Справу супраць Сяргея Скулаўца спынілі

Справу супраць Сяргея Скулаўца спынілі


Праваахоўным органам Пінска і Івацэвіч не ўдалося прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка «Белсата» Сяргея Скулаўца па надуманым абвінавачванні за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі.

Івацэвіцкі РАУС спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні да журналіста. Падчас выхаду рэпартажу, які зацікавіў міліцыю, ён знаходзіўся за мяжой.

Справу пачала пінская міліцыя пасля з’яўлення на телеканале “Белсат” рэпартажу Скулаўца, дзе жыхары Пінска выказаліся наконт зменаў у “Законе аб СМІ”. “Пазней матэрыялы былі перададзены ў Івацэвічы, па месцы майго жыхарства”, – кажа Сяргей Скулавец.

– Міліцыянты івацэвіцкія ўзяліся за справу, пачалі шукаць мяне праз знаёмых, сяброў, родных, бо ў Беларусі ў мяне не было сім-карты.

Сяргей Скулавец лічыць, што міліцыя займаецца яўна не сваёй справай:

– Выклікае здзіўленне і абурэнне, чаму міліцыянты займаюцца такімі справамі, калі іх функцыя – сачыць за тым, каб не было злачыннасці ў грамадстве. Можна прывесці безліч прыкладаў карупцыйных спраў, але міліцыянты не звяртаюць на гэта ўвагі. Затое яны звяртаюць увагу на тое, што публікуецца ў інтэрнэце, што друкуюць незалежныя журналісты.

Паводле Сяргея Скулаўца, калі б справа дайшла да суда, быў бы вельмі небяспечны прэцэдэнт для журналістаў, якія працуюць за мяжой.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя