Абвешчаны прыём заявак на V Міжнародны Дэкламатарскі конкурс з нагоды Дня роднай мовы
2026-01-11 14:30
Фонд Tutaka і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку абвясцілі пачатак прыёму заявак на чарговы Міжнародны Дэкламатарскі конкурс.
Конкурс ладзіцца штогод на Дзень роднай мовы. Сёлета ён мае міжнародны характар, арганізаваны па гібрыднай сістэме, што дае магчымасць удзельнічаць беларусам з усяго свету.
Узрост удзельнікаў — ад пяці гадоў.
Што трэба зрабіць?
Выбраць тэкст: любімы верш ці ўрывак прозы па-беларуску (на літаратурнай мове альбо на роднай гаворцы).
Стварыць відэа: запісаць класічную дэкламацыю або зняць мастацкі відэа-арт, натхнёны творам беларускае літаратуры.
Запоўніць анкету і загрузіць відэа праз
адмысловую форму да 13 лютага 2026 года.
Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта — захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.