Каляднае пасланне архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія

Каляднае пасланне архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія


Слухачоў нашага радыё павіншаваў праваслаўны ўладыка, архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. З нагоды прыходу на свет Дзіцяткі Ісуса заклікае да агульнай радасці, бо нарадзіўся для нас Збаўца.

Таксама прыгадаў уладыка пра важнасць гэтага свята ў коле сям’і і бліжніх.

– Важна, каб з мітуснёй падрыхтоўкі мы ўбачылі таго, хто стаў чалавекам дзеля нас і нашага збаўлення. Мы жывём у свеце, дзе ёсць шмат супярэчнасцей, але сапраўднае рашэнне гэтых праблем – сямейных, грамадскіх, нават царкоўных – існуе толькі ў Хрысце. Яны вырашаюцца тады, калі краевугольным камнем усяго становіцца Хрыстос.

Пра гэта кажа беларускае іканаграфічнае мастацтва, а менавіта абраз Нараджэння Хрыста. Уладыка напомніў, што вол і асёл у гэтым абразе сімвалізуюць паяднанне паганцаў і жыдоў, якія знайшлі тое яднанне і замірэнне ў Хрысце Ісусе.

– Гісторыя дае нам прыклад таго, як колішняя Рымская імперыя была зменена не шляхам знешніх рэвалюцый, войнаў, рэформаў, а знутры пабожным жыццём хрысціян. Грозны рымскі арол скарыўся перад сімвалам Хрыстовай любові. І гэта яшчэ раз гаворыць нам пра тое, наколькі Бог давярае нам.

„Нямоглае Божае становіцца мацней як моцнае чалавечае.” Вось гэтага моцнага „Божага” пажадаў уладыка ўсім.

Значная частка праваслаўных цэркваў Свята Раства Хрыстовага святкуе паводле юльянскага календара на 13 дзён пазней, чым заходнія цэрквы. У тым ліку Беларуская праваслаўная царква.

У нядзелю, 6 студзеня, у катэдральным праваслаўным Свята-Пакроўскім саборы ўрачыстая святочная служба пачнецца а 17-ай гадзіне з Вялікай павячэрніцы, а прадоўжыцца літургіяй Яна Златавуснага апоўначы, 7-га студзеня.

Таксама 7 стузеня пройдзе яшчэ дзве Боскія літургіі: а 7-ай і 10-ай раніцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя