Алег Агееў: Уладам ёсць што хаваць
2023-01-16 20:49
Сёння ў Гародні ў закрытым рэжыме пачаўся суд над журналістам Анджэем Пачобутам. Яго абвінавачваюць у закліку да санкцый і распальванні варожасці. Журналісту пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Судовы працэс над палітвязем абмеркавалі з госцем “Радыё Рацыя” – намеснікам старшыні БАЖ, юрыстам Алегам Агеевым.
РР: Варта прыгадаць, што доўга гэты суд не пачынаўся. Ці варта шукаць у гэтым нейкія знакі?
Алег Агееў: З таго што дакладна вядома, менавіта нейкіх уплывовых рэчаў, якія б давалі надзею на хуткае вызваленне нашага калегі, бессэнсоўна шукаць. Гэта хутчэй за ўсё звычайная судовая бюракратыя. Таму б я не шукаў тут нейкіх узаемасувязяў з лёсам Анджэя і тым, што адбываецца ў зале суда.
РР: Ці нейкім чынам гэтае абсурднае абвінавачанне – заклік да санкцый ды распальванне варожасці – патрабуе нейкага юрыдычнага каментару?
Алег Агееў: Гэта адразу трапляе ў вызначэнне палітвязня. Таму што фактычна любы чалавек за рэалізацыю свайго права на свабоду выказвання можа быць узяты пад варту і асуджаны на вялікі тэрмін толькі за рэалізацыю свабоды выказвання. І гэта бессэнсоўнае абмежаванне ў гэтым артыкуле нават у тым, як ён прапісаны ў Крымінальным кодэксе. Гэта бачна звычайным вокам звычайнага наглядальніка. Анджэй амаль з пачатку свайго затрымання быў прызнаны палітвязнем. І нават з таго, што мы даведваліся адразу з моманту яго затрымання і на сённяшні дзень мы бачым, па якіх артыкулах разглядаецца справа ў судзе, гэта безумоўна палітычна матываваны пераслед, які не мае ніякага дачынення да крымінальных спраў у прававых краінах. І таму гэта яшчэ раз зацвердзіла нас, праваабарончую супольнасць Беларусі, што нічога, акрамя палітычна матываванага працэсу, у іх стварыць не атрымаецца. І тое, што справа разглядаецца ў закрытым судовым паседжанні, таксама сведчыць, што ўладам ёсць што хаваць. Што нават публічны крымінальны працэс ужо не могуць зладзіць і ўсё што ім застаецца, гэта толькі зачыняць дзверы, каб ніхто не бачыў, што адбываецца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя