Выстава “Сава Сіўко (1888-1978). Фатограф Любчанскага краю”


7 снежня а 16-й гадзіне ў рамках Года малой радзімы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь урачыста адкрыецца выстава “Сава Сіўко (1888-1978). Фатограф Любчанскага краю. Да 130-годдзя з дня нараджэння”.

Выстава ўпершыню прадставіць творчую спадчыну вясковага фатографа Савы Уладзіміравіча Сіўко (1888 – 1978), які нарадзіўся ў вёсцы Сенна каля беларускага мястэчка Любча і працаваў у гэтым рэгіёне больш за 30 гадоў.

Прадстаўленыя матэрыялы з’яўляюцца ўнікальнай скарбніцай візуальнай інфармацыі пра паўсядзённае жыццё беларусаў-“заходнікаў” у складаную эпоху перамен – 20-50-я гады ХХ стагоддзя. А пачыналася ўсё паўтары гады таму, калі ў фонды музея патрапілі два невялікія чамаданчыкі са старымі шклянымі пласцінкамі міжваеннага часу. Але ні аўтар, ні дакладныя месцы на фотаздымках на той час былі невядомыя.

Уражваў сам факт існавання такой шматлікай калекцыі. Захавалася 582 (а сёння іх колькасць склала 1027!) крохкія шкляныя негатывы. І гэта пасля ўсіх катаклізмаў ХХ стагоддзя! Музейшчыкі пачалі працу па пошуку аўтара “архіва стагоддзя”. Выстава распавядзе пра гісторыю гэтага найцікавейшага пошуку, а таксама прадставіць новыя знаходкі, што паўсталі падчас музейных экспедыцый дзякуючы землякам фатографа – жыхарам мястэчка Любча, вёсак Купіск, Сенна, адзін з якіх – 98-гадовы жыхар з вёскі Нянькава Іван Ігнацьевіч Камар – узгадаў імя аўтара фатаграфій Савы Уладзіміравіча Сіўко.

На выставе будуць прадстаўлены 170 фатаграфій Савы Сіўко. Большасць з іх – гэта сапраўдныя жэлаціна-срэбныя фотаадбіткі, надрукаваныя з арыгінальных фотанегатываў метадам кантактнага фотадруку сучасным фотамастаком Альбертам Цэхановічам. Усю калекцыю цалкам можна будзе пабачыць на адным з манітораў, устаноўленым у выставачнай зале. Шмат кранальных гісторый аб тагачасным жыцці пачулі навуковыя супрацоўнікі музея падчас вандровак па Любчанскім краі. Магчымасць выслухаць гэтыя асабістыя гісторыі “з першых вуснаў” атрымаюць усе наведвальнікі выставы.

Сярод знойдзеных на паддашы рэчаў фатографа была адна ўнікальная рэч – маляваны фатаграфічны экран, на фоне якога ў 1930-я гады рабіў партрэтныя фотаздымкі аўтар. Адрэстаўраваны на сродкі гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мастаком-рэстаўратарам музея Юліяй Дранец, ён будзе адным з ключавых экспанатаў выставы.

Па матэрыялах музейных экспедыцый адмыслова для гэтага выставачнага праекта была створана кароткаметражная відэаінсталяцыя (рэжысёр, аўтар сцэнарыя і аператар Андрэй Васкрасенскі). Стужка будзе дэманстравацца ў прасторы выставачнай залы ў рэжыме нон-стоп.

Другая частка выставы – “Любчанскі край. Людзі і час” (куратар праекта фотамастак Альберт Цэхановіч) пачне сваю працу 12 студзеня 2019 года.

Выстава працуе з 7 снежня 2018 па 3 лютага 2019 г. Адрас музея: г.Менск, вул.К.Маркса, 12

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя