Алесь Бяляцкі і „Вясна” ўганараваныя міжнароднай прэміяй
2020-10-01 19:42
У Швецыі сёння былі агучаныя лаўрэаты штогадовай прэміі „За годны лад жыцця-2020”. Сярод чатырох лаўрэатаў – беларускі праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі.
Гэта вядомая міжнародная ўзнагарода, якую яшчэ называюць альтэрнатыўнай Нобелеўскай прэміяй. Ёй упершыню ўганараваны грамадзянін Беларусі.
«Прэмія, якой мяне ўганаравалі ў гэты драматычны для гісторыі Беларусі момант, з’яўляецца важнай падтрымкай для ўсяго беларускага грамадства,»- кажа Алесь Бяляцкі.
– Я, мае сябры і калегі, мы вельмі ганарымся тым, што гэтая прэмія была ўручана сёлета беларускаму праваабаронцу, нашай беларускай праваабарончай працы. І мы разумеем выдатна, што гэтая прэмія дадзена таксама ўсяму беларускаму грамадству, якое хоча зменаў. Гэта як знак пашаны да ўсяго беларускага грамадства, якое зараз змагаецца за дэмакратычныя змены ў Беларусі.
Прэмію «За годны лад жыцця» заснаваў у 1980 годзе журналіст Якаба фон Юкскуль. Уручаецца штогод, „за дзейнасць над практычнымі і ўзорна-паказальнымі рашэннямі найбольш вострых праблем сучаснасці”. Міжнароднае журы прысуджае прэміі ў такіх галінах, як абарона навакольнага асяроддзя, правы чалавека, здароўе, адукацыя.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя