Так сказаў Заратустра

Кніга ўсім і нікому

Ніцшэ Фрыдрых


Другая частка

«...і толькі тады, калі вы адкінеце мяне, я вярнуся да вас. Сапраўды, братове мае, іначай шукацьмуць вас, страчаных мною, мае вочы; іншай любоўю тады любіцьму я вас».
Заратустра. Пра цноту, якая адорвае

Дзіця з люстэркам

Пасля гэтага Заратустра зноў адышоў у горы, у самотнасць пячоры сваёй, у адлюдненасць: так чакае сейбіт, пасеяўшы сваё насенне. А яго душа была ўся ў нецярплівасці і палкай тузе па тых, каго ён палюбіў, бо шмат чаго яшчэ было ў яго, каб даць ім. А гэта цяжэй за ўсё: з любові паціскаць адкрытую руку і, адараючы, захоўваць сарамлівасць.

Так праходзілі ў самотніка месяцы і гады; а мудрасць яго ўсё расла і прыносіла яму пакуты ад сваёй поўніцы.

Аднойчы ён прачнуўся на досвітку, доўга нешта ўспамінаў, седзячы на ложку, і нарэшце так сказаў свайму сэрцу:

«Што ж так напалохала мяне ў сне, што я аж прачнуўся? Ці не падышло да мяне дзіця з люстэркам?

«Заратустра, — сказала дзіця мне, — зірні на сябе ў люстэрку!»

Але паглядзеўшы ў люстэрка, я ўскрыкнуў, і сэрца маё скаланулася: не сябе я пабачыў у ім, а д'ябальскую морду і з'едлівы смех.

Сапраўды, я ясна разумею азнаку майго сну і перасцярогу: маё вучэнне ў небяспецы, жыціца хоча звацца жытам!

Мае ворагі ўмацаваліся і знявечылі вобраз майго вучэння, так што мае любасныя вучні пасаромеліся дарункаў, якія ім даў я.

Я страціў сяброў сваіх; настала часіна шукаць, каго я страціў».

З гэтымі словамі Заратустра ўскочыў, але не так, як, задыхаючыся, ускокваюць у страху, а як прарок і спявак, калі ён ахоплены натхненнем. Са здзіўленнем глядзелі на яго арол і змяя, бо, як ранішняя зара, на яго твары заззяла будучае шчасце.

«Што са мной сталася, звяры мае? — сказаў Заратустра. — Ці не перамяніўся я? Ці не наведала мяне, як подых буры, шчасце?

Неразумнае шчасце маё, і неразумнае ўсё, што пачне выказваць яно: занадта яшчэ маладое маё шчасце — будзьце ж паблажлівыя да яго.

Я паранены сваім шчасцем: усе пакутнікі няхай стануць маімі гаіцелямі!

Зноў я змагу сысці да сваіх сяброў, а таксама і да ворагаў! Заратустра зноў будзе гаварыць, і дарыць, і тварыць любоў любасным!

Мая нецярплівая любоў патокамі выліваецца з вышыняў у даліну, да ўзыходжання і падзення. З маўклівых гор і з навальнічных хмар болю бурліва ападае яна ўніз, у даліны.

Занадта доўга сумаваў я, гледзячы ўдалечыню. Занадта доўга належаў адлюдненасці: так я развучыўся маўчаць.

Я ўвесь зрабіўся вуснамі і цурчаннем ручая, які бяжыць з высокіх скал: у даліну хачу я скінуць казань сваю.

І хай паток маёй любові спадае ў бездараж! Бо як жа патоку не знайсці дарогі да мора!

Праўда, ёсць ува мне возера, пустэльнае і самадастатковае; але паток маёй любові і яго парывае ўніз — да мора!

Новымі дарогамі іду я, новыя казані нараджаюцца ўва мне; як і кожны, хто стварае, стаміўся я ад старых слоў. Не хоча мой дух больш хадзіць на стаптаных падэшвах.

Занадта павольна цячэ для мяне любая казань: на тваю калясніцу ўскокваю я, о бура! Але і цябе яшчэ буду бічаваць маёй лютасцю!

Нібы крык і вокліч радасці, прамчуся я па марскіх прасторах, пакуль не знайду тых шчасных выспаў, дзе жывуць мае сябры!..

І ворагі мае сярод іх! Як я люблю цяпер кожнага, з кім магу гутарыць! І ворагаў маіх — іх таксама прымае шчаснасць мая.

І калі я ўскокваю на сама наравістага свайго каня, мой найлепшы памочнік дзіда: яна — сама надзейная служка мая.

Дзіда, якую я кідаю ў сваіх ворагаў! Як я ім удзячны, што магу нарэшце кінуць дзіду!

Вялікае было напружанне маёй хмары: пад грамовы рогат маланак я асыплю градам даліны.

Магутна захвалююцца мае грудзі, грознай бураю праляціць па гарах іх подых: так прыйдзе палёгка сэрцу.

Сапраўды, як бура, ідзе маё шчасце і свабода! А ворагі няхай думаюць, што нехта ліхі лютуе над іх галовамі.

І нават вы, сяброве мае, збаіцеся маёй неацуглянай мудрасці; і, магчыма, уцечаце, з маімі ворагамі.

О, калі б я мог пастушынай жалейкаю адклікаць вас назад! О, калі б мая мудрасць-ільвіца навучылася рыкаць пяшчотна! А мы ж разам ужо шмат чаго навучыліся!

У бязлюдных гарах зачала мая дзікая мудрасць; на жорсткіх камянях нарадзіла яна сваё сама малое дзіця.

Цяпер, як шалёная, носіцца яна па пустыні і ўсё шукае мяккага дзёрну — мая старая дзікая мудрасць!

На мяккае дзярно вашых сэрцаў, сяброве мае! — на любоў вашых сэрцаў яна прагне пакласці сваё любаснае дзіця!»

Так сказаў Заратустра.

На шчасных выспах

Смоквы падаюць з дрэў сакавітыя і салодкія; і пакуль яны падаюць, лопаецца іх чырвоная скурка.

Паўночны вецер я спелым смоквам.

Дык вось, як і смоквы, дастаюцца нам гэтыя павучанні, сяброве мае: дык піце з іх сок і ежце іх салодкую плоць! Восень навокал, і яснае неба, і дзень на ўшчэрбе.

Паглядзіце, якая багаціна вакол нас! І як хораша глядзець з гэтага багацця ў далячыні марскія!

Калісьці казалі «Бог», гледзячы ў марскую далеч; а сёння я вучу вас казаць «Звышчалавек».

Бог — гэта нейкая здагадка; але я не хачу, каб ваша здагадка сягала далей за вашу творчую волю.

Ці маглі б вы стварыць Бога? — Дык памаўчыце мне лепей пра ўсіх багоў! А Звышчалавека стварыць вы маглі б.

Можа, нават не вы самыя, братове мае! Але перарабіць сябе ў бацькоў і продкаў Звышчалавека можаце, — гэта быў бы ваш сама лепшы твор?..

Бог — гэта здагадка; але я хачу, каб ваша меранне было ў граніцах памыснага.

Маглі б вы змысліць Бога? — Але воля да ісціны азначала б вам, што ўсё павінна пераўтварыцца ў па-чалавечы памыснае, па-чалавечы бачнае і па-чалавечы адчувальнае! Вашы ўласныя пачуцці павінны вы прадумаць да канца!

І тое, што называеце вы светам, павінна быць спачатку створана вамі: ваш розум, ваша ўяўленне, ваша воля, ваша любоў павінны зрабіцца светам! І сапраўды, для вашай шчаснасці, о спазнаўцы!

І як бы вы пераносілі жыццё без гэтай надзеі, вы, спазнаўцы? Нельга вам зрадніцца ні з неспасцігальным, ні з неразумным.

Але адкрыю вам цалкам сваё сэрца, сяброве мае: калі б багі існавалі, як бы я вытрываў, што я не Бог! Значыцца, ніякіх багоў няма.

Вось такую выснову зрабіў я; і цяпер яна мяне вабіць...

Бог — гэта здагадка; але хто выпіў бы ўсю пакуту гэтай здагадкі і не памёр бы? Няўжо трэба адабраць веру ў таго, хто творыць яе, забараніць арлу лунаць у арліных вышынях?

Бог — гэта думка, якая ўсё простае робіць крывым і ўсё, што стаіць — каб круцілася. Як? Значыцца, і сам час адкінуць, і ўсё, што мінушчае, лічыць маною?

Думаць такое — гэта віхура і крутня касцей чалавечых і ваніты страўніка: сапраўды хваробай крутні я называю такія загадкі.

Пахібным і варожым чалавеку я называю гэта вучэнне пра адзінае, і цэльнае, і нерухомае, І сытае, і нязбытнае!

Усё нязбытнае — гэта толькі сімвал! А паэты занадта многа ілгуць...

А пра час і станаўленне павінны гаварыць сама высокія сімвалы: яны павінны хваліць усё збытнае і быць апраўданнем яму!

Стварэнне — гэта найбольшае збавенне ад цярпенняў і палёгка жыцця. Але каб явіўся стваральнік, патрэбныя цярпенні, і многае ў жыцці павінна перамяніцца.

Так, шмат горычы памірання павінна быць у вашым жыцці, стваральнікі! Так рабіцеся заступнікамі збытнага і нясіце апраўданне яму.

Каб сам стваральнік зрабіўся дзіцём, якое толькі што нарадзілася, яму трэба зрабіцца парадзіхай і перацерпець пакуты яе.

Праўду кажу вам, праз сотні душ прайшоў я дарогай сваёй, праз сотні калысак і радзільных патугаў. Колькі разоў расставаўся я і ведаю апошнія гадзіны родавых енкаў.

Але так ужо хоча мая стваральная воля, мой лёс. Альбо, слушней будзе сказаць, менавіта такога лёсу хоча мая воля!

Усё адчувальнае ўва мне пакутуе, яно ўвязнена ў цямніцу; але маё жаданне пастаянна прыходзіць да мяне як вызваліцель і вяшчун радасці.

Жаданне вызваляе: вось сапраўднае вучэнне пра волю і свабоду — так вучыць вас Заратустра.

Больш-не-хацець, больш-не-ацэньваць, больш-не-ствараць! — о, калі б гэтая вялікая стома была заўсёды далей ад мяне!

Нават спазнаючы, я адчуваю толькі радасць волі маёй, радасць зачацця і станаўлення; і калі спазнанне маё нявіннае, дык таму, што жыве ў ім воля да зачацця.

Прэч ад Бога і ад усіх багоў вабіла мяне гэтая воля; навошта было б ствараць, калі б яны існавалі!

Але зноў і зноў мяне цягне да людзей, да творчасці — мая палымяная творчая воля; так цягне молат да каменя.

О людзі, у камені дрэмле мне вобраз, вобраз маіх вобразаў! О, чаму ў сама грубым і неачасаным камені наканавана яму спаць!

Цяпер жа мой молат шалёна руйнуе ягоную вязніцу. Ад каменя ляцяць асколкі: што мне да таго?

Я хачу закончыць пачатае, бо цень падышоў да мяне — сама ціхі, сама лёгкі цень аднаго разу падышоў да мяне!

Ценем прыйшла да мяне прыгажосць Звышчалавека. О братове мае! Што мне цяпер багі!»

Так сказаў Заратустра.

Пра мілажальных

Сяброве мае, пакеплівыя словы дайшлі да вашага сябра: «Падзівіцеся на Заратустру! Ці ж не ходзіць ён сярод нас, бы сярод звяроў?»

Але лепей сказаць так: «Той, хто спазнае, ходзіць сярод людзей, як сярод звяроў».

А сябе чалавек называе таму, хто спазнае: звер з чырвонымі шчокамі.

Як такое сталася ў яго? Ці не таму, што яму даводзіцца часта саромецца?

О, сяброве мае! Так гаворыць той, хто спазнае: «Сорам, сорам і сорам — вось гісторыя чалавека!»

І таму высакародны пастанаўляе сабе не сарамаціць: сарамлівасць ён пакідае сабе, саромецца перад усімі пакутнікамі.

Сапраўды, я не люблю мілажальных, святашчасных у сваім мілажалі: надта ж бо пахібныя яны ў сваім сораме.

Калі я павінен быць мілажальны, дык не хачу, каб мяне такім называлі; а ўжо калі я мілажальны, дык толькі на адлегласці.

Я лепей накрываю сваю галаву і ўцякаю прэч раней, чым пазнаюць мяне; і я заклікаю вас рабіць гэтаксама, сяброве мае!

Няхай лепей доля мая вядзе па дарозе тых, якія, як і вы, ніколі не пакутуюць, і з тымі, з кім я змагу падзяліць надзею, бяседу і мёд!

Сапраўды, я дапамагаў так ці іначай пакутнікам; але мне заўсёды здавалася лепшым навучыцца радавацца.

З таго часу, як жывуць людзі, надта мала радаваўся чалавек; толькі гэта, братове мае, ёсць спадчынны грэх!

І калі мы навучымся больш радавацца, дык так мы найлепей развучымся крыўдзіць іншых і выдумляць розныя цярпенні.

Таму я ўмываю рукі, якія памагалі пакутніку, таму я таксама ачышчаю і сваю душу.

Бо тое, што я мілажальна глядзеў на пакутніка, змушае мяне саромецца праз сорам ягоны; і калі я памагаў яму, дык гэта горка пакрыўдзіла гонар ягоны.

Вялікая запабеглівасць не робіць удзячным, а толькі ахвочым да помсты; і калі дробная дабрачыннасць не забываецца, дык, як чарвяк, точыць.

«Будзьце раўнадушныя, прымаючы што-небудзь! Рабіце гонар ужо тым толькі, што прымаеце» — так я раю тым, каму няма чым аддарыць.

Але я — дару: я ахвотна дару, як сябар дорыць сваім сябрам. А чужыя і бедныя няхай самі рвуць плады з майго дрэва: гэта не так сорамна.

А жабракоў след было б зусім звесці! Сапраўды, непрыемна і даваць ім і не даваць.

А разам з імі грэшнікаў, і каго грызе сумленне! Паверце мне, сяброве мае: згрызоты сумлення вучаць кусаць.

Але сама горшае — дробныя змыслы. Сапраўды, лепей рабіць ліхое, чым мець дробныя змыслы!

Хоць вы і кажаце: «Асалода ад дробных змыслаў ухіляе нас ад буйных ліхадзействаў». Аднак у гэтым выпадку не варта разменьвацца на дробязі.

Ліхадзейства — як скула: яно свярбіць, і чэшацца, і нарывае — яно заяўляе пра сябе сумленна.

«Глядзі, я — хвароба» — так кажа ліхадзейства; у гэтым яго сумленнасць.

А нікчэмны намысел падобны да грыбка: ён паўзе, пранікае, стараецца, каб яго не ўбачылі, — пакуль усё цела не струхлее і не зжухне ад гэтых драбнюткіх істотаў.

А таму, хто апантаны нячыстым, я кажу гэта слова на вуха: «будзе лепей, калі твой чорцік праявіцца чортам, — памажы яму! І ў цябе яшчэ ёсць дарога да велічы!..»

О братове мае! Пра кожнага з нас вядома занадта многа! Многія робяцца для нас празрыстымі, але мы яшчэ доўга не можам пранікнуць праз іх толькі па гэтай прычыне.

Цяжка жыць з людзьмі, бо цяжка маўчаць. І найбольш мы несправядлівыя не з тымі, хто нам агідны, а з тымі, да каго мы ніяк не дачыняемся.

А калі ў цябе ёсць сябар-пакутнік, дык стань яму месцам супакаення, але адначасова і мулкім ложкам, паходным ложкам: так ты найлепей дагодзіш яму.

І калі сябар учыніць табе ліхое, скажы так: «Я дарую табе за тое, што ты мне ўчыніў; але як дараваць за ліха, якое ты гэтым учынкам зрабіў сабе?»

Так гаворыць вялікая любоў: яна адольвае і дараванне, і шкадаванне.

Трэба стрымліваць сваё сэрца; бо варта толькі даць патуранне яму, як страціш галаву!

О, дзе ў свеце хто нарабіў большага глупства, як мілажальнікі? І што ў свеце спрычыніла болей пакут, чым дурасць мілажальных?

Гора тым, якія любяць, але яшчэ не дасягнулі вышыні, якая вышэй за іх мілажаль!

Сказаў мне аднаго разу д'ябал: «І ў Бога ёсць сваё пекла: гэта ягоная любоў да людзей».

А нядаўна я чуў ад яго: «Бог памёр; ад мілажальнасці да людзей памёр Ён».

Дык вось, я засцерагаю вас ад мілажальнасці: адсюль сунецца на людзей чорная хмара! Паверце, я разбіраюся ў прыкметах надвор'я!

Дайце ўвагі і такому слову: усякая вялікая любоў вышэйшая за ваш спагадны мілажаль, бо яна яшчэ мусіць стварыць тое, што любіць.

«Сябе самога прыношу я ахвяраю любові, і блізкага майго, як і сябе» — так гавораць стваральнікі.

Але ўсе стваральнікі жорсткія».

Так сказаў Заратустра.

Пра святароў

Аднаго разу Заратустра даў знак сваім вучням і сказаў такія словы:

«Вось святары: і хоць яны ворагі мае, спакойна ідзіце міма іх, і хай вашыя мячы спяць!

І сярод іх ёсць героі; многія з іх адпакутавалі ўдосыць: таму яны хочуць, каб і іншыя пакутавалі.

Злыя ворагі яны: нішто так не помсціцца, як іхняя пакорлівасць. І лёгка апаганьваецца той, хто чапае іх.

Але мая кроў зродненая з іхняй; я хачу, каб мая кроў шанавалася і праз іхнюю...»

І калі яны прайшлі міма, горыч агарнула Заратустру; нядоўга змагаўся ён са сваім болем, і прамовіў так:

«Шкада мне гэтых святароў. Яны вельмі мне не да густу; але мне гэта мала абыходзіць з таго часу, як я сярод людзей.

Але я пакутую і пакутаваў з імі: яны палонныя, мечаныя. Той, каго называюць Збаўцам, закаваў іх у аковы...

У аковы фальшывых каштоўнасцяў і аблудных слоў! О, калі б збавіў іх хто-небудзь ад гэтага Збаўцы!

Яны думалі, што высадзіліся на шчасным востраве, калі навакол бушавала мора; але глядзіце, гэта была пачвара, якая яшчэ спала.

Фальшывыя каштоўнасці і аблудныя словы: гэта сама горшыя пачвары ў смяротных: доўга спіць і чакае ў іх наканаванне.

Але нарэшце прачынаецца, жарэ і глытае тых, што паставілі на ім свае буданы.

О, паглядзіце толькі на тыя буданы, што паставілі святары! Цэрквамі называюць яны свае лёхі з салодкімі пахошчамі.

О, гэта сфальшаванае святло, гэта непрадыхлівае паветра! Тут, дзе душы трэба лунаць у вышынях, узляцець ёй не дазволена!

Але так ім наказана паводле веры: «На калені, угору па лесвіцы, грэшнікі!»

Сапраўды, лепей пабачыць бессаромнага, чым вылупленыя вочы іх сораму і багавейнасці!

Хто ж стварыў гэтыя лёхі і лесвіцы каяння? Ці не тыя, што хацелі схавацца і саромеліся яснага неба?

І толькі калі яснае неба прагляне праз дзіравыя дахі, а разваленыя сцены зарастуць травою і чырвоным макам — толькі тады захоча маё сэрца звярнуцца да котлішчаў гэтых багоў.

Яны назвалі Богам тое, што супрацьстаяла і мучыла; і праўда, шмат гераічнага было ў гэтым пакланенні!

І не ведалі яны, як інакш ім любіць свайго Бога, як толькі крыжуючы людзей!

Яны думалі пражыць мерцвякамі, у чорнае апраналі яны сваіх нябожчыкаў; і нават у прамовах іхніх унюхваю я паганы смурод склепа.

І хто жыве паблізу іх, той жыве каля чорных сажалак, дзе жабы выспеўваюць саладжавую скруху сваю.

Лепшыя песні мусілі б спяваць яны мне, каб я навучыўся верыць у іхніх Збаўцаў: збавёнымі меліся б выглядаць іхнія вучні!

Голых хацеў бы я ўбачыць іх, бо толькі прыгажосць павінна прапаведаваць каянне. А каго пераканае гэтая закукленая ў чорнае нудота?

Далібог, іх збаўцы самі з'явіліся не са свабоды і не з сёмага неба! Далібог, яны самі ніколі не ступалі па дыванах спазнання!

З прагалаў складаецца дух іх збаўцаў; але ў кожную пустую раміну ўставілі яны сваю хімеру, сваю затычку, якую назвалі Богам.

У спагадзе захлынуўся іхні дух, і калі яны брыняюць ад яе, наверх заўсёды выплывае вялікае глупства.

Старанна пакрыкваючы, гналі яны статак па кладцы: нібыта ў будучыню толькі адна дарога! Далібог, і гэтыя пастухі не больш чым авечкі!

Шырокая душа і малы дух у гэтых пастухоў; але, братове мае, нават сама шырокая душа — якая ж убогая яна паша!

Крывавыя знакі пакідалі яны на дарозе, якою ішлі, і іхняе глупства вучыла, што праўда даказваецца толькі крывёю.

Але кроў — найгоршае сведчанне праўды; кроў затручвае сама чыстае вучэнне, робіць з яго аблуду і нянавісць сэрца.

І калі хто ідзе за сваё вучэнне на вогнішча — што даказвае гэта! Больш пераканаўча, калі з твайго полымя паўстане тваё вучэнне!

Адурманенае сэрца і халодная галава: калі яны злучаюцца, узнікае смерч — «Збаўца».

Калісьці былі сапраўды больш велічныя і высакародныя, чым тыя, каго люд называе збаўцамі, якія сілай смерчу ўцягвалі за сабою!

І вы мусіце, братове мае, знайсці збавенне ад яшчэ большых збаўцаў, магутнейшых, калі толькі хочаце знайсці дарогу да свабоды!

Яшчэ ніколі не было Звышчалавека. Бачыў я голых абодвух — і сама велічнага чалавека, і сама мізэрнага...

Надта ж бо падобныя яны паміж сабою. Далібог, нават у сама Вялікім знайшоў я залішне Шмат чалавечага!»

Так сказаў Заратустра.

Пра цнатлівых

Громам і нябеснымі феерверкамі трэба гаварыць да вялых і санлівых пачуццяў.

Але голас прыгажосці гаворыць ціха: ён пранікае толькі ў сама разбуджаныя душы.

Ціха трымцеў і смяяўся сёння мой шчыт; гэта прыгажосці святы смех і трымценне.

З вас, цнатліўцы, смяялася сёння мая прыгажосць. І чуўся мне голас яе: «Яны яшчэ хочуць, каб ім заплацілі!»

Вы, цнатлівыя, хочаце, каб вам яшчэ й заплацілі! Хочаце платы за цноту, і неба за зямлю, і вечнасць за вашае «сёння»?

І цяпер абураецеся мною, калі я вучу, што няма таго, хто плаціў бы? І сапраўды, я нават не вучу, што цнота сама па сабе ўжо ёсць плата.

Ах, вось што мяне засмучае: за аснову ўсіх рэчаў прымаецца ілжа — плата і кара, а цяпер гэта ўсё і ў аснове вашых душаў, цнатліўцы!

Але, як дзіковыя іклы, словы мае распоруць асновы вашых душаў; я хачу быць вам плугам.

Усё запаветнае вашых асноваў павінна выйсці на святло; і калі ўспоратыя і зламаныя вы будзеце ляжаць на сонцы, ваша ілжа аддзеліцца ад праўды.

Бо ваша праўда вось у чым: вы надта чыстыя для бруду такіх слоў, як помста, кара, плата, адплата.

Вы любіце вашую цноту, як маці сваё дзіця; але дзе вы такое чулі, каб маці хацела платы за сваю любоў?

Тое, што вы ў сабе любіце найбольш, якраз і ёсць ваша цнатлівасць. У вас ёсць прага колца: каб дагнаць само сябе, дзеля гэтага круціцца і абарочваецца кожнае колца.

І на зорку, якая ўжо гасне, падобныя ўсе ўчынкі вашае цноты; святло яе недзе яшчэ ў дарозе і блукае ў прасторы, — і калі ж яно ўжо будзе не ў дарозе?

Так і святло вашае цноты ўсё яшчэ ў дарозе, нават калі ўчынак ужо адбыўся. Хай сабе ён ужо забыўся, ужо мёртвы: святло яго ўсё яшчэ блукае ў прасторы.

Каб жа цнотнасць ваша стала вашай Самасцю, а не чым-небудзь пабочным, абалонкай, покрывам: гэта ёсць праўда глыбіняў вашай душы, дабрадзеі вы мае!

Вядома, ёсць і такія, у каго цнатлівасць — гэта сутарга пад бічом: іх ляманту вы ўдосыць наслухаліся!

Ёсць і яшчэ іншыя, у якіх цнатлівасць — гэта лянота іх заганаў: і кожнага разу, калі іхняя нянавісць і зайздрасць соладка пазяхаюць, прачынаецца ў іх «справядлівасць» і працірае заспаныя вочы.

А тых цягне ўніз: гэта іх спакушае іхні ж д'ябал. Але чым больш яны апускаюцца, тым большым жарам гараць у іх вочы і тым большая ў іх пажада да Бога.

Ах, і такі лямант дайшоў да вашых вушэй, цнатліўцы. «Што не я, тое і ёсць мой Бог і цнота!»

Ёсць яшчэ і такія, якія ледзьве рухаюцца, ды яшчэ і скрыпяць, бы калёсы, накладзеныя цяжкім каменнем: гэтыя шмат гамоняць пра годнасць і дабрачыннасць — свае тармазы яны называюць цнотаю!

Ёсць яшчэ і такія, што падобныя на будзільнік, які ўжо заведзены; яны адстукваюць свае «цік-так» і хочуць, каб цнотаю называлі іхняе «цік-так».

Вось ужо хто-хто, а гэтыя распацешылі мяне: дзе толькі знайду такі гадзіннік, буду накручваць яго сваімі кпінамі; хай пры гэтым яны яшчэ й ціктакаюць мне.

А іншыя ганарацца прыгаршчамі сваёй справядлівасці і прагнуць за гэта, каб ім дазвалялася ўсё і ва ўсім: каб аж увесь свет захлынуўся ў сваёй несправядлівасці.

Ах, як паскудна гучыць у іх вуснах слова «цнота». І калі яны кажуць: «я справядлівы», дык гэта заўсёды гучыць, як: «я адпомшчаны!»

Сваёй цнотаю яны сваім ворагам вочы выдралі б; і яны ўзвышаюцца толькі, каб прынізіць іншых.

І зноў жа ёсць такія, якія загразлі ў сваім балоце і гавораць праз чарацінку: «цнота — гэта каб ціха сядзець у багне.

Мы нікога не кусаем і саступаем дарогу куслівым; і ва ўсім трымаемся думкі, як нас навучылі».

І зноў жа ёсць такія, што любяць выстаўляцца і думаюць: цнота — гэта пэўным чынам рухацца.

Іх калені заўсёды сагнутыя, і рукі іх складзены на малітву за цноту, а іх сэрца нічога пра тое не ведае.

І зноў жа ёсць такія, якія лічаць за цноту казаць: «цнота патрэбная»; а па сутнасці, яны думаюць, што патрэбная толькі паліцыя.

А некаторыя, не ўмеючы разгледзець у чалавеку высокае, лічаць за цноту бачыць зблізку і нізкасць: так яны цнотаю лічаць сваё сурочлівае вока.

А некаторыя ж хочуць адукавацца ды ўзвысіцца і гэта называюць цнотай: іншыя хочуць адмовіцца ад усяго і быць скінутымі, і таксама называюць гэта цнотай.

І вось амаль усе такія думаюць, што маюць сваю долю ў цноце; і кожны хоча сама мала лічыцца знаўцам «дабра» і «зла».

Але не на тое прыйшоў Заратустра, каб сказаць усім гэтым хлусам і дурням: «Што вы ведаеце пра цноту! Што вы можаце ведаць пра цноту!..»

А каб вы, сяброве мае, стаміліся ад старых слоў, якіх вы навучыліся ад дурняў і хлусаў: ад слоў: «плата», «адплата», «кара па справядлівасці»...

Каб стаміліся казаць: «учынак добры, у ім няма сябелюбнасці».

Ах, сяброве мае! Каб жа вашая Самасць была ва ўчынках, як маці ў дзіцяці: вось гэта хай будзе вашым словам пра цноту!

Сапраўды, я забраў у вас, мусіць, сотню слоў і любімыя цацкі вашае цноты; і вось вы сярдуеце на мяне, як малыя.

Яны гулялі каля мора — накацілася хваля і змыла іхнія цацкі: і вось яны плачуць.

Але тая самая хваля прынясе ім новыя цацкі і новыя бліскучыя ракавіны і высыпле перад імі!

І яны суцешацца; як і яны, атрымаеце вы, сяброве мае, суцяшэнне і новыя бліскучыя ракавіны!..»

Так сказаў Заратустра.

Пра набрыдзь людскую

Жыццё — гэта крыніца асалоды; але дзе п'е набрыдзь людская, там усе крыніцы затручаныя.

Я — за ўсё чыстае; але не трываю ашчэраных пашчаў і смагі нячыстых.

Яны заглядвалі ў глыбіню крыніцы: і вось свеціцца мне іх агідная ўсмешка з глыбіні крыніцы.

Святую ваду апаганілі яны сваім пахацінствам; а калі свае брудныя сны яны называлі асалодаю, затручвалі і словы.

Працівіцца полымя, калі яны кладуць на агонь свае сырыя сэрцы; сам дух дыміць і бурліцца, калі набрыдзь падыходзіць да агню.

Мляўкім і гнілым робіцца плод у іхняй руцэ; у сухі лоўж ператварае іх позірк дрэва.

І многія, адвярнуўшыся ад жыцця, адвярнуліся толькі ад людской набрыдзі: бо не хацелі дзяліць з поганню ні крыніцы, ні агню, ні пладоў.

І шмат каторыя, што адышлі ў пустыню да дзікіх звяроў і знемагалі ад смагі, не хацелі толькі сядзець каля вады разам з бруднымі пагонцамі вярблюдаў.

І шмат каторыя, што прыходзілі спусташэннем і градам на ўрадлівыя палеткі, хацелі толькі таптаць карак набрыдзі людской, каб заткнуць ёй глотку.

І гэта яшчэ не той кавалак, якім я душыўся найбольш, — каб ведаць, што самому жыццю патрэбная варожасць, і смерць, і крыжавыя цярпенні.

Але калісьці я спытаўся і ледзь не ўдавіўся сваім пытаннем: як? няўжо жыццю патрэбен і гэты зброд?

Патрэбны затручаныя крыніцы, і смярдзючыя вогнішчы, і брудныя сны, і чэрві ў хлебе жыцця?

Не мая нянавісць, а мая агіда прагна жэрла маё жыццё! Ах, як часта я гідзіўся нават духам, калі бачыў, што і ў гэтай набрыдзі ёсць дух!

Нават ад уладароў я адвярнуўся, калі ўбачыў, што яны называюць уладараннем: па-гандлярску тузацца за ўладу — з набрыддзю людскою!

Жыў я сярод народаў, заклаўшы вушы, чужы ім моваю: каб не чуць і не разумець іх казаняў, іх дробязнага торгу за ўладу.

І, заціснуўшы нос, паныла ішоў я праз усё ўчарашняе і сённяшняе: сапраўды, гнюсна смярдзіць мярзотаю ўсё ўчарашняе і сённяшняе ў пісучай набрыдзі!

Я доўга жыў, як калека, — глухі, сляпы і нямы: толькі каб далей ад апанаванага свербам пісання развясёленькага зброду.

Цяжка, асцярожна ўздымаўся мой дух па лесвіцы; мізэрныя скраўкі радасці былі яму асалодаю; з кульбакаю валаклося жыццё ў сляпога.

Што ж сталася са мною? Як я пазбыўся агіды? Хто абмаладзіў мой позірк? Як узнёсся я на вышыні, дзе ўжо не сустрэнеш ніякага зброду каля крыніцы?

Ці ж не агіда дала мне крылы і сілу, каб падляцець да крыніцы? Далібог, мне трэба было ўзняцца ў вышыні, каб зноў здабыць крыніцу радасці.

О, я здабыў яе, братове мае! Тут, у вышынях струменіць гэтая крыніца! Усё-такі ёсць жыццё, з якога не п'е ніякая погань людская!

Надта бурліва струменішся ты, крыніца радасці! Часта спаражняеш ты келіх, хочучы напоўніць яго!

І ўсё ж я павінен навучыцца набліжацца да цябе больш сціпла: занадта бурліва струменіцца табе насустрач маё сэрца...

Маё сэрца, у якім палае лета, кароткае, спякотнае, смутнае, звышшчаснае: як тужыць маё сэрца-лета па тваёй прахалодзе!

Мінулася нясмелая скруха маёй вясны! Мінулася лютасць маёй снежнай замеці ў чэрвені! І ўвесь я — лета і полудзень летні!

Лета ў самым росхрысце са сцюдзёнымі крыніцамі і дабрашчаснаю цішай: о, прыйдзіце, сяброве мае, каб ціша яшчэ болей ушчасціла!

Бо гэта нашая вышыня і наша радзіма: занадта высока і стромка ўзнеслі мы сваё жытлішча, каб не дасталі нас апраметнікі і смага іхняя.

Кіньце ж позірк ваш чысты ў крыніцу маёй радасці, сяброве мае!

Не замгліцца яна ад вашага позірку! Яна адкажа вам усмешкай сваёй чысціні.

На дрэве будучыні ладзім мы наша гняздо; арлы будуць нам, самотным, ежу ў сваіх дзюбах насіць!

Вядома, не тую ежу, ад якое ядуць нячыстыя! Агонь хай бы елі яны і папяклі свае храпы!

Вядома, не падрыхтавалі мы тут жытлішчаў нячыстым! Ледзяным лёхам здалося б нашае шчасце іх целу і духу!

Магутнымі вятрамі будзем мы жыць пад імі, суседзі арлоў, суседзі снягоў, суседзі сонца: так жывуць магутныя вятры.

І, як вецер, узвею я сярод іх і сваім духам перайму дыханне ў іхняга духу: так хоча мая будучыня.

І тое праўда: які магутны вецер для ўсіх нізінаў — Заратустра; і вось што раіць ён сваім ворагам і ўсім, хто плюецца: «не наравіце пляваць супроць ветру!»

Так сказаў Заратустра.

Пра тарантулаў

Зірні, вось норка тарантула! Ці не глянеш сам? Вось яго сетка: крані, хай задрыжыць.

А вось і ён сам, выпаўзае: здароў быў, тарантуле! Чорны трохкутнік на спіне ў цябе — твая меціна: яшчэ я ведаю, што ў цябе на душы.

Мсцівасць у цябе на душы: куды ўджаліш ты, там вырастае чорны струп; твой помслівы яд змушае душу курчыцца!

І вось я прамаўляю да вас, прапаведнікаў роўнасці, якія змушаюць душу курчыцца! У мяне вы — тарантулы і схаваныя помснікі!

Але я хачу ваша схаванае вывесці на святло: таму я і смяюся вам у твар смехам узвышаных.

І таму я рву вашу сетку, каб шаленства вырвала вас з ілжывай нары і прага помсты выйшла з па-за слова «справядлівасць».

Бо хай будзе чалавек збаўлены ад помсты: вось мост, які вядзе да найвышэйшай надзеі, і вясёлка пасля доўгай слоты.

Але іншага хочуць, вядома, тарантулы. «Справядлівасць у нас — гэта каб свет напоўніўся навальніцамі нашай помсты» — так гамоняць яны паміж сабою.

«Мы хочам помсты і паганьбення ўсім, хто не роўны з намі» — так прысягаюцца сэрцы тарантулаў.

«І воля да справядлівасці — вось што павінна сёння стаць назовам цноты; супроць усяго, што мае ўладу, ускінемце кліч!»

Вы, прапаведнікі роўнасці, тыранская бязглуздасць бяссілля крычыць з вас пра «роўнасць»: ваша запаветнае жаданне тыраніі кукліцца ў словах пра дабрадзейства!

Прыкрае славалюбства, затоеная зайздрасць, а магчыма, яшчэ і славалюбства, і зайздрасць вашых бацькоў — усё гэта шугае з вас полымем і шалам помсты.

Тое, пра што змоўчваў бацька, выслоўліваецца ў сыне; часта і я знаходзіў у сыне бацькаву таямніцу — непрыхарошаную і распраненую.

На натхнёных падобныя яны: але не сэрца натхняе іх — а помста. І калі яны робяцца пражорлівымі і стрыманымі, дык гэта не розум, а зайздрасць робіць іх такімі.

Зайздрасць вядзе іх на сцежку мысліцеляў: і вось якая прыкмета такое зайздрасці — яны заходзяць так далёка, што ўрэшце, стомленыя, засынаюць на снезе.

У кожнай іхняй скарзе чуецца помслівасць, у кожнай пахвале тоіцца абраза; і быць суддзямі здаецца ім шчасцем.

Але я заклікаю вас, сяброве мае: не давярайце нікому, у кім бушуе прага караць!

Гэта людзі благое пароды і благога роду; у іх тварах — кат і сышчык!

Не давярайце і тым, хто шмат разводзіць пра сваю справядлівасць. Далібог, іх душам бракуе толькі мёду.

І калі яны называюць сябе «добрымі і справядлівымі», не забывайце, што, каб зрабіцца фарысеямі, ім не хапае толькі аднаго — улады!

Сяброве мае, я не хачу, каб мяне з кім-небудзь пераблыталі. Бо ёсць такія, што прапаведуюць маё вучэнне пра жыццё: і пры гэтым яны — прапаведнікі роўнасці і тарантулы.

Калі і гавораць на карысць жыцця, засеўшы ў сваіх норах, гэтыя ядавітыя павукі, адвярнуўшыся ад усяго жывога, дык толькі, каб шкодзіць.

Так яны хочуць нашкодзіць тым, у каго ўлада: бо ў тых яшчэ колькі хочаш у запасе пропаведзяў смерці.

Каб было яно іначай, дык і тарантулы вучылі б інакш: менавіта ж бо яны былі колісь зацятымі паклёпнікамі на жыццё і спальшчыкамі ерэтыкоў.

Я не хачу, каб мяне блыталі з гэтымі прапаведнікамі роўнасці, бо справядлівасць кажа мне так: «людзі не роўныя».

І яны не павінны быць роўныя! Чым была б мая любоў да Звышчалавека, калі б я гаварыў інакш?

Тысячамі мастоў і сцежак хай людзі ціснуцца ў будучыню, і ўсё больш павінны буяць паміж імі варожасць і няроўнасць: так кажа мне мая вялікая любоў.

Хай яны будуць вынаходцамі ўяваў і прывідаў у сваёй варожасці, і тады паміж імі адбудзецца вялікая бітва.

Дабро і зло, багацце і беднасць, высокае і нізкае, і ўсе імёны каштоўнасцяў — усё гэта стане зброяй і будзе ваяўніча сцвярджаць, што жыццё павінна ўвесь час пераадольваць самое сябе.

Угору, ставячы калоны і прыступкі, хоча ўзнесці сябе жыццё; яно хоча глядзець у бясконцыя далячыні, на святую прыгажосць, — вось навошта яму вышыня!

Але калі жыццю так патрэбна вышыня, дык яму патрэбныя і прыступкі, а таксама супярэчлівасць між прыступкамі і тымі, хто па іх узыходзіць! Узыходзіць хоча жыццё і пераадольваць сябе, узыходзячы.

Зірніце ж, сяброве мае! Вось, побач з нарою тарантула, — руіны старадаўняга храма; зірніце на іх прасветленым вокам!

Бо праўда, хто ўмацаваў думку сваю і ў камені ўзнёс яе ўгору, той ведаў усе таямніцы жыцця, як сама вялікі мудрэц!

Што барацьба і няроўнасць ёсць і ў прыгажосці, вайна за ўладу і звышмагутнасць — усяму гэтаму вучыць ён нас праз гэты ясны сімвал.

Паглядзіце, як ламаюцца аркі і скляпенні, пераходзячы адно ў адно ў боскім супрацьстаянні, як разам са святлом і ценем ідуць яны адно на адно, па-боску імклівыя.

Хай жа будзем ворагамі і мы, верныя і прыгожыя! Па-боску рынемся адзін на аднаго!

Ах! Вось і мяне самога джгнуў тарантул, мой даўні вораг! Па-боску надзейна і прыгожа джгнуў ён мяне ў палец!

«Павінна ж быць расплата і справядлівасць — так думае ён, — не за так жа спяваць яму гімны ў гонар варожасці!»

Так, ён адпомсціў за сябе! На жаль! Цяпер душа мая будзе курчам помсты!

Але каб не курчыцца мне, сяброве, прывяжыце мяне мацней да гэтага слупа! Лепей я буду стоўпнікам, чым курчам помсты!

Праўда, не курч і не смерч Заратустра; а калі ён і танцор, дык не танцуе тарантэлу!..»

Так сказаў Заратустра.

Пра славутых мудрацоў

Народу служылі вы і прымхам народу служылі вы, славутыя мудрацы! — а не праўдзе! Таму вам і была пашана.

Таму і трывалі ваша няверства, што яно было хітрынай і ўзбочнай дарогай да народу. Так гаспадар дае волю сваім рабам і нават цешыцца з іхняй дзёрзкасці.

Але хто ненавісны народу, як воўк сабакам, дык гэта — свабодны дух, вораг кайданоў, які не кланяецца нікому і жыве ў лясах.

Выгнаць такога з ягонага логава — гэта заўсёды называлася ў людзей «пачуццём справядлівасці»; на яго нацкоўваюць сама зубастых сабак і сёння.

«Бо праўда там, дзе народ! Гора, гора тым, што шукаюць!» — так у вас было спрадвеку.

Вы хацелі апраўдаць свой народ у ягоным пакланенні: вы называлі гэта «воляй да праўды», вы, славутыя мудрацы!

У сэрцы сваім вы заўсёды казалі: «З народу я выйшаў, адтуль сышоў на мяне і голас Божы».

Упартыя і разумныя, як аслы, вы заўсёды былі заступнікамі народа.

І многія ўладыкі, каб паладзіць з народам, запрагалі наперадзе сваіх коней восліка — якога-небудзь славутага мудраца.

І цяпер я хачу, славутыя мудрацы, каб вы зусім скінулі з сябе ільвіную скуру!

Плямістую скуру драпежнага звера і калматы хіб даследчыка, шукальніка і заваёўніка!

Ах, каб хутчэй паверыў я ў вашую «шчырасць», вы павінны спачатку зламаць у сабе волю да пакланення.

Шчырым я называю таго, хто ідзе ў пустэльню бязбожнасці і там скрушвае сэрца сваё, гатовае да пакланення.

Сярод жоўтых пяскоў, пад скварным сонцам, касавурыцца ён, смяглы, на крынічныя аазісы, дзе ўсё жывое раскошуе ў халадку.

Але і смага не можа прымусіць яго прыпадобніцца да гэтых самазадаволеных: бо, дзе аазісы, там і ідалы.

Галодным, самотным, бязбожным: такім яму быць накануе ільвіная воля.

Свабодным ад шчасця раба, вызваленым з-пад божышчаў і пакланенняў, страханосным і бясстрашным, вялікім і самотным: гэта воля шчырага.

У пустыні заўсёды жылі шчырыя, свабодныя духі, жылі валадарамі пустыні; а ў гарадах жывуць славутыя мудрацы — укормленыя ўючныя жывёлы.

Заўсёды цягнуць яны, як аслы, тачку народа.

Не тое каб я на іх гневаўся: для мяне яны заўсёды застануцца слугамі ў збруі, нават калі яна зіхаціць золатам.

І часта яны былі добрыя слугі, вартыя пахвалы. Бо цнота кажа так: «Калі ты хочаш быць слугою, пашукай таго, каму твая служба будзе найбольш карысная!

Дух і цнота гаспадара твайго павінны ўзрастаць таму, што ты ягоны слуга: так і сам ты росцішся разам ягоным духам і ягонаю цнотаю».

Далібог, так, славутыя мудрацы, слугі народа! Вы ўзрасталі разам з духам і цнотай народа — і народ узрос праз вас! Да гонару вашага кажу я вам гэта!

Але народ застаецца для мяне ў вашай цноце, народ з дурнымі вачыма, — народ, які не ведае, што такое дух!

Дух ёсць жыццё, якое само пажынае жыццё; сваёю ж пакутаю памнажае яно сваё веданне: ці ведалі вы ўжо гэта?

І шчасце духу ў тым, каб быць памазанцам і ахвярнаю жывёлаю, асвечанай слязьмі: ці ведалі вы ўжо гэта?

Слепата сляпога і яго шуканне навобмацак сведчаць пра сілу сонца, на якое ён зірнуў: ці ведалі вы ўжо гэта?

Трэба, каб спазнавальнік навучыўся будаваць гарамі! Мала, што дух перастаўляе горы, — ці ведалі вы ўжо гэта?

Вы ведаеце толькі іскры духу, але не бачыце, што ён — кавадла, не бачыце вусцішнасці ягонага молата!

Далібог, вы не ведаеце гордасці духу! Але яшчэ больш невыноснай была б вам яго ўпакоранасць, калі б яна захацела загаварыць!

І вы яшчэ ні разу не асмеліліся ўкінуць ваш дух у снежную яму: бо вы недастаткова гарачыя! Таму вы і не ведаеце асалоды ягонага холаду.

Ва ўсім вы з духам вельмі даверлівыя і з мудрасцю часта абыходзіцеся так, нібыта яна багадзельня і лякарня для бедных і благіх паэтаў.

Вы не арлы: і таму вы не зведалі шчасця ў жудасці духу. А хто не птах, таму не дадзена адпачываць над прорваю.

Вы цёплыя: а крыніцы ўсякіх глыбокіх ведаў — халодныя. Сцюдзёныя, як лёд, сама глыбокія вытокі духу — асалода рукам, гарачым дзеям.

Вы стаіце перада мною, ганарыстыя, з несагнутымі спінамі, славутыя мудрацы! Ні моцны вецер, ні магутная воля не ўзрушваюць вас.

Ці бачылі вы калі-небудзь, як ляціць па моры ветразь, круглы, напяты ветрам, як ён трымціць ад шаленства яго?

Як ветразь з трымценнем ад буры, ляціць мая мудрасць па моры — неакілзаная мудрасць мая!

А вы, знакамітыя мудрацы, слугі народа, — як можаце вы ляцець разам са мною.

Так сказаў Заратустра.

Начная песня

Вось ноч: грамчэй загаварылі ўсе струмяністыя крыніцы. І мая душа таксама струмяністая крыніца.

Вось ноч: прачынаюцца песні закаханых. І мая душа — песня закаханага.

Нешта неспатоленае, неспатольнае ёсць ува мне; яно хоча голасу. Нейкая прага кахання ўва мне, яна гаворыць голасам кахання.

Светлы я; о, калі б я быў ноч! Але ў тым мая самотнасць, што я аперазаны святлом.

О, калі б я зрабіўся цёмны, як ноч! Як бы я піў з грудзей святла!

Як бы я дабрасловіў вас саміх, іскрыстыя зоркі і светлячкі начныя ўгары! Які б я быў шчаслівы ад дарункаў вашага святла!

Але ў ззянні сваіх прамянёў я жыву і п'ю полымя, якое шугае з мяне.

Я не ведаю радасці таго, хто бярэ; я няраз думаў: стакроць шчаснейшы той, хто крадзе, чым хто дае.

У тым беднасць мая, што мая рука ніколі не стамляецца дарыць; у тым дбайнасць мая, што бачу я вочы спрагненыя і цемру, прасветленую жаданнем.

О ліхая доля даравальнікаў! О зацьменне сонца майго! О прага маёй прагі! О ненасытны голад перанасычанасці!

Яны бяруць у мяне: але ці кранаю я іхнюю душу? Прорва паміж «дарыць» і «браць»; а наймалейшая прорва пераадольваецца ў апошнюю чаргу.

Голад нараджаецца з маёй прыгажосці: наклікаць на вас бяду, асвечаную мною, абабраць тых, што прынялі дарункі, — да зла імкнецца мая прагнасць.

Адхапіць руку, калі ёй працягнута іншая рука; марудзіць, як вадаспад, які спрабуе затрымаць сваё падзенне — да зла імкнецца мая прагнасць.

Такая помслівасць ад лішніцы маёй; такое падступства сочыцца з маёй самотнасці.

Маё шчасце даравальніка памірае ў дараванні, дабрачыннасць мая стамілася ад лішніцы ўсяго!

Хто заўсёды дорыць, жыве ў небяспецы страціць сорам; хто заўсёды раздае — у таго рука і сэрца ў мазалях ад раздачы.

Мае вочы не слязяцца ад сораму за просьбітаў; мае рукі агрублі і не дрыжаць ад напоўненасці.

Куды падзеліся слёзы з вачэй маіх? Куды падзелася мяккасць майго сэрца? О самотнасць усіх, хто дорыць! О маўклівасць усіх светланосцаў!

Шмат сонцаў кружыцца ў пустой прасторы: усяму цёмнаму гавораць яны сваім святлом. А ў мяне яны нямыя.

О варожасць святла да ўсяго, што свеціцца: без жалю ідзе яно сцежкамі сваімі.

У безданях сонца несправядлівае да ўсяго светланоснага, халоднае да ўсіх іншых сонцаў — так робіць кожнае свяціла свае кругі.

Нібы буры, праносяцца сонцы шляхамі сваімі, у гэтым іх жыццё. Сваёй няўмольнай волі наровяць яны, у гэтым іхні холад.

Толькі вы адны, цёмныя ночы, здабываеце цяпло з усяго, што свеціцца! Толькі вы адны корміцеся малаком з поўных грудзей святла!

Я скаваны лёдам, ён пячэ мне далоні! О, гэтая прага ўва мне, якая прагне вашае смагі.

Вось і ноч: каб я быў святлом! І прагаю Начнога! І самотнасцю!

Вось і ноч: быццам крыніца, ліецца з мяне жаданне гаварыць.

Вось і ноч: гавораць толькі струмені крынічныя. І душа мая — струмяністая крыніца.

Вось і ноч: толькі цяпер прачынаюцца песні закаханых. І душа мая — песня закаханага.

Так спяваў Заратустра.

Скочная песня

Аднаго разу ўвечары ішоў Заратустра са сваімі вучнямі праз лес; і, шукаючы крыніцу, выйшаў на зялёную лугавіну сярод дрэў і кустоўя: там скакалі дзяўчаты. Пазнаўшы Заратустру, яны перасталі танцаваць, а ён падышоў да іх з прыветлівым тварам і сказаў:

«Скачыце сабе, скачыце, мілыя дзяўчаткі! Не ненавіснік забаваў са злымі вачыма, не вораг дзяўчат прыйшоў да вас.

Я — заступнік Бога перад д'яблам, які ёсць Дух Цяжару. Як жа мне, рэзваногія, не любіць боскіх скокаў? Альбо прыгожых дзявочых ножак?

Праўда, я — лес і ноч цёмных дрэў: але хто не баіцца мораку, той знойдзе ружоўнік пад маімі кіпарысамі.

І спаткае маленькага бажка, наймілейшага дзяўчатам: ціха спіць ён каля крыніцы, самкнуўшы павекі.

Вось як, сярод белага дня заснуў ён, гультай!

Мабыць, удосыць нагойсаўся за матылькамі?

Не сярдуйце на мяне, красуні-танцоркі, калі я крышачку пакараю бажка! Вядома, ён будзе плакаць і крычаць — але ён такі пацешлівы, нават як плача!

Увесь у слязах ён пачне прасіць вас, каб вы паскакалі; а я паспяваю вам пад ваш танец: песню скочную, песню-смешку з Духа Цяжару — найвышэйшага і наймагутнейшага дэмана, пра якога кажуць, што ён «князь свету».

Вось тая песня, якую спяваў Заратустра, пакуль Купідон і дзяўчаты скакалі:

«О Жыццё! Зірнуў я нядаўна ў твае вочы, і мне здалося, што я апускаюся ў невымерную глыбіню.

Але не залатую вуду працягнула ты мне і смяялася з мяне, калі я называў цябе безданню.

«Так гавораць паміж сабою рыбы, — адказала ты мне, — якія не могуць дастацца да дна; усё, што ў іх занадта глыбокае, яны называюць бяздонным і недасягальным.

А я толькі пераменлівая і маю свой нораў, і ва ўсім я жанчына, і зусім не дабрадзейка.

І хоць вы, мужчыны, называеце мяне і «глыбокаю», і «вечнаю», і «таямнічаю», але вы заўсёды адорваеце нас сваімі дабрачыннасцямі, — эх вы, дабрадзеі!»

Так смяялася яна, недаверлівая; але я ёй не веру, не веру яе смеху, калі яна ліхасловіць сама сябе.

А калі я сам-насам гаварыў са сваёй дзікай мудрасцю, яна гнеўна сказала мне: «Ты жадаеш, імкнешся і кахаеш — і таму толькі ты хваліш Жыццё!»

Ледзь-ледзь не сказаў быў злосна ёй, угневанай, праўды; а нельга ж адказаць злосней, чым праўдаю сваёй мудрасці.

Так яно ўсё паміж намі траімі. Шчырым сэрцам люблю я толькі Жыццё і, сапраўды, найбольш тады, калі ненавіджу яго!

А што я прыхільны да мудрасці і часта нават аж занадта, — усё гэта таму, што ўжо ж вельмі яна мне нагадвае Жыццё!

Вочы Жыцця ў яе, усмешка і нават залатая вуда; што мне рабіць, калі яны такія падобныя?

І калі аднойчы Жыццё спыталася: «Хто яна, твая мудрасць?» — я палка адказаў: «О! Мудрасць!

Прагнуць яе і не могуць насыціцца, ніжуць вачыма яе покрывы, спрабуючы забрытаць у цянёты.

Ці прыгожая яна? Адкуль мне ведаць! Але і самым бывалым карасям яна — прынада.

Яна зменлівая і ўпартая; няраз я бачыў, як кусала яна сабе вусны і грэбенем наўмысна блытала валасы.

Магчыма, яна злая і ілжывая, і ва ўсім — жанчына; але і калі бэсціць сама сябе, нават тады здаецца сама спакушальнай».

Калі я гэта сказаў Жыццю, яно злосна засмяялася і заплюшчыла вочы. «Пра каго ты гаворыш? Ці не пра мяне?»

Нават калі праўда твая — хіба ж такое кажуць у вочы? Але раскажы мне пра мудрасць тваю!»

Ах, ты зноў расплюшчыла вочы, о любае Жыццё! І зноў мне здаецца, што я апускаюся ў невымерную глыбіню».

Так спяваў Заратустра. А калі танец закончыўся і дзяўчаты разышліся, засмуткаваў ён.

«Сонца даўно ўжо села, — сказаў ён нарэшце — на луг апала раса, ад лясоў вее халадок. Нешта невядомае акружыла мяне і задуменна пазірае. Як! Ты яшчэ жывы, Заратустра?

Чаму? Навошта? Дзеля чаго? Дзе і як? Ці не вар'яцтва — жыць далей?

О сяброве мае, гэта вечар пытаецца ўва мне. Даруйце мне скруху маю!

Настаў вечар: даруйце мне, што ён настаў!»

Так сказаў Заратустра.

Хаўтурная песня

«Там маўклівая выспа магіл; там магілы маёй маладосці. Туды занясу я вечназялёны вянок жыцця».

Так думаючы сэрцам сваім, плыў я па моры. О вобразы і відзежы маёй маладосці! О позіркі любові, вы, боскія імгненні! Як хутка вы паўміралі! Я спамінаю вас сёння, як памінаюць нябожчыкаў.

Ад вашых капцоў, любасныя нябожчыкі мае, чуюцца мне салодкія пахошчы, якія слязьмі заспакойваюць мне сэрца. Сапраўды, водар гэты хвалюе душу і дае палёгку самотнаму плыўцу.

Я ўсё яшчэ багацейшы за ўсіх і дагэтуль мне моцна зайздросцяць — я, самотнік! Бо вы былі са мною, а я і дагэтуль з вамі: скажыце, каму яшчэ падалі з дрэва чырвоныя яблыкі, як мне?

Я ўсё яшчэ ваш спадкаемец, я — зямля, якая цвіце ў памяць пра вас яркімі дзікімі цнотамі, о любасныя!

Мы былі створаныя адно аднаму, мілыя далёкія дзівосы; і не як баязлівыя птушкі набліжаліся вы да мяне і да жаданняў маіх, не, як даверлівыя да вернага!

Так, падобна мне, былі вы створаны на вернасць і пяшчотную вечнасць; ці павінен я цяпер называць вас па імёнах нявернасці вашай, вы, боскія позіркі і імгненні? Пакуль што я не ведаю іншых імёнаў.

Сапраўды, зарана паўміралі вы, уцекачы. Але не вы ўцяклі ад мяне, і не я ад вас, невінаватыя мы адно перад адным у нявернасці нашай.

Каб забіць мяне, душылі вас, спеўныя птушкі маіх спадзяванняў! Так, па вас, любасныя, злосць пускала заўсёды свае стрэлы, — каб пацэліць мне ў самае сэрца!

І яны пацэлілі! Бо вы заўсёды былі мне найбліжэй да сэрца; вы былі ўсё тое, чым валодаў я і што валодала мною, — таму і мусілі вы памерці такімі маладымі!

У сама адчувальнае багацце маё пусцілі стралу: у вас, чыя скура, быццам пяшчотлівы пух, або, бадай што, — усмешка, якая памірае ад аднаго позірку!

Але я так скажу маім ворагам: «Што ёсць забойства чалавека ў параўнанні з тым, што вы зрабілі мне!

Вы ўчынілі большае ліха, чым забойства; вы адабралі ў мяне незваротнае — так я кажу вам, ворагі!

Вобразы маладосці і любыя мне дзівосы адабралі ў мяне, адабралі шчасных духам, таварышаў маіх гульняў! На памяць пра іх я кладу гэты вянок і шлю вам праклён!

Гэта праклён вам, мае ворагі! Бо скарацілі вы маю вечнасць, — так у холадзе начы гасне гук! Імгненнем была мая вечнасць, мімалётнасцю божага позірку!»

Калісьці, у шчасную часіну, абвясціла мая чысціня: «Хай будзе мне боскім усё жывое».

Тады падступіліся вы да мяне са сваімі бруднымі хімерамі; куды падзелася шчасная тая часіна?

«Усе дні хай будуць свяшчэнныя мне» — так казала калісьці мая маладосць; і праўда, гэта была прамова вясёлай мудрасці!

Але тады вы ўкралі ў мяне мае ночы і прадалі іх за пакуты бессані: куды падзелася тая вясёлая мудрасць?

Калісьці ў вобразах птушак я шукаў шчаслівых прыкметаў: тады вы пусцілі саву — злавесную пачвару — на мой шлях. О, дзе вы цяпер, мае пяшчотныя пошукі?

Калісьці я даў зарок адцурацца ад усякай агіды: тады вы ператварылі маіх блізкіх і сваякоў у гнойныя струпы. Ах, што сталася тады з маім высокім зарокам?

Як сляпы, хадзіў я калісьці шчаснымі сцежкамі: тады вы накідалі бруду на дарогу сляпому. І цяпер з'агідзелі яму былыя сцяжынкі.

І калі я спраўдзіў сама цяжкае для сябе і ўжо святкаваў перамогу маіх пераадоленняў, вы прымусілі енчыць тых, што любілі мяне, кажучы, быццам я ім спрычыніў найбольшы боль.

Сапраўды, вы заўсёды рабілі так: вы атруцілі найсаладзейшы мой мёд і зглумілі працу маіх сама руплівых пчол.

Сама нахабных жабракоў слалі вы насустрач майму мілажалю; сціжмы невылечна бессаромных тлуміліся заўсёды вакол спагады маёй. Так паранілі вы дабрачынствы мае ў іх веры.

І калі я ахвяраваў сваім сама святым, што меў, адразу і ваша «пабожнасць» клала свае тлустыя дары: так што густым чадным дымам душылася маё сама святое.

І аднойчы схацелася мне танцаваць так, як яшчэ ніхто не танцаваў, — вышэй за нябёсы хацеў я лунаць у сваім танцы. Тады падбухторылі вы майго любага спевака.

І заспяваў ён панылую, смутную песню; о, быццам злавесны рог затрубіў мне ў вушы!

Забойчы спявак — прылада зла, сама невінаваты! Ужо я ўстаў, гатовы да свайго найлепшага танца; але сваёй мелодыяй ён забіў маё захапленне.

Толькі праз танец магу я выявіць сімвалы і падабенствы сама высокіх рэчаў: і вось найвышэйшы сімвал так і не адбіўся ў рухах майго цела!

Засталася нявыказаная і не знайшла выйсця мая найвышэйшая надзея! І памерлі вобразы і суцяшэнні маёй маладосці!

Як перанёс я ўсё гэта? Як вылечыў і адолеў гэтыя раны? Як паўстала мая душа з гэтых магіл?

Так, ёсць у мне нешта неўміручае, чаго нельга замкнуць у склеп, што здольнае ўзарваць нават скалы: гэта — мая воля. Моўчкі, не мяняючыся, праз гады.

Як і раней — сваім ходам, але маімі нагамі хоча ісці мая воля; суровае і непераможнае адчуванне яе.

Толькі гэтая мая пята — непацэльная. Ты жывая і верная сабе, ты сама цярплівая! І заўсёды прабіваешся цераз скляпы!

Што не вырашылася ў маладосці, усё жыве ў табе; як маладосць, як жыццё, поўнае надзей, сядзіш ты тут, на магільных руінах.

Вітаю цябе, мая воля, разбуральніца скляпоў! Толькі там, дзе ёсць магілы, магчымыя ўваскрэсенні!»

Так спяваў Заратустра.

Пра самапераадоленне

«Воля да праўды» — ці не так называеце вы, наймудрэйшыя, тое, што парывае вас і робіць палкімі?

Воля да памыснасці ўсяго існага: так называю я вашу волю!

Усё існае вы хочаце спачатку зрабіць яўным, памысным: бо сумняваецеся — а ці памыснае яно.

Але яно не павінна схіліцца перад вамі і дапасавацца да вас! Так хоча ваша воля. Усё існае павінна зрабіцца гладкім і падданым духу, як яго люстраны адбітак.

Уся ваша воля, наймудрэйшыя, у гэтым памкненні да ўлады, нават калі вы гаворыце пра дабро і зло, пра ацэнку ўсіх каштоўнасцяў.

Стварыць свет хочаце вы, перад якім вы маглі б укленчыць: такая ёсць ваша апошняя надзея і ваша ап'яненне.

Тым часам як нямудрыя, гэта значыць народ, — падобныя на раку, па якой плыве човен, а ў ім урачыстыя і пышна ўбраныя каштоўнасці.

Вашу волю і каштоўнасці вы пусцілі па рацэ станаўлення; я пазнаю вашу старую волю да ўлады па тым, у што верыць народ як у дабро і зло.

Гэта вы, наймудрэйшыя, пасадзілі вашых гасцей у човен, далі ім бляск і гордыя імёны, вы і ваша ўладніцкая воля!

Далей нясе рака ваш човен: яна павінна несці яго. Не абыходзіць вам, што пеніцца ўзбураная вамі рака і гнеўна працівіцца кілю!

Не рака — небяспека вам і канец вашаму дабру і злу, наймудрэйшыя; але небяспечная сама воля да ўлады — невычэрпная самазарадная воля да жыцця.

Але каб вы зразумелі маё слова пра дабро і зло, хачу расказаць вам пра жыццё і ўласцівасці ўсяго жывога.

Я ішоў следам за ўсім жывым, я прайшоў па вялікіх і малых сцежках жывых, каб зведаць іх уласцівасці.

Стагранным люстэркам я лавіў позірк жывога, калі былі сціснуты ягоныя вусны; каб позірк той гаварыў мне. І ён гаварыў.

Але дзе б я ні знаходзіў жывое, усюды чуў словы пра паслушэнства. Усё жывое слухаецца.

А цяпер другое, што ўведаў я: загадваюць таму, хто не ўмее слухацца самога сябе. Такая ўласцівасць усяго жывога.

А вось трэцяе, што я чуў: загадваць цяжэй, чым слухацца. І не толькі таму, што той, хто загадвае, нясе цяжар тых, якія падпарадкоўваюцца, і што цяжар гэты можа лёгка раздушыць яго: спробаю і дзёрзкасцю здаваўся мне любы загад. І, загадваючы, жывое заўсёды ставіць сябе пад рызыку.

Нават загадваючы самому сабе, трэба яшчэ акупіць свой загад і стаць суддзёю, мсціўцам і ахвяраю свайго ж закону.

«Як жа гэта адбываецца? — пытаюся я ў сябе. — Што прымушае жывое падпарадкоўвацца і загадваць, і, загадваючы, падпарадкоўвацца сабе?»

Дык слухайце ж маё слова, наймудрэйшыя! Пераканайцеся, ці сапраўды я пранік у аснову асноваў жыцця і да самых нетраў яе сэрца?

Усюды, дзе было што жывое, я знаходзіў волю да ўлады; і нават у паслушэнстве слугі я бачыў жаданне быць панам.

Воля слабога схіляе яго падпарадкоўвацца моцнаму, бо хоча панаваць над тым, хто яшчэ слабейшы: толькі гэтай радасці прагне ён і не хоча страціць яе.

І як меншае аддаецца большаму, каб радавацца і панаваць над яшчэ меншым, так ахвяруе сабою і найвялікшае, рызыкуючы жыццём дзеля ўлады.

У тым якраз і ёсць самаахвяраванне вялікага, што яно — парыванне, і небяспека, і гульня, дзе стаўка — жыццё.

І там, дзе ёсць ахвяра, і служэнне, і позіркі кахання, — там ёсць і воля да панавання. Патайнымі сцежкамі прадзіраецца слабы ў крэпасць моцнага — да самага сэрца — і забірае ўладу.

І вось якую таямніцу расказала мне жыццё: «Глядзі, — сказала яно, — я тое, што ўвесь час пераадольвае самое сябе.

Хоць вы і называеце гэта прагай узнаўлення альбо імкненнем да мэты — да найвышэйшага, далёкага, разнастайнага, але ўсё гэта — адзінае і ёсць адна таямніца.

Я хутчэй загіну, чым адмоўлюся ад гэтага: далібог, там, дзе пагібель, захад і лістапад, там жыццё ахвяруе сабой дзеля ўлады!

Я — жыццё і павінна быць барацьбой і станаўленнем, мэтаю і супярэчнасцю мэтаў: хто адгадае маю волю, той зразумее, якімі крывымі дарогамі павінна ісці жыццё!

Што б ні стварала я, як бы ні любіла свой твор, — і яму і каханню я павінна зрабіцца супраціўцам, ты толькі сцежка і след маёй волі: сапраўды, мая воля да ўлады ідзе нагамі тваёй волі да праўды!

Хто ўзвясціў «волю да існавання», той прайшоў міма праўды; такой волі няма!

Тое, чаго няма, не можа хацець; а што ёсць, — не захоча быць, бо ўжо ёсць!

Толькі там, дзе ёсць жыццё, ёсць і воля: але не воля да жыцця — а воля да ўлады! Так я вучу цябе.

Многае цэніць той, хто жыве вышэй, чым жыццё; але і ў самой гэтай ацэнцы гаворыць воля да ўлады!»

Так вучыла мяне калісьці жыццё: гэтаксама, наймудрэйшыя, вырашаю і я загадку вашага сэрца.

Праўду кажу вам: няма такога дабра і зла, каб яны не міналіся. Няспынна павінны яны адольваць саміх сябе.

З дапамогаю вашых каштоўнасцяў і таго, што вы кажаце пра дабро і зло, вы чыніце гвалт, вы, ацэншчыкі: і ў гэтым ваша таемная любоў, бляск, трапятанне і парыванні душы.

Але яшчэ больш магутная сіла і новае пераадоленне вырастаюць з вашых каштоўнасцяў; аб гэтую сілу і пераадоленне разаб'ецца яйцо і яго шкарлупа.

І той, хто павінен быць творцам дабра і зла, той, праўда, павінен быць спачатку разбуральнікам, які разбівае каштоўнасці.

Так найвышэйшае зло належыць да найвышэйшай даброці — быць стваральным.

Дык будзем гаварыць толькі пра яго, наймудрэйшыя, хоць і злое яно ў сутнасці сваёй. Аднак маўчанне — яшчэ горш? Усякая праўда, якую замоўчваюць, робіцца ядавітай.

Хай разаб'ецца аб нашую праўду ўсё, што можа разбіцца! Многа будынкаў мы маем яшчэ пабудаваць!»

Так сказаў Заратустра.

Пра ўзвышаных

Спакойная глыбіня майго мора: хто адгадае, якіх пацешных пачвараў хавае яно!

Няўзбураная мая глыбіня; але яна блішчыць плывучымі загадкамі і ўсмешкамі.

Я сёння бачыў узвышанага, святочнага, пакаянца духам: о, як рагатала душа мая з яго брыдкасці!

Выгнуўшы грудзі, быццам затрымліваючы дыханне, стаяў ён, гэты ўзвышаны, і маўчаў.

Ён быў увешаны агіднымі праўдамі, трафеямі свайго палявання, і задаваўся падранаю вопраткаю; і шмат калючак было на ім, але не было ніводнай ружы.

Ён яшчэ не навучыўся смеху і прыгажосці. Змрочны вярнуўся гэты паляўнічы з лесу пазнання.

Пасля бітвы з дзікімі звярамі вярнуўся ён дамоў; але праз сур'ёзнасць яго праглядвае яшчэ дзікі звер — не пераможаны!

Быццам тыгр, які падрыхтаваўся да скачка, — так трымаецца ён; але я не люблю гэтых напружаных душ, і не даспадобы мне ўсе гэтыя затоеныя.

А вы, сяброве, кажаце, што пра густ і смак не спрачаюцца? Але ўсё жыццё і ёсць спрэчка пра густ і смак!

Густ — гэта адначасова і вага, і шалі вагаў, і той, хто важыць; і гора жывым, якія хочуць пражыць без спрэчкі пра вагу, шалі і вагара!

О, калі б гэты ўзвышаны стаміўся ад сваёй узвышанасці: толькі тады выявілася б яго прыгажосць, і толькі тады я пакаштаваў бы яго і палічыў бы смачным.

І толькі адвярнуўшыся ад самога сябе, пераскочыць ён цераз свой цень — праўда! — проста ў сваё сонца!

Надта доўга сядзеў ён у цяні, пабялелі шчокі ў пакаянца духам: ён ледзь не памёр з голаду, чакаючы.

Яшчэ тоіцца ў ягоных вачах пагарда, і агіда — на вуснах у яго. І хоць ён дасягнуў супакаення, няма сонца ў ягоным спакоі.

Ён мусіў бы працаваць, як вол; і зямлёю мусіла б пахнуць ягонае шчасце, а не пагардай да зямлі.

Я хацеў бы бачыць яго белым валом, валом, які, чмыхаючы і рыкаючы, ідзе перад плугам; і сам рык яго павінен усхваляць усё зямное!

Твар у яго яшчэ змрочны: цень ад рукі грае на яго твары. Пачуцці ў вачах у яго яшчэ зацененыя.

Дзеі яго ляжаць на ім ценем: сама рука азмрочвае таго, хто рухае ёю. Не пераадолеў ён яшчэ дзеі сваёй.

Як мне падабаецца гэты бычыны хіб! Аднак я хацеў бы ўбачыць, што позірк ягоны — позірк анёльскі.

І сваю волю героя ён таксама мусіць забыць:

хай будзе ён узнесены, а не проста ўзвышаны: хай сам эфір носіць яго, бязвольніка!

Ён перамагаў пачвараў і адгадваў загадкі: збаўцам, разбуральнікам і пераможцам усяго пачварнага і загадкавага ў сабе самім хай ён стане цяпер і ператворыць сваіх пачвараў у нябесных дзяцей.

Пазнанне яго яшчэ не навучылася ўсміхацца і не ведаць зайздрасці; яшчэ не аціхла ў прыгажосці яго бурлівая палкасць.

Праўда, у прыгажосці, а не ў сытасці павінны патануць і змоўкнуць парыванні яго! Велікадушнасць прывабная ў тых, у каго настрой узвышаны.

Паклаўшы руку на галаву — так павінен адпачываць герой, хай ён нават пераадольвае свой адпачынак.

Але якраз у героя сама цяжкае — прыгажосць. Яна недасяжная нават сама моцнай волі. Крыху больш, крыху менш: але ў гэтым «крыху» якраз многае, якраз гэтае «крыху» і ёсць сутнасць.

Расслабіць мускулы і волю — гэта ў вас сама цяжкае, вы, узвышаныя!

Калі сіла, робячы літасць, сыходзіць у бачнае, такі сыход я называю прыгажосцю.

І ні ад кога я не патрабую прыгажосці так, як ад цябе, моцны: няхай дабрыня будзе тваё апошняе самапераадоленне.

Зло я залічваю на твой рахунак: таму патрабую ад цябе дабра.

Праўда, я часта смяяўся з слабых, якія ўважаюць сябе за добрых, бо іх няма кіпцюроў!

Ты павінен бачыць узор цноты ў калоне: чым вышэйшая яна, тым далікатнейшая і прыгажэйшая, а ўсярэдзіне — цвярдзейшая і мацнейшая.

Так, узвышаны, ты яшчэ будзеш прыгожы і будзеш трымаць люстэрка перад сваёй прыгажосцю.

Тады скаланецца твая душа ад боскіх жаданняў, і пакланенне будзе нават у тваім славалюбстве!

У гэтым — таямніца душы: толькі калі герой пакінуў яе, у сне да яе набліжаецца Звышгерой».

Так сказаў Заратустра.

Пра край адукаванасці

«Надта далёка заляцеў я ў будучыню: жудасць ахапіла мяне.

І калі я агледзеўся, бачу! — вось толькі адзін час быў мой адзіны сучаснік.

Тады назад паляцеў я, дахаты — хутчэй і хутчэй: так прыйшоў я да вас, людзі цяпершчыны, у край адукаванасці.

Упершыню наважыўся я як след разгледзець вас, і не было ліхога намыслу ў маім жаданні; праўда ж, прыйшоў я да вас з тугою ў сэрцы.

Але што сталася са мною? Як ні баяўся я, а мусіў смяяцца! Ніколі яшчэ вочы мае не бачылі нічога больш стракатага!

Я смяяўся і смяяўся, аж бакі мае рваліся, а сэрца трымцела: «вось яна, бацькаўшчына ўсіх горшчыкаў на фарбы!» — сказаў я сабе.

З целам і чэлесамі, размаляванымі ў пяцьдзесят колераў: такія сядзелі вы, сучаснікі, на вялікае маё здзіўленне!

І пяцьдзесят люстраў, якія лісліва дагаджалі вам, стаялі вакол вас і паўтаралі гульню вашых фарбаў!

Праўда, людзі цяпершчыны, вы не прыдумаеце сабе лепшае маскі, чым ваш свой твар! Хто можа пазнаць вас?

Спісаныя знакамі мінуўшчыны, а паўзверх іх — яшчэ і новымі знакамі: так, вы хораша схаваліся ад усіх талмачоў!

А няхай бы і знайшоўся які даследчык нырак: але цяжка даць веры, што ў вас ёсць ныркі! Здаецца ж, зварганілі вас з фарбаў і ярлыкоў.

Усе часы і народы стракацяць з-пад вашых строяў; стракацізна нораваў і веравызнанняў у манерах і рухах вашых.

І калі зняць з вас вашыя строі, покрывы, і фарбы, і выдыганні вашыя, дык застанецца — каб толькі палохаць птушак.

Праўда, я і сам — напалоханая птушка, якая ўбачыла вас аднаго разу голых і без фарбы; і я паляцеў ад вас, як паляцеў бы ад шкілета, які пазаляцаўся б да мяне.

Лепей быць парабкам у пекле і слугаваць ценям мінуўшчыны! Нават жыхары падземнага тагасвецця таўсцейшыя і сыцейшыя за вас!

Так, у тым якраз і горыч вантробы маёй, што не пераношу я вас голых і апранутых!

Усё, што ёсць страшнага ў будучыні і што палохала птушак, якія збіліся з дарогі, — далібог, бліжэй сэрцу майму, чым вашая «рэчаіснасць».

Бо так кажаце вы: «Мы — гэта рэчаіснасць, без веры і без паняверкі»; — ну і хваліцеся, напінаеце грудзі свае і не бянтэжыцеся, што іх няма!

Ды і як можаце вы верыць, размаляваныя! Вы размаляваныя карцінамі, спісанымі з усяго, у што калі-небудзь верылі!

Вы — хадзячае абвяржэнне веры, абрыўкі і канцы думак. Спанявераныя — так я называю вас, апалагеты рэчаіснасці!

Усе эпохі маюць адна адну наўме і балабоняць пра ваш дух: але сонныя мроі і балбатня мінуўшчыны ўсё ж бліжэйшыя да рэчаіснасці, чым ваша чуванне!

Вы — бясплённыя: і таму — няма ў вас веры. Але стваральнік заўсёды бачыў вешчыя сны і зорныя азнакі — і ён верыў у веру!

Вы — напалавіну адчыненая брама, каля якое чакаюць далакопы. І вось яна, вашая рэчаіснасць: «Усё асуджана на пагібель».

Вы стаіце перада мною, худыя і бясплённыя! Як тырчаць скабы вашыя! Некаторыя з вас самі не заўважаюць гэтага.

І кажуць: «Здаецца, пакуль я спаў, Бог нешта забраў у мяне? Гэтага цалкам хапіла б, каб зрабіць сабе з гэтага кабетку!

Дзівосная худзізна скабаў маіх!» — так кажудь многія мае сучаснікі.

Так, людзі цяпершчыны, вы смешныя мне! І асабліва калі дзіву даяцеся самі з сябе!

Шчасце, што я магу смяяцца з вашага здзіўлення і не даводзіцца мне каўтаць розную дрэнь з вашых місак.

Але не бяда, бо я маю панесці нешта больш цяжкае: не бяда, калі жукі і мухі сядуць на ношу маю!

Праўда, не стане яна цяжэйшая ад гэтага! І не праз вас, сучаснікі, ляжа на мяне сама вялікая стома.

Ах, куды б жа яшчэ падняцца мне з маёй скрухаю! З усіх гор выглядаю я сабе бацькоўскія і мацярынскія землі.

Але нідзе не знайшоў я бацькаўшчыны: у любым месцы я не на месцы і каля ніводнае брамы не затрымліваюся.

Чужыя мне сучаснікі, прадмет кпінаў маіх! А зусім жа нядаўна цягнуўся я да іх сваім сэрцам. Выгналі мяне з бацькоўскіх і мацярынскіх земляў.

Толькі адзін край я люблю — край дзяцей маіх, яшчэ не адкрыты, яшчэ далёкі ў акіянах: хай нястомна шукаюць яго мае караблі.

У дзецях маіх я спраўджу тое, што я — сын свайго бацькі: усёй будучыняй адкуплю — гэтую цяпершчыну!»

Так сказаў Заратустра.

Пра незаплямленае пазнанне

«Калі ўчора ўзыходзіў месяц, мне здалося, быццам ён хоча нарадзіць сонца: так шырока і цяжарна раскінуўся ён на небасхіле.

Але ашукаў мяне гэты хлус сваёй цяжарнасцю; і я хутчэй паверу, што месяц — мужчына, а не жанчына.

Але мала падобны і да мужчыны гэты нясмелы начны летуценнік. Далібог, з нядобрым сумленнем блукае ён па дахах.

Бо ён пажадлівы і зайздрослівы, гэты мнішак; пажадлівы да зямлі і ўцехаў кахання.

Не, не люблю я гэтага ката на даху! Агідны мне кожны, хто падкрадваецца да прачыненых вокнаў!

Пабожна і маўкліва пераступае ён па зорных кілімах; але я не люблю такой ціхай мужчынскай хады, калі не звіняць шпоры!

Кожны сумленны крок сумленна папярэджвае; а кот прыпадае да зямлі і паўзе. Глянь, па-кашэчы прыпадаючы, паўзе і месяц.

Такое параўнанне я даю вам, датклівыя крывадушцы, вам, «чыстыя спазнавальнікі»! Я называю вас пажаднікамі.

І вы любіце зямлю і зямное: я добра вас разгадаў! Але сораам і нядобрае сумленне ў любові вашай — вы падобныя да месяца!

Пагарджаць зямным намовілі дух, а не нутробіну вашу, вось што наймацнейшае ў вас!

І вось духу вашаму брыдка, што ён падначальны вантробам і ўцякае ад свайго сораму на дарогі хлусні і ашукі.

«Сама высокае было б мне, — так гаворыць сабе ваш схлусянелы дух, — сузіраць жыццё без пахацінства, а не па-сабачы — высалапіўшы язык.

Быць шчаслівым у сузіранні, з памерлай воляй, без прыступаў прагнасці і сябелюбства, быць халодным і знэнджаным, але з п'янымі вачыма месяца!

Найлепшаю доляю было б мне любіць зямлю так, — спакушае сябе спакушаны, — як любіць яе месяц, і толькі адным позіркам дакранацца да яе.

Менавіта гэта я называю незаплямленым пазнаннем, калі мне ад рэчаў нічога не трэба, — толькі ляжаць перад імі, як люстэрка з сотняй вачэй».

О вы, датклівыя крывадушцы і пахацінцы! Вам бракуе нявіннасці ў жаданні: таму вы і хлусіце на яго!

Далібог, не як стваральнікі, вытворцы, не як радасныя станаўленцы любіце вы зямлю!

У чым нявіннасць? Яна там, дзе ёсць воля да зачацця. І ў таго найчысцейшая воля, хто хоча ствараць звыш сябе.

У чым прыгажосць? У тым, што я павінен хацець усёй сваёй воляй; што я прагну любіць і загінуць дзеля таго, каб вобраз не застаўся толькі вобразам.

Любіць і загінуць: гэта спалучэнне — вечнае. Воля да любові азначае гатоўнасць памерці. Так кажу вам я, баязліўцы!

Але ваш погляд, косы позірк пакладанца, хоча называцца «сузіраннем»! А тое, што можна абмацаць баязлівым позіркам, ахрышчана ў вас імем «прыгожае»! О вы, плюгаўнікі высокіх назоваў!

Але ў тым праклён ваш, незаплямленыя, чыстыя спазнавальнікі, што вы ніколі нічога не народзіце! Хоць і раскіньцеся, як парадзіхі, на небасхіле!

Праўда, у вашых вуснах цесна ад высокіх слоў. І што ж, мы павінны паверыць, што і ў сэрцах вашых цесна ад высакародства, вы, хлусы?

А мае словы — грубыя, пагарджаныя, гаркавыя словы: я ахвотна падымаю тое, што падае пад стол на банкетах вашых.

І ўсё ж гэтымі словамі я магу вам казаць праўду, крывадушнікі! Так, няхай едкія пахошчы ракавін і рыбіных касцей і калючае лісце паказычуць вам ноздры!

Паганы пах заўсёды вакол вас і банкетаў вашых: вашымі пажадлівымі думкамі, аблудамі і крыўляннем прасмердла паветра!

Майце ж адвагу паверыць сабе і нутробе сваёй! Хто не верыць сабе, той заўсёды хлусіць.

Абалонкаю божышча прыкрыліся вы, «чыстыя»: пад абалонкаю гэтаю схаваўся ваш агідны кольчаты чарвяк.

Праўда, вы ашукваеце, «сузіральнікі»! Самога Заратустру абдурылі вы калісьці боскаю абалонкаю сваёю: не распазнаў ён пад ёю гадзючых колцаў.

Калісьці здалося мне, што нейкая боская душа гуляе ў гульнях вашых, вы, чыстыя пазнавальнікі! Я тады лічыў, што лепшага мастацтва за ваша няма!

Далячынь хавала ад мяне гадзючую нечысць і мярзотны смурод, і я не падазраваў, што там вывінаецца пажадлівая яшчарчына хітрына.

Але я падышоў да вас бліжэй: і развіднела мне, а цяпер развіднела і вам — скончыліся любоўныя залёты месяца!

Зірніце! Стаіць ён, заспеты на месцы, бледны, перад ранішняй зарою!

Бо ўжо ідзе палаючае сонца, да зямлі хіліцца каханне яго? Каханне сонца — нявіннасць і жаданні стваральніка!

Зірніце, як нецярпліва падымаецца яно з-за мора! Ці ж не адчуваеце вы прагі і гарачага подыху яго кахання?

Яно прагне ўпіцца морам і падняць у сваю вышыню блакітнасць яго; і тысячаю грудзей падымаецца да яго мора.

Бо мора хоча, каб сонца цалавала яго і ўпівалася ім; яно хоча зрабіцца паветрам, і вышынёю, і сцежкаю святла, і самім святлом!

Далібог, як сонца, люблю я жыццё і ўсе глыбокія моры.

І вось што ў мяне называецца пазнаннем: каб усё глыбокае паднялося на вышыню маю!»

Так сказаў Заратустра.

Пра вучоных

«Аднаго разу, калі я спаў, баран з'еў плюшчавы вянок на маёй галаве; з'еў і сказаў: «Заратустра больш не вучоны».

І, сказаўшы гэта, ён пагардліва адышоў і ганарыста. Адно дзіця расказала мне пра гэта.

Я люблю ляжаць тут, дзе гуляюць дзеці, каля разваленага мура, у бадзяках і чырвоных маках.

Я ўсё яшчэ вучоны для дзяцей, і бадзякоў, і чырвоных макаў. Не вінаватыя яны нават у злосці сваёй.

Але ў бараноў я ўжо больш не вучоны: такая ўжо доля мая — хай будзе яна дабраславёная!

Бо праўда яна вось: пайшоў я з жытлішча вучоных, ды яшчэ і дзвярыма бразнуў.

Надта доўга сядзела мая галодная душа за іх сталом: не навучыўся я спазнаваць, як яны, — з такім самым спрытам, як лускаюць арэхі.

Я люблю свабоду і чыстае паветра над свежай зямлёю; лепей мне спаць на бычыных скурах, чым на іхніх годнасцях і шаноўлях.

Я занадта гарачы і таму згараю ад сваіх думак: мне часта перасмыкае дыханне. І тады трэба мусова вырвацца на прастору, прэч з усіх гэтых пыльных пакояў.

А яны вылежваюцца ў халадку: яны хочуць быць толькі гледачамі і не смеляцца сядзець там, дзе сонца паліць прыступкі.

Як разявы на вуліцах, што лупяць вочы на прахожых, так чакаюць і яны, і лупяць вочы на думкі, прыдуманыя не імі.

Пачапай іх рукамі, і падымецца пыл, як ад мяхоў з мукою; хто б мог падумаць, што гэты пыл — ад зерня і залатых дарункаў нівы?

Калі яны ўдаюць з сябе мудрацоў, мяне мароз па скуры дзярэ ад іх нікчэмных праўд і выслоўяў; і часам ад іх мудрасці патыхае такім смуродам, быццам яе спарадзіла балота: і праўда, я нават чуў, як жабы кумкалі з яе!

Спрытнюгі яны, і разумныя ў іх пальцы: што там мая прастадушнасць перад іхняй крывадушнасцю! Яны могуць усё — шыць, вязаць, ткаць: вось і вяжуць яны панчохі духу!

Яны — выдатныя гадзіннікавыя механізмы: трэба толькі ў час накручваць! Тады яны без памылак паказваюць час, з далікатным шумком.

Нібы млыны і ступы, працуюць яны — толькі паспявай падсыпаць у іх зерне! Ужо ж яны перамелюць яго ў белы пыл.

Кожны пільна сочыць за пальцамі суседа, і не надта давяраюць яны адно аднаму. Здатныя да маленькіх хітрын, яны сочаць за тымі, чые веды накульгваюць, і пільнуюць, як павукі.

Я бачыў, як асцярожна гатуюць яны атруту: пры гэтым заўсёды нацягваюць шкляныя пальчаткі на пальцы.

І такімі касцямі яны ўмеюць гуляць: і гуляюць з запалам, аж іх кідае ў пот.

Чужыя мы адно аднаму, і іхнія цноты мне нават больш агідныя, чым падступства і фальшывыя косці ў гульні.

І калі я жыў сярод іх, жыў я над імі. І за гэта яны не любілі мяне.

Яны і слухаць не хацелі пра тое, каб хто-небудзь хадзіў над іхнімі галовамі; і таму паміж мною і сабою, над галовамі сваімі, яны наклалі дрэваў, зямлі і смецця.

Так заглушылі яны шум крокаў маіх: да гэтага часу найгорш мяне чулі сама найвучонейшыя.

Усе памылкі і слабасці людзей паклалі яны паміж сабою і мною: «чорнай падлогай» называецца гэта ў іхніх дамах.

Але нягледзячы на гэта, я са сваімі думкамі хаджу паверх іхніх галоў; і калі б я захацеў пайсці дарогаю сваіх памылак, дык і тады я быў бы вышэй.

Бо людзі не роўныя: так кажа справядлівасць. І тое, чаго я хачу, яны не маюць права хацець!»

Так сказаў Заратустра.

Пра паэтаў

«З таго часу, як я лепей ведаю цела, — сказаў Заратустра аднаму свайму вучню, — я кажу пра дух толькі ў параўнаўчым сэнсе; і ўсё «непрамінальнае — таксама толькі параўнанне».

«Я ўжо чуў гэта ад цябе аднаго разу, — адказаў вучань, — і тады ты яшчэ дадаў: «А паэты залішне маняць». Чаму ты сказаў, што паэты залішне маняць?»

«Чаму? — сказаў Заратустра. — Ты пытаешся чаму? Я не той, у каго можна пытацца пра ўсе іх «чаму».

Не ўчора пачалося маё жыццё! Даўно ўжо я перажыў асновы сваіх меркаванняў.

Ці не быў бы я бочкаю памяці, калі б насіў пры сабе ўсе свае асновы!

Захоўваць свае меркаванні — ужо і гэта залішне для мяне; а колькі птушак ужо адляцела!

І сярод іх у галубятні маёй ёсць нейкая залётная, не вядомая мне; яна дрыжыць, калі я кладу на яе руку.

Дык што ж табе аднаго разу сказаў Заратустра? Што паэты залішне маняць? Але і сам Заратустра — паэт.

А цяпер ці верыш ты, што тут ён сказаў праўду? Чаму верыш?»

Вучань адказаў: «Я веру ў Заратустру». Але Заратустра пахітаў галавою і ўсміхнуўся.

«Вера не робіць з мяне праведнага, — сказаў ён, — тым больш вера ў мяне.

Але пастановім сабе, што нехта сказаў сур'ёзна, быццам паэты залішне маняць: ён меў бы рацыю — мы залішне манім.

Мы вельмі мала ведаем і блага вучымся: таму мы і мусім маніць.

І хто з нас, паэтаў, не разводзіў свайго віна? Колькі атрутных мяшанак было прыгатавана ў скляпах нашых; там шмат чаго адбывалася, чаго і апісаць не спасобіць.

І як што мы мала ведаем, нам даспадобы ўбогія духам, асабліва — маладыя жанчыны!

Мы таксама вельмі кідкія да ўсяго, што вечарамі распавядаюць старыя кабеты. Гэта ў сабе мы называем Вечна-Жаночым.

І нібыта існуе нейкі таямнічы, адмысловы шлях да ведання, прысыпаны, таму, хто нечагась навучыўся: во так во — верым мы ў народ і ў «мудрасць» ягоную.

А вось у што вераць усе паэты: калі хто ляжыць у траве альбо на голым пагорку і цікуе вухам, дык улоўлівае нешта такое, што лунае паміж небам і зямлёй.

І калі паэтаў ахінаюць наплывы пяшчоты, яны перакананыя, што сама прырода закахалася ў іх.

І што яна ціхенька скрадаецца да іх і нашэптвае ім нешта таямнічае, ліслівыя словы: гэтым яны ганарацца і задаюцца перад усімі смяротнымі!

О, як многа розных рэчаў паміж небам і зямлёй, пра якія даюць сабе летуценіць толькі паэты!

І тым больш пра тое, што над небам: бо ўсе багі — сімвалы і паэтычныя вычуды!

Праўда, нас заўсёды цягне ўгору, у царства захмар'я: на хмары мы садзім стракатыя пудзілы называем іх багамі і Звышчалавекамі...

Яны занадта лёгкія на такія крэслы! — і гэтыя багі, і Звышчалавекі!

Ах, як я змакрэў ад усяго гэтага недасягальнага, што мусова пнецца зрабіцца падзеяй! О, як я стаміўся ад паэтаў!»

Пакуль гаварыў Заратустра, вучань сердаваў на яго, але маўчаў. Замоўк і Заратустра: а позірк ягоны быў скіраваны ўсярэдзіну сябе, і здавалася, што глядзеў ён кудысьці ўдалечыню. Нарэшце ўздыхнуў.

«Я — ад сёння і ад учорага, — сказаў ён, — але ёсць ува мне і нешта ад заўтра, і ад паслязаўтра, і ад запаслязаўтра.

Я стаміўся ад паэтаў, старых і новых: надта павярхоўныя для мяне ўсе гэтыя плыткія моры.

Яны мыслілі недастаткова ўглыбіню: таму і пачуццё іх не даставала да самых асноў.

Трошкі юрлівасці, трошкі нуды — гэта яшчэ лепшыя іхнія думкі.

А мне іх прывідныя павевы і подыхі — гэта ад брынчання іхніх арфаў; што яны дагэтуль ведалі пра палкасць гукаў!..

Яны таксама недастаткова чыстыя: каламуцяць ваду, каб яна здавалася глыбейшаю.

Яны любяць выдаваць сябе за ўлагодцаў: але ў мяне яны заўсёды толькі пасрэднікі і мяшальнікі, неданоскі і нячыстыя!..

Ах! Часта закідваў я мярэжы ў іхняе мора, каб злавіць добрую рыбіну; а лавіў заўсёды толькі галаву якога-небудзь старавечнага божышча.

Так, галоднаму мора дало камень. Магчыма, што і самыя яны выйшлі з мора.

Вядома, і сярод іх пракідаюцца перлы: але гэта яшчэ больш надае ім падабенства з цвёрдымі ракавінамі. І часта замест душы я знаходзіў у іх толькі салёную слізь.

У мора навучыліся яны і гардзейства: ці ж бо мора — не пава над павамі?

І перад найбрыдчэйшым буйвалам раскукольвае яна хвост і ніколі не стамляецца круціць сваім карункавым веерам з срэбра і шоўку.

Атупела глядзіць на яе буйвал, і душа яго падобная на пясок, яшчэ больш падобная на нетру, а найбольш на балота.

Што яму хараство, і мора, і павіныя строі! Такую вось прыпавесць апавядаю я пра паэтаў.

Праўда, дух у іх — таксама пава над павамі і мора гардзейства!

Духу паэтаваму патрэбныя гледачы: хай гэта будуць хоць буйвалы!..

Але я стаміўся ад гэтага духу: і прадбачу час, калі ён стоміцца сам ад сябе.

Я ўжо бачыў паэтаў, якія пераўтварыліся і звярнулі свой позірк на сябе.

Я бачыў пакаянцаў духам: яны выраслі з паэтаў».

Так сказаў Заратустра.

Пра вялікія падзеі

На моры ёсць выспа — непадалёк ад шчасных выспаў Заратустры, — на ёй заўсёды курыцца вулкан; народ, і асабліва старыя кабеты, казалі пра гэтую выспу, што яна каменная глыбіна перад брамаю ў пекла; а ўсярэдзіне самога вулкана ёсць вузкая дарога ўніз да самай брамы.

І вось, у той самы час, калі Заратустра жыў на шчасных выспах, сталася так, што адзін карабель кінуў якар каля выспы, на якой курыўся той вулкан; і каманда сышла з карабля на бераг, каб папаляваць на трусоў. А калі пазней, недзе пад полудзень, капітан і яго людзі сабраліся разам, яны раптам убачылі, што нехта ляціць да іх у паветры, і нечы голас ясна сказаў: «Пара! Даўно пара!» Калі ж гэты прывід наблізіўся да іх — а ён шпарка, як цень, ляцеў да вулкана, — яны, ашаломленыя, пазналі ў ім Заратустру; бо ўсе, акрамя капітана, бачылі яго няраз і любілі, як любіць люд — спалучаючы любоў з нясмеласцю.

«Паглядзіце! — сказаў стары стырнік, — Заратустра ляціць у пекла!..»

Якраз таго самага часу, калі карабельнікі прысталі да выспы, разнеслася пагудка, што Заратустра знік; і калі пыталіся ў сяброў пра яго, тыя казалі, што ён уначы пайшоў да карабля, не сказаўшы, куды хоча адплысці.

Так узнік закалот, а праз тры дні, калі даведаліся пра відзежы ў карабельнікаў, ён памацнеў; і ўвесь народ загаварыў, што Заратустру звалок д'ябал. Праўда, ягоныя вучні смяяліся з гэтае галамоўзіны; адзін сказаў нават: «Я хутчэй паверу, што Заратустра сам звалок д'ябла». Аднак у глыбіні душы ўсе сумеліся і хваляваліся: дзіва што радасці было, калі на пяты дзень Заратустра паявіўся сярод іх.

І вось Заратустраў расказ пра гутарку з Агнявым Сабакам.

«Зямля, — сказаў ён, — мае абалонку; і абалонку гэтую абчапілі хваробы. Напрыклад, адна такая хвароба называецца — «чалавек».

А другая хвароба называецца «Агнявы Сабака»: і пра яго людзі хлусілі і дазвалялі хлусіць.

Каб разамкнуць таямніцу, перайшоў я мора і ўбачыў праўду голую! Босую з ног да галавы.

Цяпер я ведаю, што такое Агнявы Сабака і ўсе гэтыя дэманы вывяржэння і абвяржэння, якіх баяцца не адны толькі старыя кабеты.

«Выходзь, Агнявы Сабака, са сваёй прорвы! — крыкнуў я. — І прызнавайся, ці настолькі глыбокая прорва твая? Адкуль бярэцца ўсё тое, што ты вырыгаеш на нас?

Ты многа п'еш з мора: гэта відаць па солі твайго красамоўства. Сапраўды, як на сабаку з прорвы ты залішне ясі з паверхні!

Я лічу цябе нутравешчам зямлі, і не болей за тое: кожнага разу, чуючы дэманаў вывяржэння і абвяржэння, я лічыў іх падобнымі да цябе — падсоленымі, хлуслівымі і пляскатымі.

Вы ўмееце рыкаць і засыпаць попелам! Вы — непамысныя выхвалякі, вы дасканала авалодалі майстэрствам так награваць глей і слізь, каб яны закіпалі.

Дзе вы, там паблізу заўсёды павінен быць глей і мноства губкападобных, пячорыстых і створкава-зашчэмленых: усё гэта рвецца на волю.

«Воля», — радасна рыкаеце вы: але я адвык верыць у вялікія падзеі, калі вакол іх так многа ляманту і чаду.

І павер мне ты, пякельны шум! Найвялікшыя падзеі — гэта не сама галаслівыя, а нашы сама сцішаныя гадзіны.

Не вакол выдумшчыкаў новага галасу, а вакол вынаходцаў новых каштоўнасцяў круціцца свет; нячутна круціцца ён.

І прызнай, што як толькі рассеецца дым і астыне твой грукат, выявіцца, што не было анічога. Вялікая важнасць, калі які-небудзь горад знябыўся, як мумія, а якая-небудзь статуя ляжыць у брудзе?

І вось што яшчэ я хачу сказаць усім звяргальнікам статуяў: далібог, гэта найвялікшае глупства — кідаць соль у мора, а статуі ў бруд.

У брудзе пагарды вашай ляжала статуя: але на тым і трымаецца закон яе, што з прыніжэння зноў паўстае жыццё і жывая прыгажосць!

І вось — у боскім німбе падымаецца яна цяпер, яшчэ больш панадная ў пакутніцтве сваім; і сапраўды, яна яшчэ падзякуе вам за тое, што вы скінулі яе, разбуральнікі!

Такую параду я даю каралям, і цэрквам, і ўсяму, што злядашчылася пад цяжарам гадоў і аслабла ад цнотаў сваіх: дайце скінуць сябе! І вы зноў вернецеся да жыцця, а дабрачыннасць вернецца да вас!»

Так я казаў Агнявому Сабаку. Тут ён панура перапыніў мяне і спытаўся: «Царква? Што гэта такое?»

«Царква, — адказаў я, — гэта своеасаблівая дзяржава, але вельмі ілжывая. Аднак жа замоўкні, падступны сабачыска! Ці ж ты не ведаеш суродзічаў сваіх!

Як і ты сам, дзяржава ёсць сабака крывадушнасці; як і ты, яна любіць гаварыць сярод дыму і грукату, каб прымусіць верыць, як гэта робіш і ты, быццам гаворыць яна з нутра рэчаў.

Бо яна мусова хоча быць найважнейшым зверам на зямлі; і вераць ёй, што яна здольная на гэта».

Пасля маіх слоў Агнявы Сабака стаў, як кручаны, круціцца ад зайздрасці. «Як так? — закрычаў ён. — Як так найважнейшым зверам на зямлі? І ў гэта вераць?» І столькі дыму і жахлівага ляманту шуганула з пашчы яго, што я аж падумаў, а ці не задыхнецца ён ад гневу і зайздрасці.

Нарэшце ён супакоіўся, і аслабла пыхценне яго; але як толькі ён змоўк, я сказаў яму са смехам:

«Ты злуешся, Агнявы Сабака: значыцца, я слушна думаў пра цябе!

А каб мне так і застацца слушным, паслухай пра другога Агнявога Сабаку: ён і праўда вяшчуе з самога сэрца зямлі.

Золата і залаты дождж вывяргае дыханне ягонае: так хоча сэрца. Што яму попел, што яму чад і гарачая слізь!

Як каляровыя хмары, вылятае смех з ягонае пашчы; гідзяць яго тваё клекатанне, і пляўкі, і турзоты твайго чэрава!

А золата і смех — ён бярэ з сэрца зямлі: бо, ведай жа і ты, нарэшце: сэрца зямлі — з золата».

Калі Агнявы Сабака пачуў гэта, ён не меў болей змогі слухаць мяне. Прысаромлены, падцяў ён хваста, неяк ляніва збрахнуў сваё «Гаў! Гаў!» і папоўз у бярлог свой».

Так расказваў Заратустра. Але вучні ледзьве слухалі яго: так рупела ім расказаць яму пра карабельнікаў, трусоў і лятучага чалавека.

«Што мне сказаць вам на гэта? — адказаў Заратустра. — Хіба я прывід?

Мусіць, то быў мой цень. Вы, напэўна, ужо чулі што-небудзь пра вандроўніка і ягоны цень?

Пэўнасць адна: мне трэба мацней зашворыць яго, інакш загубіць ён маю добрую славу».

І зноў пахітаў галавою Заратустра і здзівіўся. «Што гэта азначае? — паўтарыў ён. — Чаму прывід крычаў: «Пара! Даўно пара?!»

Што — даўно пара?»

Так сказаў Заратустра.

Вяшчун

«...і ўгледзеў я: вялікая маркота сышла на людзей. Сама лепшыя стаміліся ад працы сваёй.

Вучэнне з'явілася, побач з ім подбегам — вера: «усё пустое, усё роўнае, усё ўжо было!»

І рэхам з усіх пагоркаў пайшло: «усё пустое, усё роўнае, усё ўжо было!»

Праўда, мы сабралі ўраджай: але чаму пагнілі, чаму пацвілі плады? Што ўпала апошняе ночы з ліхога месяца?

Марная была ўся наша праца, атруцянела наша віно, сурочлівае вока зжухліла нашы палеткі і сэрцы.

Усе мы высахлі; і калі б агонь нас усіх ахапіў, мы попелам рассыпаліся б: але і сам агонь мы стамілі.

Усе студні высахлі ў нас, нават мора адступіла. Зямля хоча раскалоцца, але бездань не хоча нас паглынаць!

«Ах, дзе тое мора, каб у ім утапіцца?» — такая наша скарга сярод панылых балот.

Сапраўды, да смерці стаміліся мы; і вось мы чуваем і жывём далей — у магільнях!»

Такія словы пачуў Заратустра ад аднаго вешчуна; і прароцтва ягонае запала ў сэрца, і ён перамяніўся. Маркотны і стомлены хадзіў ён усюды; і зрабіўся падобны да тых, пра якіх гаварыў вяшчун.

«Сапраўды, — сказаў ён вучням сваім, — яшчэ крыху, і прыйдуць гэтыя доўгія поцемкі. Ах, як ўратаваць ад іх маё святло!

Каб не патухла яно сярод гэтай маркоты! Далёкім сусветам павінна свяціць яно і сама далёкім ночам!»

Так, замаркочаны ў сэрцы сваім, хадзіў паўсюды Заратустра; тры дні ён нічога не еў і не піў, не меў адпачынку і страціў дар слова. Нарэшце сталася так, што заснуў ён глыбокім сном. А вучні яго сядзелі доўгія ночы вакол яго і клапатліва сачылі, калі прачнецца ён, калі загаворыць зноў, ацалёны ад сваёй скрухі.

І вось словы, якія сказаў Заратустра, прачнуўшыся; а голас ягоны даходзіў да вучняў, нібы з далёкае далечы.

«Паслухайце, сяброве мае, сон, які я сасніў, і дапамажыце мне разгадаць яго сэнс!

Загадка ён мне, гэты сон, яго сэнс схаваны і не лунае над ім на крылах.

Снілася мне, быццам я адмовіўся ад жыцця. Я стаў начным вартаўніком на могілках; там, на самотнай гары — у палацы Смерці.

Там я ахоўваў труны: поўныя былі скляпенні трафеяў яе перамог. Са шкляных дамавін глядзела на мяне пераможанае жыццё.

Я дыхаў паветрам запыленай вечнасці; задыхалася пылам, млела мая душа. Хто мог там асвяжыць сваю душу?

Светлыня поўначы атачала мяне, а побач, на кукішках, сядзела мая адзінота, і яшчэ трэцяя — хрыплівая мёртвая цішыня, найпершая сяброўка.

Насіў я з сабою ключы, сама паржавелыя; і сама рыпучыя дзверы ўмеў я адчыняць імі.

Як злавеснае краканне, ляцеў скрыгат па калідорах, калі падымаліся палавіны дзвярэй: вусцішна крычаў гэты птах, не даваўся, каб будзілі яго.

Але яшчэ вусцішней сціскалася сэрца, калі ўсё зноў аціхала, калі ўсё зноў апаноўвала цішыня, і я заставаўся адзін у падступнай моўчы.

Так ішоў і поўз час, калі толькі яшчэ быў час; што я ведаю пра тое! Але аднаго разу сталася нешта такое, што абудзіла мяне.

Тры разы бразнулі ў браму, як громам, тройчы загулі, завылі скляпенні ў адказ: і тады я падышоў да брамы.

«Альпа! — крыкнуў я. — Хто нясе свой попел на гару? Альпа! Альпа! Хто нясе свой попел на гару?»

І я націскаў на ключ і напіраў на браму, каб адчыніць яе. Але ні на палец не адчыніў.

Раптам віхурны вецер расхінуў свае крылы: са свістам разрэзаў паветра і кінуў мне чорную дамавіну.

І ў віску, і ў выцці, і грукаце дамавіна раскалолася і выплюнула тысячастайны рогат.

І тысяча твараў дзяцей, анёлаў, соваў, блазнаў і матылькоў ростам з дзяцей — усё гэта здзекліва раўло і рагатала з мяне.

Я страшна спалохаўся, і ўпаў на зямлю, і крычаў ад жудасці так, як не крычаў ніколі.

І мой крык разбудзіў мяне — і я апамятаўся...»

Заратустра расказаў свой сон і замоўк, бо не ведаў яшчэ, як яго растлумачыць. Тады вучань, якога ён найболей любіў, падняўся, схапіў Заратустру за руку і сказаў:

«Само жыццё тваё тлумачыць нам твой сон, о Заратустра!

Ці ж сам ты не вецер з віхурным свістам, які адчыняе браму ў замку Смерці.

Ці ж сам ты не дамавіна, поўная разнастайных і стракатых твараў зла, а таксама анёльскіх абліччаў жыцця?

Сапраўды, як разнастайны — на тысячу ладоў — дзіцячы смех, уваходзіць Заратустра ва ўсе магільніцы, смяецца з начных ахоўцаў магіл, што брынчаць сваімі ржавымі ключамі.

Страшыць і скідаць ты іх будзеш сваім смехам; і няпамяць іхняя, і абуджэнне засведчаць тваю ўладу над імі.

І нават калі настануць доўгія поцемкі і смяротная стома, ты не сыдзеш з небасхілу нашага, о заступнік жыцця!

Новыя зоркі ты нам паказаў і па-новаму даў нам убачыць велікапышнасць начы; сам смех ты раскінуў над намі, быццам шматкаляровы кілім.

Ад сёння і назаўсёды трупы мерцвякоў стануць крыніцай дзіцячага смеху; заўсёды будзе дзьмуць магутны вецер, будзе трыумфаваць над смяротнай стомленасцю: у гэтым ты зарука і вяшчун!

Сапраўды, іх ты сасніў, тваіх ворагаў: гэта быў твой сама цяжкі сон!

Але як пазбыўся ты гэтых відзежаў і здабыў сябе, так і яны павінны прачнуцца ад саміх сябе — і прыйсці да цябе!»

Так сказаў вучань; і ўсе астатнія зграмадзіліся вакол Заратустры, хапалі яго за рукі і ўмаўлялі яго пакінуць ложак і скруху сваю і вярнуцца да іх. А Заратустра сядзеў проста на ложку, з чужым позіркам. Як чалавек, што вярнуўся з далёкай чужыны, глядзеў ён дапытліва ў твары сваім вучням; і яшчэ не пазнаваў іх. Калі ж яны аднялі яго і паставілі на ногі, тады адразу перамяніўся позірк ягоны; ён зразумеў усё, што адбылося, пагладзіў сваю бараду і сказаў вялікім голасам:

«Ну што ж! На ўсё свой час; але парупцеся мне, вучнёве мае, каб у нас сёння быў добры абед, ды баржджэй, баржджэй! Так я хачу акупіць свае благія сненні!

А вяшчун няхай есць і п'е поруч са мною: сапраўды, я пакажу яму мора, у якім ён можа патануць!»

Так сказаў Заратустра. І пасля доўга ўзіраўся ў твар свайго вучня, які растлумачыў сон, і пры гэтым хітаў галавой.

Пра збавенне

Аднаго разу, калі Заратустра ішоў цераз вялікі мост, абступілі яго калекі і жабракі, і адзін гарбаты сказаў яму так:

«Бачыш, Заратустра! Ужо і народ вучыцца ў цябе і пачынае верыць у тваё вучэнне: але каб ён да канца паверыў табе, патрэбна вось яшчэ што — ты павінен пераканаць нас, калек! Тут ты маеш выдатны выбар, і, сапраўды, спрыяльная магчымасць: скарыстайся ёю! Ты можаш ацаляць сляпых, і кульгавыя ў цябе бегаюць, ты мог бы хоць крыху палегчыць ношку тым, у каго яна лішне цяжкая і мулкая: гэта была б выдатная нагода, каб калекі паверылі ў Заратустру!»

Але Заратустра запярэчыў таму, хто гаварыў:

«Калі адабраць у гарбатага горб, гэтым самым ты пазбавіш яго духу ягонага — так вучыць народ. І калі сляпому вярнуць зрок, лішне шмат благога ўбачаць вочы ягоныя на зямлі — і пракляне ён лекара свайго. А той, хто дае кульгаваму бегаць, робіць яму вялікую шкоду: бо наўрад ці ён здолее бегаць так борзда, каб заганы яго не апярэджвалі — так гаворыць народ пра калек. І чаму б Заратустру не павучыцца ў народа, калі народ вучыцца ў Заратустры?

З таго часу, як я жыву сярод людзей, у мяне гэта зло найменшае, калі бачу я, што ў аднаго не хапае вока, у другога — вуха, у трэцяга — нагі; а ёсць і такія, што без языка або без носа, а то і без галавы.

Я бачу і бачыў горшае, а часам — настолькі брыдкае, што пра тое-сёе не хацелася б гаварыць, а шмат пра што ўжо не магу маўчаць, а менавіта: ёсць людзі, якім бракуе ўсяго, але яны маюць непамерны лішак у адным, гэта — людзі, якія яўляюць сабою толькі адно вялізнае вока, альбо адзін вялікі рот, альбо жывот, альбо яшчэ што-небудзь адно, але велізарнае, — калека навыварат называю я такіх.

І калі я пакінуў сваю самоту і першы раз ішоў па гэтым мосце, дык не паверыў сваім вачам, — доўга я прыглядваўся і нарэшце сказаў: «Гэта ж бо вуха! Вуха велічынёю з чалавека!» Яшчэ пільней прыгледзеўся я, і сапраўды, пад вухам варушылася нешта незвычайна нікчэмнае, маленькае і кволае. Пачварнае вуха сядзела на слабой тоненькай сцябліне, а сцяблінай гэтай быў чалавек! Праз павелічальнае шкло можна было нават разгледзець малюпасенькі, зайздрослівы тварык, а таксама пухленькую душку, якая трымцела на той сцяблінцы. А народ сказаў мне, што гэтае вялікае вуха не толькі чалавек, але і вялікі муж, геній. Але я не веру народу, калі ён гаворыць пра вялікіх людзей, і таму застаюся пры цвёрдай думцы, што гэта — калека навыварат, у якога ўсяго надта мала і толькі аднаго занадта шмат».

Сказаўшы так гарбатаму і тым, за каго ён заступаўся і каму быў тлумачом, Заратустра з глыбокім абурэннем звярнуўся да вучняў і сказаў:

«Праўда, сяброве мае, я хаджу сярод людзей, нібы сярод абломкаў чалавека!

Найжахлівейшае ў маіх вачах — бачыць чалавека разарванага і раскіданага, як на бойні або на полі бою.

І калі мае вочы ўцякаюць ад цяперашняга да мінулага — яны знаходзяць адно і тое: абломкі, і асобныя часткі, і фатальныя выпадковасці — але аніводнага чалавека!

Цяперашняе і мінулае на зямлі — о сяброве мае! Гэта сама невыноснае мне; і калі б я наперад не бачыў таго, што ідзе, я б не ведаў, як мне жыць.

Прарок і стваральнік, які выконвае волю сваю, — гэта ёсць будучыня і мост да яе; а апрача таго, нешта накшталт калекі на гэтым мосце: усё гэта — Заратустра.

І вы таксама часта пыталіся ў сябе: «Хто нам Заратустра? Як мы павінны называць яго?»

І, як і я, вы адказвалі сабе пытаннямі.

Абяцальнік? Або выконвае абяцанне? Заваёўнік? Або спадчыннік? Восень? Або плуг? Лекар? Або вылечаны?

Ці не паэт ён? Ці не выступае за непрыхарошаную праўду? Вызвольнік? Утаймавальнік? Добры? А мо ліхі?

Я хаджу сярод людзей, як сярод руінаў будучыні: той будучыні, якую бачу я.

І ў гэтым сэнсе і жаданні мае — сабраць разам і злучыць гэтыя абломкі, загадкі і фатальныя выпадковасці.

І як бы перажыў я тое, што я — чалавек, калі б чалавек не быў паэтам, збаўцам ад выпадковасці і адгадчыкам усіх загадак.

Выратаваць тых, што былі да нас, і ўсякае «Было» ператварыць у «Такая-была-воля-мая!» — толькі гэта я назваў бы збавеннем!

Воля — вось імя вызвольніка і весніка радасці: так я вучыў вас, сяброве мае! А цяпер навучыцеся яшчэ і вось чаго: сама воля яшчэ ў палоне.

«Хацець» — вызваляе: але як назваць тое, што і вызвольніка закоўваюць у кайданы?

«Было» — так называецца ў волі яе скрыгат зубоўны і яе затоеная скруха. Бяссілая супроць таго, што ўжо спраўдзілася, злосна глядзіць яна на ўсё мінулае.

Воля не можа хацець назад; не можа яна адолець час і яго прагную ўпартасць — у гэтым яе затоены смутак.

«Хацець» — вызваляе: што ж прыдумвае воля, каб пазбыцца смутку і пасмяяцца са свайго турэмшчыка?

Ах, блазнам робіцца кожны палонны! І дурасць усё тое, як вызваляе сябе паланёная воля.

Яе патаемная дурасць — што час не бяжыць назад; «Было» — так называецца камень, які яна не можа зрушыць з гнязда.

І вось коціць яна камяні дурасці і абурэння і помсціць тым, хто, як яна, не адчувае нянавісці і прыкрасці.

Так воля, вызвольніца, пачала прычыняць боль усяму, што здольнае адчуваць пакуты; помсціць яна за тое, што не можа павярнуць час назад.

Сутнасць гэтае помсты толькі ў адным: у агідзе волі да часу і ягонага «Было».

Праўда, найбольшая дурасць жыве ў волі нашай, і праклёнам стала ўсяму чалавецтву тое, што дурасць гэтая ўспрыняла дух!

Дух помсты: сяброве мае, дагэтуль гэта ўважалася за сама значнае дасягненне чалавечай думкі: і там, дзе была пакута, заўсёды абавязкова жыла і кара.

«Кара» — менавіта так называе сябе помста; хаваючы ману сваю за гэтым словам, яна лісліва пераконвае сябе ў чысціні свайго сумлення.

І як што чалавек, выяўляючы сваю волю, заўсёды пакутуе, што не можа павярнуць яе назад, дык і самую гэтую волю, і жыццё наогул палічылі караю!

І вось — хмара за хмарай грувасціліся над духам, пакуль нарэшце вар'яцтва не прамовіла: «Усё мінае, таму ўсё вартае таго, каб мінаць!»

«І ў гэтым сама справядлівасць і закон часу, — каб час жэр дзяцей сваіх» — так прапаведавала шаленства.

«У свеце ўсе рэчы маральна ўсталяваны паводле закону і кары. О, у чым здабыць збавенне ад зменлівасці рэчаў і кары на імя «Быццё»? — так прапаведавала вар'яцтва.

«Ці можна ўратавацца, ці ёсць якое вечнае права? На жаль, не зрушыць камень здзейсненага ў мінулым: помста таксама павінна быць вечная!» — так прапаведавала вар'яцтва.

«Ніводнага ўчынку ўжо нельга адмяніць: немагчыма караю зрабіць учынак няўчыненым. Бо вось у чым вечнасць гэтай кары, кары Быццём: Быццё навек асуджана зноў і зноў рабіцца ўчынкам і віною!

Пакуль нарэшце воля не здабудзе збавення ад сябе самой і не зробіцца воляй да адсутнасці волі», — але вы і самыя ведаеце, братове мае, гэтую песню шаленства!

Я зводзіў вас далей ад гэтых баек, калі вучыў: «Воля — гэта стваральніца».

Усялякае «Было» — гэта абломак, загадка, фатальная выпадковасць, — да таго часу, пакуль стваральная воля не абвесціць: «Але ж так хачу я! Так захачу я!»

Хіба яна так ужо казала? Калі ж гэта? Ці вызвалілася воля ад сваёй дурасці?

Ці стала яна сама сабе збавіцелькай і весніцай радасці? Ці забылася пра дух помсты і скрыгат зубоў?

І хто навучыў яе мірыцца з часам і што — вышэй за ўсякае замірэнне?

Вышэй, чым усякае замірэнне, павінна хацець, воля, якая ёсць воля да ўлады: але калі тое будзе? Хто навучыў яе яшчэ і хацець назад?»

Але на гэтым месцы сваёй прамовы Заратустра раптам спыніўся; здалося, быццам напаў на яго вялікі страх. Спалоханымі вачыма абвёў ён сваіх вучняў; нібы страла, пранізаў яго позірк іх думкі і таемныя намыслы. Але праз хвіліну ён засмяяўся і дабрадушна сказаў:

«Цяжка жыць з людзьмі, бо цяжка маўчаць. Асабліва — балбатуну».

Так казаў Заратустра. А гарбаты прыслухоўваўся да яго слоў, схаваўшы твар; пачуўшы, што Заратустра смяецца, цікаўна зірнуў на яго і паволі сказаў:

«Але чаму Заратустра гаворыць з намі інакш, чым са сваімі вучнямі?»

Заратустра адказаў: «Якое ж тут дзіва! З гарбатымі і гаварыць трэба гарбата».

«Добра, — адказаў гарбаты, — а з вучнямі, значыцца, і балбатаць трэба школьна.

Толькі чаму гэта Заратустра гаворыць інакш са сваімі вучнямі, чым з самім сабою?»

Пра людскую мудрасць

«Страшная не вышыня, страшны схіл!

Схіл, дзе позірк зрываецца ўніз, а рука ўзлятае ўгору, каб за што-небудзь учапіцца. Тады трымціць сэрца ад раздваення волі.

О сяброве мае, ці ўгадваеце вы і ў маім сэрцы двайную волю?

Вось ён, мой схіл і мая небяспечная схільнасць, калі мой позірк імкнецца ўгору, а рука шукае апоры ў пустой прасторы, спрабуе ўтрымацца за бездань!

За людзей чапляецца мая воля, ланцугамі вяжу сябе з людзьмі, бо мяне парывае ўгору да Звышчалавека; бо да яго імкнецца мая другая воля.

Вось чаму я слепа жыву сярод людзей; проста, як бы я іх зусім не ведаў: каб мая рука не зусім страціла веру ў цвёрдую апору.

Я не ведаю вас, людзі: гэтая цемра вакол мяне часта была мне суцяшэннем.

Я сяджу каля дарожнае брамы перад усімі шэльмамі і пытаюся: хто хоча мяне ашукаць?

Мая першая людская мудрасць, што я даюся на падман, каб не дацца падманшчыкам.

Ах, калі б я баяўся чалавека, як бы ён тады мог быць якарам майму шарыку! Дужа лёгка панёс ён мяне ўгору і ўдалечыню!

Такое ўжо наканаванне майму лёсу, каб я жыў без асцярогі.

Калі той, хто жыве сярод людзей, не хоча памерці ад смагі, ён павінен навучыцца піць з любой шклянкі; і хто не хоча застацца чыстым, павінен умець умыцца і бруднай вадой.

Так я часта суцяшаў сам сябе: «Дарма! Нічога, стары! Няшчасце ўвінулася ад цябе: цешся ж гэтым, як шчасцем сваім!»

А другая мая людская мудрасць: я болей шаную славалюбных, чым ганарыстых.

Ці ж параненая славалюбнасць не маці ўсіх трагедый? А дзе паранена ганарыстасць, там вырастае нешта лепшае, чым яна сама.

Каб на жыццё было любасна глядзець, трэба, каб яго гульня была любасна згуляная: а на гэта спатрэбяцца добрыя акторы.

Добрых актораў я бачыў ва ўсіх славалюбцах: яны іграюць і хочуць, каб імі захапляліся — увесь дух іхні ў гэтым жаданні.

Яны выстаўляюць сябе, яны выдумляюць сябе: калі я побач з імі, я люблю назіраць жыццё — гэта ацаляе ад маркоты.

Таму я і шкадую славалюбных, што яны мне — лекары ад маёй маркоты і прывязваюць мяне да чалавека, як да відовішча.

І пасля: хто вымераў у славалюбнасці ўсю глыбіню яе сціпласці! Я добры і спагадлівы да яе, бо яна сціплая.

Яна хоча, каб вы навучылі яе верыць у сябе; яна корміцца з вашых вачэй, яна есць пахвалу з вашых рук.

Вашай ілжы яна яшчэ верыць, калі вы хлусіце пра яе нешта прыемнае: бо ў самых глыбінях яе сэрца ўздыхае: «што такое я!»

І калі сапраўдная цнота ёсць тая, што не ведае сама пра сябе, дык гэтая вось яна: славалюбны нічога не ведае пра сваю сціпласць!

І вось мая трэцяя людская мудрасць: я не дапускаю, каб ад вашай пудлівасці мне спрыкрала бачыць ліхіх.

Я шчаслівы, калі бачу дзівосы, спароджаныя гарачым сонцам, — тыграў, пальмы, грымучых змей. Ёсць і сярод людзей дзівосныя спараджэнні гарачага сонца, і ў ліхіх ёсць шмат чаго, каб дзіву дацца.

І, як вашыя мудрацы паказалі сябе не тое каб дужа мудрымі, так і вашае зло не выцягнула на рэпутацыю ліха.

І я часта пытаўся, круцячы галавою: «Навошта яшчэ гэты ваш гром, грымучыя змеі?»

Праўда, і ў ліха ёсць свая будучыня! І сама гарачы поўдзень яшчэ не адкрыты чалавеку.

Як многае ўжо сёння называецца ліхім злом, хоць ушыркі яно дванаццаць крокаў і тры месяцы ўдоўж! Але калі-небудзь прыйдуць на свет большыя цмокі.

Каб Звышчалавеку не забракавала свайго цмока — Звышцмока, трэба, каб гарачае сонца яшчэ доўга палала над сырою нетрай!

Вашыя дзікія каты павінны яшчэ зрабіцца тыграмі, а чарапахі — кракадзіламі: бо спраўнаму мысліўцу — спраўныя ловы!

І праўда, мае вы добрыя і справядлівыя! Шмат смешнага ў вас, асабліва — страх перад тым, што дагэтуль называлася «чортам»!

Вы такія чужыя душою вялікаму, што Звышчалавек быў бы вам страшны ў сваёй даброці!

І вы, мудрыя і ўсёведныя, уцяклі б ад палкай гарачы той мудрасці, у якой Звышчалавек вялікі ахвотнік абмываць сваю галізну!

А вы, людзі найвышэйшыя, якіх бачылі мае вочы! Я спаняверыўся ў вас і ўпотай смяюся з вас: я здагадваюся, — вы майго Звышчалавека чортам назвалі б!

Ах, я стаміўся ад гэтых «вышэйшых» і «найлепшых»: мяне парывае падняцца вышэй ад іх «вышыні», прэч ад іх, угору, да Звышчалавека!

Жах агарнуў мяне, калі я ўбачыў гэтых «найлепшых» голых; і тады крылы выраслі ў мяне, каб лунаць у далёкія будучыні.

У далёкія будучыні, сама паўднёвы Поўдзень, далей за мроі ўсіх мастакоў: туды, дзе багі саромеюцца любой вопраткі.

Але я хачу бачыць пераапранутых вас, суседзі мае і блізкія, у прыгожых строях, шаноўных і славалюбных, як яно і належыць «добрым» і справядлівым».

І сам я хачу сядзець сярод вас пераапрануты — каб не пазнаваць ні вас, ні сябе: і ў гэтым мая апошняя людская мудрасць.

Так сказаў Заратустра.

Найцішэйшая гадзіна

«Што сталася са мною, сяброве мае? Вы бачыце, я — не ў гуморы, гнаны, слухаюся проці волі, гатовы ісці — ах, ісці ад вас!

Так, яшчэ раз мусіць Заратустра вярнуцца ў сваю самоту: але гэтым разам мядзведзь вельмі неахвотна вяртаецца ў бярлог.

Што сталася са мною? Хто мяне змушае на гэта? — О, гэтага вымагае мая гнеўная спадарыня, гэта яна гаварыла са мною; ці называў я вам яе імя?

Учора ўвечары са мною гаварыла мая найцішэйшая гадзіна: гэта імя маёй жудаснай уладаркі. Гэта было так — бо я павінен расказаць вам усё, каб угневалася ваша сэрца на мяне, хто так раптоўна развітваецца з вамі!

Ці ведаеце вы спалох таго, хто засынае?.. Страх забірае яго да кончыкаў пальцаў, бо зямля выходзіць у яго з-пад ног і пачынаецца сон.

Такую вось прыпавесць раскажу я вам. Учора, у сама ціхі час, у час вечаровай цішыні, зямля вымкнулася ў мяне з-пад ног, і пачаўся сон.

Стрэлка пасунулася, гадзіннік майго жыцця перавёў дух — я ніколі яшчэ не чуў такой цішыні вакол сябе; дык вось, маё сэрца спалохалася.

І вось да мяне загаварыла без голасу: «Ты гэта ведаеш, Заратустра?»

І я закрычаў жахліва да гэтага шэпту, і кроў адплыла з майго твару: але я маўчаў.

Тады зноў загаварыла мне без голасу: «Ты ведаеш гэта, Заратустра, але толькі не кажаш!..»

І я нарэшце адказаў, як зацяты: «Ведаю, ведаю, але казаць не хачу!»

І яна зноў безгалоса загаварыла са мною: «Ты не хочаш, Заратустра? Праўда? Не хавайся ў сваёй упартасці!»

І я, плачучы і дрыжучы, як малое, казаў: «Ах, і праўда, я хацеў, але я не магу! Вызвалі мяне ад гэтага! Гэта мне не ў сілу!»

І зноў яна сказала: «Пры чым тут ты, Заратустра! Скажы мне сваё слова і памры!»

Я адказаў ёй: «Ах, хіба ж гэта маё слова? Хто я такі? Я чакаю больш вартага: я не варты нават таго, каб загінуць дзеля яго».

Тады яна зноў сказала безгалоса: «Пры чым тут ты? У табе яшчэ мала пакоры. У пакоры сама шорсткая скура».

І я адказаў: «Чаго толькі ўжо не вынесла скура маёй пакоры! Я жыву ля падножжа сваёй вышыні: якія высокія мае вяршыні? Ніхто яшчэ мне не сказаў гэтага. А мае даліны мне добра вядомыя».

І зноў бязгучна загаварыла цішыня: «О Заратустра, хто павінен рушыць горы, той дасць рух і далінам, і нізінам.

Я адказаў: «Яшчэ ніводнай гары не зрушыла слова маё, і тое, што я казаў, не даходзіла да людзей. Так я пайшоў да людзей, але пакуль што не дайшоў да іх».

І зноў мне моўчкі сказала цішыня: «што ты можаш ведаць пра гэта! Раса ападае на траву ў сама маўклівы час ночы».

І я адказаў: «Яны кпілі з мяне, калі я знайшоў сваю дарогу і пайшоў па ёй; праўда, мае ногі дрыжалі тады».

А яны сказалі: «Ты збіўся з дарогі, а цяпер яшчэ і з нагі!»

І зноў безгалоса сказала яна: «Што табе да кпінаў! Ты той, хто развучыўся слухацца: цяпер ты павінен загадваць!

Хіба ты не ведаеш, хто людзям сама патрэбны? Хто загадвае вялікае.

Цяжка здзейсніць вялікае: але яшчэ цяжэй загадаць яго.

Вось што самае-самае, што не даруецца: ты маеш уладу і не хочаш панаваць».

І я адказаў: «Мне бракуе голасу льва, каб загадваць».

І тады зноў, як бязгучны шэпт, яна сказала: «Словы, якія прыносяць буру, — сама ціхія. Думкі, якія прыходзяць галубінымі лапкамі, кіруюць светам.

О Заратустра, ты павінен быць ценем таго, што ідзе: так будзеш загадваць ты і, загадваючы, пойдзеш паперадзе».

І я адказаў: «Мне брыдка».

І зноў безгалоса сказала яна: «Ты яшчэ павінен зрабіцца дзіцём і не саромецца.

Гонар юнацтва яшчэ ёсць у табе, позна ты стаў хлопцам; але хто хоча зрабіцца дзіцём, павінен адолець і сваё юнацтва».

І я доўга вагаўся і дрыжаў і, нарэшце, сказаў тое самае, што і напачатку: «Я не хачу».

Тады вакол мяне выбухнуў смех. Гора мне! Як гэты смех рваў мае вантробы і кроіў сэрца!

І апошні раз маўклівы голас: «О Заратустра, паспелі твае плады, але сам ты яшчэ не паспеў, каб іх спажываць!

І таму табе зноў патрэбна самота: бо ты яшчэ павінен даспець».

І зноў пачуўся смех, цяпер ужо ён аддаляўся ад мяне; потым вакол мяне стала ціха, стала як бы двайная цішыня. А я ляжаў на зямлі, і пот ліўся з мяне.

Цяпер вы ўсе чулі: чаму я павінен вярнуцца ў самоту. Я нічога не ўтоіў ад вас, сяброве мае.

І ўсё гэта вы пачулі ад мяне, сама шчырага чалавека, — такім я хачу застацца і далей!

О, сяброве мае! І яшчэ сёе-тое я мог бы сказаць вам; і яшчэ штосьці я мог бы даць! Чаму ж не даю? Хіба я скупы?»

Калі Заратустра сказаў гэтыя словы, апанавала яго сіла вялікае скрухі, бо блізілася разлука з сябрамі, і ён загаласіў; і ніхто не мог суцешыць яго. А ўначы ён пайшоў і пакінуў сваіх сяброў.