У Варшаве ўзнагародзілі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі

У Варшаве ўзнагародзілі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі


На кожным кроку ім прыходзіцца змагацца са стэрэатыпамі, датычнымі інваліднасьці.

Жыцьцё поўнасьцю здаровых людзей не заўсёды бывае простым. Што ж тады казаць пра асоб з абмежаванымі магчымасьцямі – людзей з траўмамі пазваночніка, дыстрафіяй, без рук, з псыхічнай інваліднасьцю, невідучых, глуханямых...

Здараецца і так, што гэтыя людзі вядуць больш актыўны і грамадзка карысны вобраз жыцьця, чым іх здаровыя суседзі. Тым ня менш, ім на кожным кроку прыходзіцца змагацца са стэрэатыпамі, датычнымі інваліднасьці, паказваць сваёй дзейнасьцю і падыходам ды жыцьця, што інваліднасьць не для ўсіх і не заўсёды зьяўляецца абмежаваньнем.

Дзеля таго, каб нагадаць грамадзтву пра актыўных людзей з інваліднасьцю, у Польшчы ўжо шмат гадоў ладзіцца конкурс пад назваю «Чалавек без бар’ераў». Кожны год журы выбірае пяць ляўрэатаў, якія ўваходзяць у фінал конкурсу, але толькі адна асоба атрымлівае званьне «Чалавек без бар’ераў» і статуэтку.

Сёлета ляўрэатамі 16-га конкурсу сталі мадэль на інвалідным вазку, арганізатар лягераў адпачынку для інвалідаў, раварыст, які сэнс жыцьця знайшоў у роварных паломніцтвах. Фінальная частка конкурсу прайшла ў Каралеўскім замку ў Варшаве. На жаль, ляўрэат адмысловай узнагароды ня змог асабіста яе атрымаць. Яна была прысвоена пасьмяротна ініцыятару і стваральніку конкурсу Пятру Паўлоўскаму, які памёр у кастрычніку бягучага году. Прысутная на цырымоніі ўручэньня ўзнагарод першая лэдзі Агата Карнхаўзэр-Дуда адзначыла, што цяжка паверыць у гэтую сьмерць. Яна адзначыла: „Пётр сваім штодзённым жыцьцём паказваў, што немагчымае становіцца магчымым. Ён мяняў стэрэатыпнае ўяўленьне пра інваліднасьць ды не нахабна вучыў талерантнасьці”.

А. Карнхаўзэр-Дуда: Сваім уласным прыкладам ён даказваў, што інваліднасьць не абавязкова бывае перашкодай у прафэсійнай дзейнасьці, у грамадзкай дзейнасьці, у рэалізацыі мараў. Ён паказваў нам усім, што людзі з інваліднасьцю хочуць і могуць быць актыўнымі, што яны хочуць і могуць уплываць на працэсы, якія адбываюцца ў нашым грамадзтве. Аднак ім патрэбны станоўчы імпульс, часам трэба працягнуць ім руку, і перш за ўсё стварыць ім адпаведныя ўмовы.

Пётр Паўлоўскі сам быў інвалідам – езьдзіў на вазку ў выніку траўмы пазваночніка. Ён заснаваў арганізацыю «Сябры інтэграцыі», якая дапамагала асобам з абмежаванымі магчымасьцямі, шмат гадоў быў яе старшынёй. Надоечы ён быў адзначаны таксама прэстыжнай дзяржаўнай узнагародай. Яе атрымала жонка – Эва Паўлоўска. І сказала, што пасьля сьмерці мужа яна адкрыла яго нанава.

Э. Паўлоўска
: Раней я назірала за яго дзейнасьцю, бачыла яго сілу, яго рашучасьць, яго ўсьмешку. А цяпер я нанава адкрываю словы, якія ён пакінуў пасьля сябе ў шматлікіх інтэрвію. Атрымліваючы гэты ордэн, я хацела б прыгадаць наступныя словы Пятра: «Самае важнае для мяне тое, што я навучыўся адказнасьці. Адказнасьці ня толькі за сябе, але таксама за іншых». Я думаю, што гэты ордэн уручаецца Пятру за адвагу і адказнасьць.

Узнагароду публікі атрымаў Анджэй Лукасік, старшыня Асацыяцыі клюбу рэабілітацыі інвалідаў у мясцовасьці Янаў Любэльскі. Рост Анджэя – крыху больш за мэтар, але, нягледзячы на гэта, ён езьдзіць у паломніцтвы па ўсёй Эўропе, праехаў ужо агулам звыш 10 тыс. кілямэтраў.

А. Лукасік: Я быў у санктуарыі Сьвятога Габрыеля. Тады я прыехаў туды на маленькім ровары. Ехаў два тыдні больш за паўтары тысячы кілямэтраў. Пазьней было прасьцей, у мяне зьявіўся крыху большы ровар. Я ўжо пабываў у Сан Джавані Ратонда (1809 км.), у Ла-Салет, у Лурдзе. Мне вельмі цяжка хадзіць. Калі б мне хтосьці загадаў прайсьці пехатой адзін кілямэтар, то ўжо лепш праехаць на ровары 100 кілямэтраў.

Ганаровы патранат над уручэньнем узнагарод «Чалавек без бар’ераў» узяла на сябе першая лэдзі Польшчы, а мэдыйны патранат – Першая праграма Польскага радыё.

Дарэчы, 3 сьнежня адзначаўся сусьветны дзень асоб з абмежаванымі магчымасьцямі. Напрыклад, у Лодзі з гэтае нагоды была падпісаная дэклярацыя ў карысьць асоб з псыхічнымі захворваньнямі. Прайшла таксама навуковая канфэрэнцыя, на якой ішла гаворка між іншым пра тое, якім чынам інтэграваць людзей з інваліднасьцю ў грамадзтва.

нг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё