Тры гады Анджэй Дуда знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта Польшчы

Тры гады Анджэй Дуда знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта Польшчы


Адным не падабаецца, што ён падпісвае законы, падрыхтаваныя ПіС, іншыя незадаволеныя яго незалежнасьцю.

Роўна тры гады таму на пасаду ўступіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Гэта пэрыяд, які дазваляе ўжо нейкім чынам ацаніць дасягненьні палітыка, ацаніць яго моцныя і слабыя бакі. І падумаць пра чарговыя прэзыдэнцкія выбары, якія адбудуцца ў 2020 годзе.

Анджэй Дуда карыстаецца ў Польшчы немалой папулярнасьцю, але хапае ў яго таксама ворагаў, якія спрабуюць яго прадстаўляць у некарысным сьвятле, зьмяншаць яго дасягненьні. У тым ліку нямала непрыяцеляў мае прэзыдэнт ва ўладным лягеры, сярод палітыкаў партыі «Права й справядлівасьць». Некаторыя хацелі б бачыць на самай важнай дзяржаўнай пасадзе праз два гады іншага чалавека. Тым ня менш, апытаньні грамадзкай думкі сьведчаць аб тым, што ў шэрагах ПіС хутчэй ня знойдзецца іншая асоба, здольная сапернічаць з Анджэем Дудам.

Многія вінавацяць Дуду ў тым, што ён бяздумна падпісвае ўсе нарматыўныя і заканадаўчыя акты, падрыхтаваныя яго партыяй. Іншыя ж наадварот незадаволеныя яго праявамі самастойнага мысьленьня. На думку міністра Кшыштафа Шчэрскага, кіраўніка Палітычнага кабінэту прэзыдэнта, Анджэй Дуда зьяўляецца адзіным высокапастаўленым польскім палітыкам, які ня даў сябе ўцягнуць у палітычныя сваркі, што падзялілі польскае грамадзтва. Кшыштаф Шчэрскі адзначае, што прэзыдэнт хоча будаваць моцную дзяржаву.

К. Шчэрскі: Ён – адзіны палітык, які ў гэтыя сваркі не ўключаецца, які не дае сябе ўцягнуць у спрэчкі. Наадварот, ён хоча будаваць такія дзяржаўныя інстытуты, якія б не давалі сябе ўцягнуць у палітычныя сваркі. На маю думку, калі падсумаваць тры гады тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта, то гэтая рыса Анджэя Дуды зьяўляецца самай важнай. Усё іншае зьяўляецца толькі элемэнтам выключнага ўяўленьня прэзыдэнцтва аўтарства Анджэя Дуды, гэта значыць, такога прэзыдэнта, які будуе дзяржаву насуперак вострай палітычнай, партыйнай вайне. І такім яго запомняць людзі.

Кшыштоф Шчэрскі адзначыў таксама, што дзякуючы аўтарытэту прэзыдэнта будуецца імідж Польшчы на міжнароднай арэне.

К. Шчэрскі: Ён будуе асабісты аўтарытэт падчас розных сустрэч за мяжой Польшчы. Дзякуючы гэтаму будуе таксама аўтарытэт польскай дзяржавы на міжнароднай арэне. За тры гады было вельмі многа міжнародных посьпехаў прэзыдэнта, назаву самыя галоўныя: саміт NATO (агулам вялікая актыўнасьць Польшчы ў рамках дзейнасьці паўночна-атлянтычнага пакту), таксама выступленьні на форуме ААН, сустрэчы ў рамках самітаў дзяржаў Трох мораў, іншыя важныя міжнародныя перамовы. Падчас такіх сустрэч асабісты высокі аўтарытэт галавы польскай дзяржавы ўплывае на станаўленьне аўтарытэту Польшчы як дзяржавы.

Анджэй Дуда часам паступае наперакор сваёй партыі. Напрыклад, год таму ён наклаў вэта на законапраекты ПіС, датычныя зьмен у правасудзьдзі. Цяпер жа на кон пастаўленыя яго добрыя адносіны з аднапартыйцамі, паколькі прэзыдэнт разважае магчымасьць унясеньня свайго супраціву адносна новага закону аб выбарах дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту, які прапануе «Права й справядлівасьць». Згодна новаму нарматыўнаму акту, выбарчы парог будзе павышаны да 16,5%, у выніку невялікія партыі практычна будуць пазбаўленыя магчымасьці мець сваіх прадстаўнікоў у ЭП.

Пакуль невядома, ці прэзыдэнт унясе вэта на законапраект, у яго ёсьць час да сярэдзіны жніўня. Калі так станецца, то Анджэй Дуда перакрэсьліць адзін з важнейшых законаў сваёй партыі. Гэта можа значна ахалодзіць адносіны паміж ім ды старшынём групоўкі Яраславам Качыньскім.

Дарэчы, СМІ і цэнтры апытаньня грамадзкай думкі ўжо абмяркоўваюць будучыя прэзыдэнцкія выбары, каго партыі на іх выставяць, і хто мог бы перамагчы. Паводле апытаньня Інстытуту дасьледаваньня рынку і грамадзтва, калі на выбарах будуць балятавацца Анджэй Дуда і былы прэм’ер-міністар Дональд Туск (цяпер старшыня Эўрапейскай рады), то за Дуду галасавала б 50% апытаных, за Туска – 45%. У сваю чаргу калі б за пасаду змагаліся старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі і Дональд Туск, то перамог бы Туск з вынікам 50%, а Качыньскі атрымаў бы 41% галасоў. Так што Дуда зьяўляецца самым папулярным палітыкам лягеру правых сілаў, з меркаваньнем якога іншым дзеячам ПіС трэба лічыцца.

нг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё