падлужнага. Яго абвінавачаньне «носьбітаў літаратурнай мовы» ў разбурэньні й заняпадзе мовы амаральнае хаця б таму, што цяпер наша мова жыве, г.зн. будзіць у грамадзтве дыскусіі, толькі дзякуючы тым, хто гэтую мову ўжывае (хай сабе кажучы «кляса» або «сытуацыя»), а ня тым, чые стаўленьне да яе абмяжоўваецца публічнымі кпінамі й пахабнымі насьмешкамі.

Беларускамоўныя беларусы выконваюць вельмі важную для грамадзтва працу — яны не даюць яму заставацца такім, якім яно было апошнія дзесяцігодзьдзі. Трэба пабываць у скуры беларускамоўнага беларуса, каб на сабе адчуць, наколькі наша грамадзтва прасякнута ксэнафобіяй, моўнай і культурнай нецярпімасьцю, і які патэнцыял агрэсіі крыецца ў ім.

Тое, што найменшыя спробы ўплываць на культурную ідэнтычнасьць беларусаў успрымаюцца афіцыйнымі ідэолягамі як замах на нацыянальнае адзінства, паказвае, якая нацыя патрэбная ўладам. Ідэалёгія разьвітага лукашызму па сутнасьці зводзіцца да трыяды «адзін гаспадар краіны», «адна культура» і «адна мова» і тым самым да недапушчэньня моўнай і культурнай разнастайнасьці грамадзтва. У найбліжэйшыя гады нас чакае працяг дзяржаўнай палітыкі выцясьненьня беларускай мовы з публічнага ўжытку* і крах апошніх ілюзіяў, што гэтая дзяржава можа быць беларусізатарам грамадзтва.

* Паводле зьвестак старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, калі ў 2000 годзе «беларускамоўнымі» былі 10,3% усіх даступных тэлевізійных перадачаў (за выняткам кабэльнага і спадарожнікавага тэлебачаньня), то сёлета гэты працэнт зьнізіўся да 7,9% (Радыё Свабода, 16 ліпеня 2003 году).

***

Аналізы, зьмешчаныя ў гэтай кнізе, і тэматычна, і эмпірычна выходзяць за межы сёлетніх выбараў, бо яе стваральнікі ставілі сабе за мэту асэнсаваць таксама найноўшую палітычную гісторыю краіны. Аўтарам часта не ўдавалася дасягнуць супадзеньня пазыцыяў па адной і той жа праблеме, таму апошняя выснова хай застанецца за чытачом.

1 Белорусский рынок. 2003. 14 ліпеня.

2 Трощенок Я.И. История Беларуси. Часть 1. Досоветский период. Учебное пособие. Могилев: МГУ имени А.А. Кулешова, 2003.

3 Советская Белоруссия. 2003. 16 траўня.

4 Мова: сучаснасць і будучыня // Беларуская думка. № 4. 2003. с. 86—91.