- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Якуб Колас!.. Колькі ў двух гэтых словах велічы, мілагучнасці, радасці і смутку. Радасці ад таго, што ён жыў на нашай роднай зямлі для свайго народа, пісаў аб ім і для яго, быў вялікім педагогам, творы якога натхняюць наша сучаснае пакаленне на працоўныя подзвігі, вучаць любіць сваю Радзіму, родны край, той куток, дзе нарадзіўся і вырас. Сумна, што ён сёння не з намі. Колькі б цудоўных твораў ён яшчэ напісаў для свайго народа! Якуб Колас - мой настаўнік, дарадца, зямляк. Дзякуючы яму, яго творам я стала выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, з вялікім захапленнем, энтузіязмам працавала сорак гадоў на ніве народнай адукацыі. Помню далёкія трыццатыя гады... Я тады вучылася ў Менскім польскім педтэхнікуме, які знаходзіўся па вуліцы Савецкай, 144. Мы часта запрашалі Канстанціна Міхайлавіча да нас на заняткі літаратурнагагуртка, дзе ён нам дэкламаваў вершы. Ды як дэкламаваў! Усёй сваёй істотай, сэрцам. Але больш ён любіў слухаць нас, чым выступаць сам. Мы чыталі яму свае першыя літаратурныя творы. Ён уважліва слухаў нашы вершы, даваў мудрыя парады. Помню яго словы адносна літгурткоўцаў: "Вядома, што не ўсе вы станеце паэтамі, празаікамі, але я веру, што на ўсё жыццё палюбіце свой край, народ, яго мову і літаратуру".