У Беластоку завяршыўся тэатральны фестываль «Напрамак Усход»

У Беластоку завяршыўся тэатральны фестываль «Напрамак Усход»


Дзве буйныя тэатральныя трупы. Тры спектаклі… У Беластоку завяршыўся першы тэатральны фестываль «Напрамак Усход». Гэта новы праект Беластоцкага драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі, які пашырае кантакты падляшскіх тэатралаў з тэатрамі з Усходу.

На першы фестываль прыехалі Харкаўскі драматычны тэатр імя Тараса Шаўчэнкі з Украіны ды Рэспубліканскі тэатр драматургіі з Беларусі.

Ініцыятар фестывалю Конрад Шчабёт з Беластоцкага тэатра ўзгадвае яго пазітыўныя моманты:

– Першы праект прайшоў выдатна. Пры сапраўды невялікіх сродках, якія мы атрымалі з Міністэрства, і дадатковай падтрымцы ад ураду Падляшскага маршалкоўскага ваяводства. Нам удалося гэта сапраўды добра. Два вялікія тэатры з вялікімі трупамі. Тры спектаклі. Відаць, што гэты фестываль патрэбны. Ёсць на яго аўдыторыя. Ёсць зацікаўленасць вялікай колькасці людзей, якія нам дапамаглі.

На беластоцкай сцэне ў рамках фестывалю «Напрамак Усход» паказалі спектакль «Картатэка» Харкаўскага тэатра і спектаклі «Дзённік паэта» і «Беларусь. Дыдактыка» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з Менска. У Беластоцкім драматычным тэатры паведамляюць, што «Напрамак Усход» прайшоў паспяхова і таму праект працягнецца ў наступным годзе.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток


Фота dramatyczny.pl

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя