Мае нашаніўцы

Петрушкевіч Ала


Праблема выбару ў п’есе Янкі Купалы «Паўлінка»

Праз усё жыццё Янка Купала шукаў для сваёй любай Маладой Беларусі шляхоў, каб стала яна гаспадыняй у роднай хаце, каб заняла «свой пачэсны пасад між народамі». Ці мела мажлівасці Беларусь абраць свой шлях, ці мела яна з чаго выбіраць і што ўрэшце магло атрымацца з ейнага выбару — гэтыя пытанні ўзняты Купалам і ў ягоным першым драматычным творы — камедыі «Паўлінка».

Многія купалазнаўцы, аналізуючы п’есу, даследуюць паралель: Паўлінка — Маладая Беларусь[1]. Ці мажлівы ў гэтых залётах шчаслівы фінал — вяселле — для гераіні, што ўжо зрабіла свой выбар? Ці мажліва ёй стаць гаспадыняй у сваёй хаце, калі сама гэта хата — сімвал, «маленькая мадэль Сусвету, ... чалавечы мікракосм» (П.Васючэнка), тая ж геаграфічная, этнаграфічная Беларусь, а Беларусь — Край, «што дачэсна завецца забраным»[2]? (3, 63). Гэта цытата з паэмы Купалы «Чараўнік», напісанай у тым жа, што і «Паўлінка», 1912-ым годзе. У паэме, забароненай за савецкім часам, чараўнік-«слепаводнік» наракае сынам ісці трыма сцежкамі: на ўсход, на захад і тою, «што сваёй не мінае граніцы». Бяда ў тым, што ні адзін шлях не прыносіць шчасця, бо выбару, па сутнасці, няма. Ёсць злы лёс, ёсць прадвызначаныя «слепаводнікам» напрамкі: на ўсходзе — «Напаткае чужацкі крывавы палетак, // І ў крывавай скупаецца рэчцы» (3, 56). (Ці не ёсць гэта алюзіяй на спрадвечную крывавую гісторыю нашых суседзяў на ўсходзе, якая спрэс саткана з захопніцкіх войнаў, гвалтоўных далучэнняў усё новых і новых земляў?) Шлях на захад прывядзе да таго, што «свой палетак любіць стане горай чужога, // Прыпадзе к чужой рэчцы, як п’яўка» (3, 56). Але самае трагічнае, што і тут, у сваім Краі, наканавана «чэзнуць і вянуць націнай, паўцінай, // Смягнуць будзе над роднай крыніцай» (3, 56).

Які выбар ёсць у нашай гераіні Паўлінкі — Маладой Беларусі? І не толькі ў яе, бо выбар, што непасрэдна да яе лёсу, ёсць гэтак жа і выбарам тых, каго нельга адарваць ад яе, хто ўвасабляе Старую Беларусь. Бо іх злучае адзіны Сусвет — хата, бо адно ёсць працягам другога. Бо «Маладая Беларусь не можа без Старой. Гістарычны шлях Беларусі не ёсць уцечкаю ад Старой Беларусі»[3].

Здарылася, аднак, гэтак, што выбар Паўлінкі і Крыніцкага — не супадае. Адсюль — канфлікт і тая нечаканая канцоўка п’есы, якая развязкай не ёсць.

Ці не ўвасабляюць гэтыя дзве асобы, Якім Сарока і Адольф Быкоўскі, з якіх выбіраюць у хаце Крыніцкіх, два шляхі — на ўсход і на захад? Магчыма, што так.

Пачнем з Якіма Сарокі. Чаму Паўлінка выбірае менавіта яго? Бо ён — разумны, адукаваны, дасціпны, добры. І, напэўна, таму, што гэта — каханне. Значыць, выбірае найперш сэрцам. Праз пачуццё. А да ўсяго астатняга (практычнага ўладкавання іх будучага), то ў ёй жыве ўпэўненасць: будзе так, як я захачу. Яна даволі практычная, разважлівая і, па вялікім рахунку, ведае, што трэба дзеля шчасця. Калі кіруецца пачуццём, значыць не ўсё здольна заўважыць: каханне сляпое. Затое бацька, які мае да Якіма зусім іншае пачуццё (заўважым, выбірае таксама праз пачуццё), адпаведна бачыць у ім зусім іншае. Пэўна, першае, што абудзіла ў душы Крыніцкага нянавісць да Якіма — «мужыцкае насенне» асмелілася ягоныя сцежкі «паганіць». Шляхецкая фанабэрыя — гэтак лічыць і Паўлінка — асноўная прычына непрыняцця Якіма-жаніха. Да ўсяго ж — «схізматык». Слушна разважае Васючэнка ўслед за Г.Коласам пра розніцу ў веравызнанні: Сарока — праваслаўны, Крыніцкія — каталікі. Беларусы размежаваліся нават праз веру ў Бога. Колькі сямейных трагедый, разбітых сэрцаў праз рознае веравызнанне. Пра тое ж — В.Шалкевіч у сваёй песні «Яна — праваслаўная, я — каталік».

Але, канешне ж, прычыны таго, што бацька выбірае не Якіма, «яшчэ больш псіхалагічна складаныя» (П.Васючэнка). Крыніцкі хоча мець за зяця найперш гаспадара. Хай і не надта разумны Адольф Быкоўскі, але добрая гаспадарка для яго — гэткая ж мара, як для Мікіты Зносака — асэсарства. Адсюль ягоная часам нелагічная і недарэчная пахвальба сваім багаццем. Нават у часе гульні ў карты заміж заслужана атрыманага — «дурань», настойліва папраўляе Паўлінку — «гаспадар». Ну і, канешне ж, — «шляхетны». З ім у Крыніцкага ўсё зразумела. Ім можна будзе і пакіраваць, і падказаць. І паслухае. Прадказальны. Пэўна, і Паўлінка змагла б ім пакіраваць. А вось што чакае яе з Сарокам? На што ён здольны? У які бок паверне? Беларус баіцца выбраць невядомае. Баіцца новага. Не прымае яго для сябе. Не прымае ізноў жа на ўзроўні пачуццяў. Бо нічога канкрэтнага супраць Якіма не мае. Але адчувае, і — мае рацыю, што той здольны на нешта непрымальнае, непрадказальнае. І Якім сапраўды здольны. Украсці нявесту. Нельга згадзіцца з П.Васючэнкам, які сцвярджае, што Сарока — «перакананы гуманіст, ці не хрысціянскага кшталту», бо сапраўдны хрысціянін ці задумаў бы гэткае выйсце. Ці дазволіў бы сабе гэтак зняважліва — пра святара і вянчанне: «Поп крапідлам пырсь!» Шчырым вернікам яго не назавеш. Гэта таксама не можа падабацца Крыніцкаму.

Ва ўсіх сваіх драматычных творах Купала надзвычайную ўвагу надае прозвішчам герояў. Літаральна ўсе яны гаваркія. Прыстойнаму, паважанаму герою ці надаў бы імя зусім несур’ёзнай, балбатлівай, птушкі-прайдзісветкі — сарокі? Доўгі хвост і доўгі язык. І Якім сапраўды, гаворыць надта шмат. І часам занадта самаўпэўнена, не маючы асаблівага грунту для сваіх слоў: «Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасце збудуем і нічыёй ласкі прасіць не будзем» (7, 177). Як жа нагадваюць гэтыя словы выказванні настаўніка Янкі Здольніка з п’есы «Тутэйшыя». Больш мяккі і лаяльны да свайго зяця Лявон Гарошка гаворыць тое, што мог бы сказаць пра Якіма Крыніцкі: «Трохі галава яго нечым заведзена, бо мала, што сам носіцца, як кот з салам, з усялякімі мудрымі думкамі, дык яшчэ, як на тое ліха, і маёй Аленцы ў галаве ўсё дагары нагамі перакуліў. І цяпер тая ўжо, як папуга, паўтарае за ім: «Будзем самі сабе гаспадарамі» (7, 303). У іншым месцы незадаволены Лявон называе дачку сарокай. Не могуць падабацца гаспадарам-беларусам гэткія прэтэндэнты на рукі іхніх дачок, у якіх «галава нечым заведзена». Тым больш, калі яшчэ ад іх «бальшавіцкім духам пахне». Гэтак, і справядліва, кажа пра Янку Здольніка Мікіта Зносак. Ці мае гэткі дух Якім? Важнае пытанне, бо станоўчы адказ сведчыць пра скіраванасць героя на ўсход. Калі за савецкім часам літаратуразнаўства падавала Якіма як бясспрэчнага змагара, рэвалюцыянера, то зараз — «ніякі Якім не рэвалюцыянер» (П.Васючэнка). Ісціна недзе пасярэдзіне. Якім, бясспрэчна, здольны пратэставаць супраць кансерватыўнага, устарэлага, супраць той жа шляхецкай фанабэрыі. Але якім духам усё ж ад яго «пахне»? Дзеля адказу на гэта пытанне вельмі важным, падаецца нам, ёсць момант у п’есе, калі Паўлінка знаходзіць у Якіма кнігу Горкага.

У манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» П.Васючэнка сцвярджаў, што Купала пры жыцці гэтай устаўкі не рабіў, абапіраючыся на ўспаміны рэжысёра П.Малчанава, які ў 1936 г. паставіў п’есу на сцэне БДТ-ІІ,: «Жадаючы зрабіць больш выразнымі палітычныя сімпатыі Якіма, я прымусіў яго чытаць «Песню пра Буравесніка» М.Горкага... Гэтая ўстаўка ішла на карысць вобраза Якіма, рабіла яшчэ больш абгрунтаваным праследаванне Якіма ганарыстым шляхціцам Сцяпанам Крыніцкім». Прымаючы гэта, бо і насамрэч у ранейшых выпадках «Паўлінкі» згадкі пра кнігу Горкага не было, нельга, аднак, згадзіцца з наступным: «Я мушу запэўніць, што пры жыцці Купалы гэтых уставак не было... Янка Купала... не мог у 1936 годзе выпраўляць тое, што было напісана ў 1912 г., бо яно ўжо належала гісторыі».4 Гэтае запэўніванне рэжысёра цалкам перакэслівае згаданае І.Гурскім, які быў рэдактарам выдання 1937 г.: «Помню, была ў мяне размова аб «Песні аб сокале» М.Горкага, чаго ў ранейшых выданнях не было. Янка Купала сказаў, што гэтага не было па цэнзурных меркаваннях» (7, 384). Кропку ў гэтай гісторыі калі не паставіў, то зацвердзіў сам П.Васючэнка — рэдактар 7 тому Поўнага збору твораў Янкі Купалы, дзе згадка пра «Песню аб Сокале» пакінута.

Нельга згадзіцца з П.Васючэнкам, калі ён піша ў сваёй манаграфіі: «Даследчыку не абыходзяць трошкі дзіўнаватыя паводзіны закаханага: бацькі Паўлінкі вось-вось вернуцца з кірмашу, у каханкаў лічаныя хвіліны, каб застацца сам-насам, і раптам Якім распачынае рэвалюцыйную агітацыю. З’явіцца на любоўнае спатканне з кніжкаю Максіма Горкага ў кішэні — у гэтым таксам ёсць штосьці недарэчнае». Па-першае, ён не на спатканне ўзяў кнігу. Паўлінка, гэткая даходная, абнімаючы Якіма, «раптам знаходзіць у кішэні кнігу» (7, 141). Мо тое, што гэтая кніга была ў яго, сталася прычынай затрымкі. Пэўна, затрымаўся, бо быў там, дзе чытаюць такую літаратуру. Пра якія «афішкі» згадае пазней Крыніцкі, што сталіся асновай для арышту? Па-другое, ён не «распачынае рэвалюцыйную агітацыю», а проста пасля таго, як Паўлінка прачытала «няўмела першыя радкі», «забірае ў яе кнігу і сам чытае» (7, 141).

Калі сёння «ўзаконеная» ўстаўка пра кнігу Горкага, то гэта і характарызуе Якіма калі не як рэвалюцынера, дык «рэвалюцыйна настроенага» героя з выразна скіраваным шляхам — на ўсход, які не можа быць плённым для беларусаў.

Скіраванасць жа А.Быкоўскага на захад відавочная, хоць гэтаму тутэйшаму, па сутнасці, усё роўна, абы — «не мужыцкае».

«Майго вяселля не будзе!» — гэтыя словы Паўлінкі, сказаныя быццам жартам, аднак, маюць прарочы, трагічны змест. Не будзе не толькі сапраўднага па ўсіх абрадах шлюбу дачкі Крыніцкага і Якіма Сарокі, не будзе вяселля ў беларускай хаце.

«Шлях — незавершаны, скручаны ў кола й зноў выпрастаны, вяселле, адкладзенае на няпэўны час», — гэтак пісаў П.Васючэнка. Мяркуецца, шлях не проста незавершаны, ён абарваны. Бо вяртанне Паўлінкі ад яе пярэпалаху-шоку верне і тыя невырашальныя праблемы, што ўзнікаюць з-за няздольнасці беларусаў разам у згодзе і ладзе выбраць будучае не праз пачуцці, а праз розум. Пэўна, наканавана Маладой Беларусі Паўлінцы Крынічанцы «смагнуць над роднай крыніцай».

Літаратура

1 Гл.: Васючэнка П. Драматычная спадчына Янкі Купалы. Вопыт сучаснага прачытання. Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — С. 107.

2 Тут і далей — цытаты па выданні: Янка Купала. Поўны збор твораў. Мн.: Мастацкая літ., 1997, 2001. У дужках — том, старонка.

3 Васючэнка П. Драматычная спадчына Янкі Купалы. — С. 108.

4 Тамсама. — С. 94.