7—9 лістапада PRADMOVA едзе ў Познань — праграма
2025-11-03 11:00
З 7 па 9 лістапада ў Познані на некалькіх пляцоўках горада пройдуць прэзентацыі новых кніг, творчыя сустрэчы, літаратурныя дыскусіі і музычныя імпрэзы. Усё гэта ў межах праграмы фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.
Познаньская праграма злучыць гісторыю і сучаснасць, літаратуру і актуальныя сацыяльныя пытанні, фантастыку і паэзію, мастацкія перформансы і прафесійныя размовы для тых, хто хоча быць у цэнтры культурнага жыцця. Таксама будзе асобная дзіцячая пляцоўка, тэатральныя і кінападзеі, якія дапамагаюць убачыць сучасную Беларусь у розных вымярэннях.
У першы дзень фестывалю сярод іншага пройдзе дыскусія «Зялёны ліст, чырвоны цвет...»: савецкая ўтопія і беларуская паэзія«. Літаратуразнаўца
Марына Казлоўская і паэт
Андрэй Хадановіч паразважаюць пра пакаленне паслухмяных і непаслухмяных дзяцей Кастрычніка, пра межы творчай свабоды і пра тое, як сістэма ўплывала на беларускіх паэтаў — ламаючы хрыбет натхненню, знішчаючы творы і саміх аўтараў.
Не прапусціце тэатральную падзею (партнёрская імпрэза Teatr Ósmego dnia): спектакль «Say hi to Abdo» паводле дакументаў і сведчанняў міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы і сустрэчу з аўтарам п’есы Мікітам Ільінчыкам.
Маленькіх наведнікаў фестывалю чакаюць сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі і ўнікальныя інтэрактыўныя чытанні «Шчасце — гэта ліса», а дарослых — жывыя размовы пра літаратуру і эміграцыю, бестселеры і фемінізм, праўду, мацнейшую за страх, і дакладныя навукі па-беларуску.
Фіналам другога фестывальнага дня стане Ноч паэзіі, на якой выступяць Ганна Шакель, Юля Цімафеева,
Альгерд Бахарэвіч,
Вера Бурлак, Андрэй Хадановіч, Данііл Вашкевіч, Уладзь Лянкевіч.
У нядзелю запрашаем на цырымонію абвяшчэння лаўрэатаў Прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады; размовы пра навінкі серыі «Галерэя чалавечай думкі» і аўтафікшн у Беларусі і свеце.
У чытачак і чытачоў будзе магчымасць пазнаёміцца з новымі кнігамі і выдавецтвамі, знанымі аўтарамі і дэбютантамі, завітаць на музычна-літаратурныя прэзентацыі Артура Камароўскага і Фрыдрыха Самотнага.
Завершыць фестываль выступ
Кміт-ансамбля і танцавальная вечарына
«Танцы ў Пазнаньцы».
Поўная праграма фестывалю і дадатковая інфармацыя даступныя на афіцыйным сайце PRADMOVA