У Менску адбыліся шэсце і мітынг ў Лошыцкім яры

У Менску адбыліся шэсце і мітынг ў Лошыцкім яры


У Менску адбыліся традыцыйныя шэсце і мітынг у Лошыцкім яры, дзе ў 30 – 40-х гадах мінулага стагоддзя адбываліся масавыя расстрэлы. Мерапрыемства арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянскай партыя БНФ. Яно было дазволена Менгарвыканкамам. У Лошыцкі яр прыйшло каля 50 чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі, знічамі, кветкамі.

Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, выступаючы на мітынгу, падкрэсліў неабходнасць памятаць пра злачынствы, якія адбываліся на беларускай зямлі ў сталінскія часы.

– Кожны год мы прыходзім сюды, нягледзячы на любое надвор’е. Што б там не адбывалася, мы тут. Гэта вельмі добра. Гэта значыць, мы жывем. Жыве нашая нацыя. Выходзяць маладыя людзі. Бачылі сёння маленькую дзяўчынку, якая прыйшла сюды з бабуляй. Яна ўжо ў сваім узросце разумее, што памяць – гэта вельмі важны чыннік чалавечага існавання. Бо чалавек, калі ён не памятае, калі ён не паважае папярэднія пакаленні, – цяжка назваць у поўным сэнсе такога чалавека чалавекам. А нацыя, якая забывае, не мае перспектыў.

І таму тыя, хто хоча знішчыць беларускую нацыю, робяць стаўку на бяспамяцтва. Нам нельга забываць аб нашай трагічнай гісторыі, – падкрэсліў Беленькі.

На мітынгу зачыталі зварот лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка, у якім ён распавёў аб расстрэлах у Лошыцкім яры і ў іншых месцах Беларусі і ўвогуле аб рэпрэсіях, якія нанеслі вялізарныя страты беларускаму народу.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя