- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У 2002 годзе ў агульным становішчы з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі зрухаў да лепшага не адбылося. Палітыка ўладаў па-ранейшаму суправаджалася парушэньнем міжнародных стандартаў ў галіне правоў чалавека і нацыянальнага заканадаўства. Найбольш істотнае пагаршэньне сітуацыі было зафіксаванае ў галіне свабоды слова і свабоды веравызнаньня. Сістэматычна парушаліся правы грамадзянаў на ўдзел у мірных сходах і дэманстрацыях, у саюзах і асацыяцыях, ажыцьцяўляўся крымінальны перасьлед па палітычных матывах, засталася нявырашанай праблема зьнікненьня вядомых людзей. Адсутнасьць у краіне справядлівага, аб’ектыўнага і незалежнага суда стварае перашкоды дзеля абароны парушаных правоў грамадзянаў. Для беларускай дзяржавы правы чалавека па-ранейшаму не зьяўляюцца непарушным прынцыпам, які мусіць дамінаваць ва ўсіх праявах дзяржаўнай палітыкі. З самых высокіх трыбунаў агучваецца думка, нібыта парушэньні правоў чалавека ў краіне зьяўляюцца ўсяго толькі інфармацыйным ходам асобных палітыкаў, які робіцца дзеля аказаньня ціску на кіраўніцтва дзяржавы.