Беларусы на Раство спявалі… серэнады


Беларускія хлопцы даўней замаўлялі для сваіх каханых выкананне адмысловых песняў. Дзяўчына мусіла за гэта аддзячыць кавалеру. Але чым?

Праграма «Вяскоўцы» весела і бесклапотна бавіць калядны час. Гэтым разам яна завітала ў вёску Мачуль на Століншчыне, куды збіраюцца на рэпетыцыі з навакольных селішчаў удзельніцы гурта «Каляжанкі».

Вядоўца Віктар Шукеловіч даведаўся ў Мачулі шмат чаго цікавага: што такое «карэц», «пай» ды «разкі»; як калядоўшчыкі просяць дазволу заспяваць; што гатуюць на Каляды і як варожаць?

Расказалі Віктару ў Мачулі і пра даўні звычай, калі хлопец даручаў шчадроўнікам завітаць да яго каханай і выканаць ёй песню на замову. Назаўтра дзяўчына мусіла адправіцца да хлопца і заплаціць яму за гэта гарбузнымі семачкамі. Пры гэтым маладыя мелі дадатковую нагоду, каб спаткацца і пагаманіць.

Адна з удзельніц калектыву падзялілася таксама містычным досведам. У падлеткавым узросце яна пачула на Раство ў сваёй вёсцы дзівосныя спевы. Дагэтуль яна лічыць, што, магчыма, тое былі анёлы, якія калядавалі ў іхным сяле. З той пары яна змяніла сваё стаўленне да калядавання і перастала глядзець на яго як на спосаб падзарабіць.

Акрамя гэтага, у выданні шмат жартаў і калядных спеваў, якія створаць адпаведную калядную атмасферу.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.

ПЦ "Вясна"

Крыніца: ПЦ "Вясна"