Партыя БНФ спыніла ўдзел у Курапацкай варце

Партыя БНФ спыніла ўдзел у Курапацкай варце


Партыя БНФ абвесціла аб спыненні свайго ўдзелу ў Курапацкай варце. На думку кіраўніцтва партыі, кампанія па пікетаванні рэстарану “Поедем, поедим” дасягнула сваёй галоўнай мэты, а менавіта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да гэтай праблемы.

Для іншых абаронцаў Курапатаў такое рашэнне кіраўніцтва Партыі БНФ сталася сапраўдным шокам, а некаторыя палічылі гэта здрадай. Кіраўнітва БНФ лічыць, што далейшае пікетаванне рэстарану “Поедем, поедим” губляе сэнс, сцвярджае старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

– Нельга сказаць, што мы не ўдзельнічаем у Курапацкай варце, або не ўдзельнічаем у вырашэнні тых праблем, якія ўзніклі ў Курапатах, у звязку з пабудовай комплекса “Поедем, поедим”. Мы прыпынілі варту каля брамы. Вось такое рашэнне Партыя БНФ прыняла. Чаму? Бо мы падыходзілі да вырашэння гэтай праблемы больш шырока. Мы прапаноўвалі правесці круглы стол з удзелам абаронцаў Курапатаў, уладальнікаў рэстарацыі, мясцовых органаў улады і з запрашэннем дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. На жаль, перамоўны працэс застапарыўся. І мы вымушаны былі заявіць, што праблема з гэтай установай не вырашаецца. Партыя БНФ пераходзіць на новы этап барацьбы за Курапаты.

РР: Ці можа азначаць выхад БНФ з Курапацкай варты тое, што партыя гатова да канструктыўнага дыялогу з уласнікамі забаўляльнага комплекса “Поедем, поедим”?

Рыгор Кастусёў: Партыя БНФ і я асабіста гатовыя працаваць і шмат зрабілі ў гэтым кірунку. Гэтыя дамоўленасці разбурыліся, але людзі гатовыя аднавіць свой удзел у падрыхтоўцы круглага стала і канешне ж з запрашэннем СМІ.

РР: Як Вы ставіцеся да заявы кіраўніка Партыі БНФ аб спыненні ўдзелу ў Курапацкай варце?

Вячаслаў Сіўчык, Рух Салідарнасці “Разам”:

– З аднаго боку, гэта было нечакана. І таму пайшла такая хваля абурэння па фэйсбуку асабліва ад абаронцаў Курапатаў. З другога боку, чакана, таму што чацвер – гэта дзень Партыі БНФ. Ён амаль заўсёды быў праблемны пры Курапацкай варце. Іншая справа, што не вельмі спрыяльны момант быў прыняты, каб агучыць сваю пазіцыю. За кратамі знаходзяцца Макс Вінярскі і Павел Севярынец. Курапацкая варта мусіць адбывацца ўсе 7 дзён на тыдзень. Таму ёсць 6 ці 7 арганізацый, якія гэтую варту выцягваюць. Яны таксама маюць цяжкасці. І ніякіх кансультацый з гэтымі арганізацыямі не было. Што зноў такі кепска.

РР: На Вашу думку, з чым звязана гэтае рашэнне?

Вячаслаў Сіўчык: Я б у першую чаргу гэта звязваў не толькі з агучанай пазіцыяй, дзе Рыгор Кастусёў дастаткова шмат напісаў і кожны можа гэта прачытаць. Пра тое, што Курапацкая варта выканала ўсе свае мэты. Мне здаецца, што гэта не зусім так. Я быў бы вельмі задаволены, калі б яна выканала ўсе мэты. Яшчэ раз падкрэслю, што кожны мае права на свой погляд. Але яшчэ з тымі цяжкасцямі, якія традыцыйна партыя БНФ мела шточацвер, калі быў іхны дзень у Курапатах. Але і Рыгор Кастусёў, і Партыя БНФ маюць права на сваю пазіцыю.

Замест удзелу ў Курапацкай варце Партыя БНФ будзе дамагацца адкрыцця архіваў КДБ, каб дамагчыся праўды наконт поўнага спісу ахвяр сталінскіх рэпрэсій, а таксама адкрыць усе месцы масавых расстрэлаў падобных Курапатам, якіх у Беларусі вельмі шмат. Мэта такой дзейнасці, са словаў Рыгора Кастусёва, – належнае ўшанаванне памяці ўсіх, хто пацярпеў ад сталінскага рэжыму.

Гутарыў Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя