Гарадзенцы рыхтуюцца адзначыць 100-годдзе БНР

Гарадзенцы рыхтуюцца адзначыць 100-годдзе БНР


Гарадзенцы рыхтуюцца да круглай даты Беларускай гісторыі – стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

У Цэнтры гарадскога жыцця ўжо ў бліжэйшыя дні пройдуць першыя мерапрыемствы, пра якія кажа Сяргей Герман, супрацоўнік Цэнтра гарадскога жыцця.

– Цэнтр гарадскога жыцця плануе правесці тры лекцыі прафесара Алеся Смаленчука, якія адбудуцца 12, 19 і 26 студзеня на тэму абвяшчэння БНР. Безумоўна, ёсць людзі, якія не ведаюць пра БНР. Але мэтавая група – гэта ўвогуле кожны беларус. Запрашаем усіх.

Прафесар Алесь Смалянчук правядзе цыкл публічных лекцыяў, першая з якіх будзе прысвечана пошукам нацыянальнай ідэі беларускай інтэлігенцыяй.

Пра што яшчэ будзе сказана на першай лекцыі, кажа Павал Мажэйка – дырэктар Цэнтра гарадскога жыцця:

– Пра краёвую ідэю, якую актыўна выкарыстоўвалі браты Антон і Іван Луцкевічы. Таксама гаворка пойдзе пра нараджэнне ідэі незалежнай беларускай дзяржаўнасці.

Вядома, што Беларуская Народная Рэспубліка – гэта першае беларускае дзяржаўнае ўтварэнне дваццатага стагоддзя, якое прадоўжыла даўнюю традыцыю палітычнай гісторыі беларускага народа, дзе Гародня мела заўжды важнае значэнне. Усе лекцыі пачынаюцца а 18-30. Уваход вольны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя