Cуддзі з санкцыйнага спісу ЕС па-ранейшаму ўдзельнічаюць у палітычным пераследзе


Як мінімум 14 беларускіх суддзяў, якія раней былі ўключаны ў спіс абмежавальных захадаў Еўрасаюза за ўдзел у палітычным пераследзе пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, працягваюць выносіць палітычна матываваныя рашэнні.  

У прыватнасці, на працягу апошніх некалькіх месяцаў яны судзілі шматлікіх мірных дэманстрантаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і журналістаў на фоне хвалі пратэстаў па ўсёй краіне.

Так, у базе фактаў пераследу ПЦ “Вясна” зафіксаваны 17 прысудаў, вынесеных Валерыем Есьманам у перыяд паміж 1 студзеня 2016 і 14 сакавіка 2017 года. Таксама ў кастрычніку 2016 года ён прысудзіў сацыяльнага актывіста Зміцера Паліенку да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду. 7 красавіка бягучага года, у сувязі з актыўнай грамадскай дзейнасцю Паліенкі, прысуд быў заменены рэальным тэрмінам у калоніі.

Зафіксаваны 19 палітычных прысудаў, вынесеных Віктарам Казаком у перыяд паміж 1 студзеня 2016 і 17 лютага 2017 года. Так, ён прысудзіў актывіста Паўла Вінаградава да вялікага штрафу за акцыю пратэсту 17 лютага 2017 г. Пасля гэтага выносіў прысуды за акцыі 25 - 26 сакавіка, у тым ліку Алесю Лагвінцу, які быў прэвентыўна затрыманы напярэдадні масавых мерапрыемстваў.  

Таццяна Мотыль у перыяд паміж 1 студзеня 2016 і 10 сакавіка 2017 года вынесла 31 палітычна матываваны прысуд. Яна судзіла прынамсі двух затрыманых у выніку акцый 25 - 26 сакавіка, у тым ліку журналіста тэлеканала “Белсат” Аляксандра Баразенку, які асвятляў гэтыя акцыі.

Прозвішчы ўсіх 14-ці суддзяў прыведзеныя ў табліцы ніжэй.

Нагадаем, 31 ліпеня 2015 года Савет ЕС скараціў санкцыйны спіс, выключыўшы з яго 24 асобы, у тым ліку суддзяў, датычных да палітычнага пераследу грамадзянаў у 2010 - 2012 гадах.

ПЦ "Вясна"

Крыніца: ПЦ "Вясна"