139 год таму нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі
2022-11-08 14:28
139 год таму 8 лістапада на Глыбоччыне, што на Віцебшчыне, (раней у засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерніі) нарадзіўся літаратар, палітык, прэм’ер-міністр БНР Вацлаў Ластоўскі.
У Глыбокім на Алеі славы некалькі год таму усталявалі бюст у гонар вядомага земляка. Там яго памяць ушаноўваюць як мясцовыя актывісты, так і турысты, якія добра знаёмыя з беларускай гісторыяй. Кажа глыбоцкі краязнаўца Уладзімір Скрабатун:
– Штогод мы наведваем гэтае месца і ўскладаем кветкі. Была абвешчана такая дзяржава і былі людзі, якія яе абвяшчалі, якія бралі чынны ўдзел у стварэнні гэтай дзяржавы. Сярод гэтых дзеячаў ёсць два дзеячы, якія нарадзіліся на Глыбоччыне – гэта прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлаў Ластоўскі, а таксама аўтар бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзіў Дуж-Душэўскі, які быў сімвалам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Вацлаў Ластоўскі быў абвінавачаны і асуджаны да высылкі па справе пра „Саюз за вызваленне Беларусі”, а пасля расстраляны ў расейскім Саратаве 23 студзеня 1938 года. Рэабілітаваны ў 1958 і 1988 гадах.
Беларускае Радыё Рацыя