Студэнты зь Беларусі добра пачуваюцца ў Польшчы

Студэнты зь Беларусі добра пачуваюцца ў Польшчы


За апошнія гады ў Польшчы істотна павялічылася колькасьць студэнтаў зь Беларусі.

Польшча прыцягвае новымі магчымасьцямі моладзь з Беларусі. Разам з тым, ня кожнаму тут выходзіць добра вучыцца.

На пачатку 1990-х гадоў колькасьць беларускіх студэнтаў у Польшчы была нязначнай. На навучаньне ў Варшаву траплялі адзінкі. З часам працэс пачаў набіраць абароты. Спачатку магчымасьці для навучаньня ў Польшчы атрымалі асобы польскага паходжаньня. Пазьней польскі ўрад заявіў, што гатовы падтрымаць маладзёнаў, якіх выганялі зь беларускіх унівэрсытэтаў па палітычных прычынах. Ужо ў 2006-м годзе польскія ВНУ прынялі 244 студэнта зь Беларусі.

Паводле падлікаў польскага Міністэрства адукацыі, колькасьць студэнтаў з Беларусі ў Польшчы расьце з году ў год. Калі ў 2011/12 гадах у Польшчы вучылася 2604 беларускіх студэнтаў, дык у 2015 іх было ўжо 4118 чалавек, а летась 5119. Беларусы вось ужо некалькі год зьяўляюцца другой па колькасьці групай сярод замежных студэнтаў у Польшчы.

Мы пацікавіліся ў беларускіх студэнтаў, як ім вучыцца ў Польшчы? Тут шмат новага, кажа студэнт інфарматыўных тэхналёгій з Варшаўскага політэхнічнага ўнівэрсытэту Антось.

Антось: Напрыклад, новае ў тым, што можна самому складаць сабе расклад, абіраць прадметы, якія хочаш вучыць. Таксама тут больш сучаснае абсталяваньне ды навейшыя тэхналёгіі. У Беларусі ўнівэрсытэт больш кантралюе студэнтаў, а тут студэнт сам павінен за сябе адказваць, пра ўсё сачыць ды даведвацца.

Навучаньне ў Польшчы прыцягвае тым, што тут няма непатрэбных прадметаў у працэсе навучаньня, кажа Вэраніка з Уроцлаўскага ўнівэрсытэту.

Вераніка: Мне ў першую чаргу падабаецца тое, што ў нас няма ніякіх лішніх прадметаў, усё вельмі сканцэнтравана на той вобласьці, якой мы хочам займацца ў будучыні. Нам даюцца базавыя веды, а таксама дэманструецца ўся разнастайнасьць тэхналёгіяў.

Апроч таго, навучаньне ў Польшчы цікавае тым, што атрыманыя веды можна выкарыстаць у Беларусі, кажа студэнтка сацыялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэта Аксана.

Аксана: Цікава вывучыць польскі досьвед, як тут прайшла трансфармацыя, асабліва для мяне як сацыёляга. Польшча цікавы варыянт, каб пасьля працаваць у Беларусі, выкарыстоўваючы польскі досьвед.

Разам з тым, беларускія студэнты ў Польшчы сутыкаюцца і са складанасьцямі. Шмат хто зь іх перажыў расчараваньне, не заўсёды навучаньне ідзе так, як яны хацелі б, кажа асьпірант Лодзінскага ўнівэрсытэту, аўтар дасьледаваньня, як пачуваюца ў Польшчы беларускія студэнты Марцін Гонта.

Марцін Гонта: Гэта справа чаканьняў, зь якімі гэтыя студэнты прыяжджаюць сюды. Дасьледаваньні паказалі, што часта гэтыя людзі прыяжджаюць сюды зь вялікімі чаканьнямі. Яны лічаць, што Польшча будзе збаўленьнем для іх ад палітычных рэпрэсій альбо эканамічных праблем. Часта тут здараецца зусім адваротная сытуацыя й гэтыя чаканьні не спраўджваюцца. Не заўсёды навучаньне ідзе так, як яны хацелі б. У выніку яны шукаюць магчымасьці для паездкі далей на Захад. У зьвязку з гэтым я хацеў бы зазначыць, што існуе разыходжаньне паміж мэтамі палітыкі навучаньня ў Польшчы студэнтаў з-за ўсходняй мяжы ды іх чаканьнямі. Галоўным пастулятам афіцыйнай дапамогі палякам на Ўсходзе заўсёды было тое, асабліва на пачатку 1990-х гадоў, што студэнты адтуль павінны прыяжджаць сюды вучыцца, потым яны павінны былі вяртацца назад – у Беларусь альбо Ўкраіну, ды падтрымліваць там польскую культуру. Калі ў 1990-я гады людзі яшчэ вярталіся, то цяпер яны ня хочуць вяртацца: альбо застаюцца тут у Польшчы, альбо едуць далей на Захад.

Польшча штогод прымае ўсё больш і больш беларусаў на вучобу ў сваіх ВНУ. Для многіх – гэта шанец на цікавае навучаньне ды новы досьвед. Здараюцца, аднак, і расчараваньні.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё