У Беларусі стартуе Тыдзень супраць смяротнага пакарання

У Беларусі стартуе Тыдзень супраць смяротнага пакарання


З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі пройдзе традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання.

Арганізатары акцыі прапаноўваюць паглядзець на смяротнае пакаранне шырэй, задумацца над тым, на якія страты яно асуджае грамадства, адзначае праваабарончы сайт spring96.org. Мерапрыемствы ў рамках тыдня пройдуць у розных гарадах краіны. Да адзначэння Тыдня супраць смяротнага пакарання далучаецца, перадусім у інфармацыйнай акцыі, не толькі беларуская сталіца, але і шматлікія рэгіёны.

Паліна Сцепаненка – пісьменніца, актывістка кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», аўтарка фільмаў пра жахі, звязаныя са смяротным пакараннем, расказала пра тое, што плануе зрабіць Ворша ў межах гэтага тыдня.

РР: Ведаю, што ў гэтую акцыю ўключаецца таксама Віцебшчына, перадусім Ворша. Чаму? І што намерваецеся рабіць у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання?

Паліна Сцепаненка: 6 кастрычніка ў вёсцы Стаўры, што пад Воршай, адбудзецца дыскусія на тэму «масавыя рэпрэсіі і смяротнае пакаранне» з удзелам менскіх, віцебскіх і аршанскіх актывістаў. Таксама адбудзецца паездка на Кабыляцкую гару – месца масавых расстрэлаў, якое было раскрыта раней за Курапаты, яшчэ ў 1982 годзе быў акт, пацверджаны афіцыйнымі ўладамі, што гэтае месца з’яўляецца месцам масавай згубы грамадзянаў.

Будзе яшчэ і фотавыстава пра тое, як на Аршаншчыне займаліся ўшанаваннем памяці рэпрэсаваных. Будзе і выстава графікі аршанскага мастака Алеся Кажамякі таксама на тэму смяротнага пакарання. Ён рабіў малюнкі да фільма па гісторыі смяротнага пакарання. Гэты фільм таксама будзе прэзентаваны 6 кастрычніка ў Стаўрах.

РР: Там вы будзеце гаварыць і пра іншае месца, звязанае з расстрэламі і сталінскім тэрорам. Яго ўжо сталі называць віцебскімі Курапатамі. Гэта Хайсы.

Паліна Сцепаненка: Так. І мы запрашаем актывістаў з Віцебска. Там будзе Ян Дзяржаўцаў, які шмат зрабіў для ўшанавання гэтага месца, там ужо стаяць 32 самаробныя крыжы. Вясной гэтага года там косткі, якія не былі пахаваныя, ушанаваныя, фактычна выйшлі на паверхню зямлі ў выніку таго, што там былі чорныя капальнікі, якія прыязджаюць, хутчэй за ўсё, на тэрыторыю Віцебшчыны з Расеі.

І сёння гэты лес выглядае вельмі страшна. Ён сам па сабе змрочны, а яшчэ калі ідзеш і пад нагамі трапляюцца косткі ці чэрап… Але людзі ўшаноўваюць памяць, яны перазахоўваюць парэшткі, ставяць крыжы. А ўлады дагэтуль сцвярджаць, што гэта месца расстрэлаў пры фашыстах падчас Другой сусветнай вайны. Мы пра гэта таксама будзем гаварыць у час дыскусіі.

РР: А чаму вы вырашылі спалучыць трагічную гісторыю 30-40-х гадоў з сучасным днём, у якім смяротнае пакаранне таксама дастаткова жахлівае і якое Андрэй Палуда – каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» – назваў варварствам ХХІ стагоддзя?

Паліна Сцепаненка: Ведаеце, ёсць такі парадокс: шмат людзей, якія разводзяць гэтыя з’явы, як дзве розныя. Насамрэч гэта смяротнае пакаранне – і тое, што было ў 30-ыя гады і напачатку 50-х, і тое, што адбываецца цяпер. Ворша актыўна ўключаецца ў адзначэнне Тыдня супраць смяротнага пакарання.

* * *

5 кастрычніка ў Баранавічах у кінаклубе „Крытычнае мысленне” запланаваны прагляд і абмеркаванне фільма „Жыццё Дэвіда Гейла”, а ў гомельскай арт-прасторы „Каўчэг” пакажуць фільм „Сальвадор”.

Публічная дыскусія „Смяротнае пакаранне: за ці супраць” з удзелам прадстаўнікоў закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча пройдзе 6 кастрычніка ў адукацыйнай прасторы PUNKT у Менску.

7 кастрычніка ў берасцейсцкім клубе „Фантазія” і 8 кастрычніка — у менскім RE:PUBLIC пройдуць канцэрты „Рок за жыццё”.

9 кастрычніка ў галерэі TUT.BY адбудзецца прэзентацыя інтэрактыўнага сацыяльнага комікса „Мама, гэта я!” з удзелам Андрэя Палуды і спецыялістаў па стварэнні коміксаў.

10 кастрычніка праваабаронцы і актывісты плануюць правесці ў Менску і рэгіянальных гарадах вулічныя інфармацыйныя акцыі з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання. У гэты ж дзень у Страсбургу (Францыя) адбудзецца канферэнцыя Савета Еўропы „Вяртанне да смяротнага пакарання ў Еўропе: рэальная пагроза або папулісцкая фікцыя?”, у працы якой возьмуць удзел праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак (Беларускі Хельсінкскі камітэт).

Першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання праводзіўся ў Беларусі ў 2013 годзе.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў было пакарана больш за 400 чалавек, і толькі адзін з прыгавораных да смяротнага пакарання быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

Еўрасаюз, Савет Еўропы і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі афіцыйны Менск увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены, паведамляе БелаПАН.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя