45 гадоў таму студэнт з Беласточчыны Алег Латышонак скончыў гістарычна-філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. І так пачалася ягоная кар’ера гісторыка. Сёння ён доктар габілітаваны гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы. Аўтар шматлікіх кніг, якія выходзілі як па-польску, так і па-беларуску.
Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла са спадаром Алегам пра яго кнігі і любімыя гістарычныя тэмы.
РР: Калі пачаць расповед пра вашыя кнігі, давайце мы спачатку згадаем першую вашую кнігу. Што гэта была за кніга? Якія тэмы вас цікавілі ў той час?
Алег Латышонак: Гэта была кніга «Беларускія вайсковыя фармаванні 1917 — 1923». Гэта быў вынік маіх доўгіх даследаванняў гісторыі беларускай вайсковай справы таго часу. Першая мая даследчая праца пачалася, можна сказаць, на грамадскае запатрабаванне, паколькі тадышні лідар беларускага студэнцкага руху ў Польшчы Пятро Багроўскі сказаў: хлопцам трэба героя! Усе чулі пра Булак-Балаховіча. І я пачаў з Булак-Балаховіча, а пасля аказалася, што шмат людзей тады ваявала за незалежную Беларусь.
РР: Я так разумею, што працяг гэтай кнігі быў у наступных, у такіх, як «Нацыянальнасць — беларус». Ці наступныя кнігі былі абсалютна з іншым мэсэджам?
Алег Латышонак: Не, зусім іншая. Я часам яшчэ пісаў пра вайсковыя справы, але гэта ўжо, можна сказаць, калі штосьці новае трапіла ў рукі, або штосьці не скарыстаў раней. Гэта ўсё знайшлося ў маёй кнізе, выдадзенай па-беларуску, «Жаўнеры БНР». А «Нацыянальнасць — беларус» гэта зусім іншая кніга, паколькі я думаў напісаць кнігу пра беларускі нацыянальны рух, як ён сёння бачыцца, пра пачаткі беларускага нацыянальнага руху. І думаў, што трэба напісаць нейкі раздзел, у якім будзе даследаванне, адкуль увогуле ўзялася назва Беларусь, беларусы. Бо як можа існаваць беларускі нацыянальны рух, калі невядома, адкуль гэта бярэцца. І як пачаў даследаванні, то гэта заняло ў мяне пяць гадоў. Аказалася, што з гэтага ўзнікла зусім новая кніга пра сярэднявечча і ранні мадэрны перыяд. Я да 19-га стагоддзя ў ёй не даехаў. Але гэта была вялікая прыгода для мяне. Даследаваць адкуль назва ў цябе, тваёй краіны, тваіх братоў, усіх суродзічаў. Гэта вялікая справа. Адразу скажу, што я не ведаю, адкуль гэта. Але вельмі старая назва, з паловы 13-га стагоддзя. Часта і цяпер чуем, што гэта то цар прыдумаў, то царыца, але калі навукова да гэтага падысці, то вельмі старая назва.
РР: Я нядаўна браў інтэрв’ю ў прафесара Андрэя Мацука, ён нарадзіўся ў Полацку, скончыў Полацкі ўніверсітэт, як раз ён мне пра гэта расказваў, што ён знайшоў шмат гістарычных дакументаў, дзе згадваецца Беларусь, беларускі, ён нават знайшоў дакументы, дзе полацкая шляхта апелявала да «нашых князёў», то бок да Рагвалодавічаў, калі вялася размова пра маёмасць. І шмат было ў дакументах назваў «беларускі» — вайсковыя аддзелы і г. д.
Алег Латышонак: Была, напрыклад, беларуская курэнцыя, як бы свая валюта. Шмат было такіх назваў.
РР: А з якога часу можна згадаць, што назва Беларусь трапляецца ў дакументах?
Алег Латышонак: З канца 16-га стагоддзя. Раней была такая ўяўная Беларусь Русь. У розных месцах магла знаходзіцца. Хаця я думаю, што першая згадка пра Беларусь як раз да нашай зямлі адносілася. Але фактычна на зломе 16 — 17 стагоддзяў гэтая назва замацавалася за ўсходам Беларусі. Хаця некаторыя яе і да Наваградчыны адносілі, і да заходняга Палесся. Так што, старая назва. Мае даследаванні пра 19-ае стагоддзе знайшліся ў кнізе «Нацыянальнасць — беларус». Бо тая мая першая кніга пра назву Беларусь — гэта «Ад белых русінаў да беларусаў». Думаю, што варта было гэтаму прысвяціць столькі часу. Не я адзін гэтым займаўся, таксама Алесь Белы, і з не меншым вынікам. Прынамсі навукоўцы ўжо не спрачаюцца пра даўніну гэтай назвы і да каго яна адносілася.
(...)
Ёсць грамадскае запатрабаванне на гісторыю Падляшша ў сярэднявеччы. Гэтым я думаю заняцца ў бліжэйшы час. Гэта 11 — 14 стагоддзе. Паколькі ў 15-ым, калі Падляшша ўваходзіць у Вялікае Княства Літоўскае Вітаўта, то зусім новы перыяд пачынаецца. Так што, не далей канца 14 стагоддзя.
РР: Цікава. Мне здавалася што такая тэма ў Польшчы даўно распрацаваная, што пра гісторыю Падляшша ўжо напісана шмат кніг.
Алег Латышонак: Няма ніводнай кнігі. Таму я першую напішу. Былі артыкулы, нават цікавыя, але гэты перыяд, менавіта да канца 14-га стагоддзя, калі Падляшша была часткай Русі, пра гэта даволі неахвотна ўспамінаюць, у сённяшніх гістарычных кнігах гэта 3-4 старонкі, а можна напісаць сотні.
Цалкам размова — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя