Алесь Плотка: «Трэба думаць і нешта рабіць для тых, каму яшчэ горш»
2025-01-16 19:36
Музыка і паэт Алесь Плотка ў інтэрв’ю budzma.org распавёў пра жыццё ў славянскім Нью-Ёрку, як на яго паўплывала хвароба на сухоты і чым ён зарабляе, акрамя творчасці.
— Гурт Sož нядаўна выпусціў сінгл «Eras i Tanatas». Распавядзі, калі ласка, пра гісторыю гурта і пра тое, які этап у ёй абазначае новы сінгл.
— Для мяне зараз этап, калі мы пачынаем болей функцыянаваць менавіта як гурт, таму, калі не супраць, я набяру калегам, і яны адкажуць на пытанні пра Sož на гучнай сувязі. Як у віктарыне, тыпу званок сябру.
— Не, не супраць, вядома.
...Алесь дастае тэлефон, кажа гучна ўголас: «A, Andy!» (з брытанскім акцэнтам), набірае гітарыста.
Эндзі Печынскі (гітара), выслухаўшы, адказвае па гучнай сувязі: «Насамрэч спачатку нават не было ідэі рабіць гурт, проста раптам нібыта ніадкуль пачалі з’яўляцца песні — адна, другая. Алесь тады жыў, здаецца, недзе паміж Прагай і Кіевам, астатнія — ў Гомлі, то-бок паўнавартасна працаваць як гурт мы не маглі фізічна.
Калі нарэшце сабраліся ў адной лакацыі і пачалі рэпетыцыі — як быццам запоўніўся нейкі недахоп, склаўся пазл. І усё неяк апынулася больш цікавым — і значна больш складаным, чым падавалася. Наш сінгл для мяне сімвалізуе... знойдзеную цэласнасць з усімі яе цяжкасцямі. Немагчыма прыйсці да свядомасці без болю. Не бывае эраса без танатас».
— Зараз вы рыхтуецеся да выступу на фестывалі Ludzie wschodu, Bialoruska zimna fala у Варшаве, які адбудзецца 17 студзеня. Наколькі я ведаю, у снежні пасля выхаду сінгла ў вас былі выступы ў Празе і Лодзі. Якія ўражанні і эмоцыі засталіся ад іх?
Эндзі Печынскі: «Ну, мая пазіцыя простая — лепей сыграць лайв, чым не сыграць, таму я рады любому выступу. Нават калі мне не надта падабаецца месца імпрэзы — што можа быць болей панкаўскага, чым граць там, дзе табе не падабаецца (смяецца — Budzma)?
Скажу так. Калі я бачу ў залі людзей у нашых цішотках, чую, як пляскаюць далоні ў такт, калі пасля выступу нехта падыходзіць падзякаваць і сказаць пару цёплых словаў — тады я адчуваю, што яно сапраўды таго вартае. Фідбэк — гэта паліва музыкаў».
Алесь Плотка: «Дзякуй, Эндзі, мы яшчэ абавязкова злабаем у месцах, якія табе не падабаюцца, абяцаю».
Алесь развітваецца з калегам і кладзе слухаўку.
Выступленне гурта Sož
— Алесь, ці праўдівая ў мяне інфармацыя, што ты ўдзельнічаў у запісе альбома пра палітвязняў «Пазначаныя жоўтым»? Калі так, то распавядзі, калі ласка, пра сваю ролю.
— Ого, пытаннечка, нічосі. Не, я не ўдзельнічаў у запісе гэтага альбома. Але каб не было блытаніны і раз пытанне ўжо ўзнікла (нейкія чуткі, значыць), раскажу, бо ты неяк пранюхаў пра гэта. Мы пачыналі размовы пра канцэпт са стваральніцай праекта, зацятай Хрысцінай Дробыш, і кожны з нас вынес свае думкі, як падобныя праекты маюць рабіцца. Гэта быў вельмі важны дыялог пра этыку, пра эмпатыю, пра адказнасць. І пра мастацкія сродкі ў такіх складаных, брутальных тэмах.
Гэты дыялог застанецца за кадрам, але ягоныя высновы будуць працаваць для культуры. Простымі словамі — мы не дамовіліся аб супрацы, бо двух рэжысёраў не бывае, добра тое, што мы працягваем рабіць адну справу стратэгічна і разам.
Я вельмі рады, што гэты праект быў рэалізаваны (ведаю, што было няпроста). Рады, што беларускія творцы робяць сацыяльна адказныя праекты. Альбом Вольскага, альбом Дробыш, мы маем працягваць, як працягваем рабіць праекты пра беларускае расстралянае адраджэнне.
— Ці быў у цябе ўласны досвед трапляння пад рэпрэсіі, альбо ў тваіх сяброў ці блізкіх?
— Так, але без хардкора, калі па сучаснай беларускай філасофіі. Свае траўмы не аспрэчваю і займаюся імі, што таксама важна, але я не гатовы да іх нейкай публічнай рэфлексіі, бо ў мяне тут такая філасофія, як у большасці беларусаў і ўкраінцаў, што трэба думаць і нешта рабіць для тых, каму яшчэ горш. Што і раю ўсім настойліва, асабліва мужчынам — псіхатэрапія, дапамога і сабе таксама.
— Пра чый лёс з палітвязняў ты часцей за ўсё задумваешся? Чаму?
— Найперш пра людзей, якія не вядомыя шырокай грамадскасці. Ім цяжэй за ўсіх. Тыя, хто даўно мае візію будучыні, трымаюцца лепей: чытаюць лекцыі ў камерах, застаюцца нешта рабіць пасля беларускай зоны. Ну і мы хоць у нейкім кантакце, што важна, як ні круці, гэта масты на будучыню.
Абдымаю ўсіх братоў і сястрыц у Беларусі, мы будзем доўга жыць па-рознаму, але мы ў сілах захаваць узаемную фантомную прысутнасць і ўзаемапавагу. Ад сябе асабіста — прысягаю. Не ўсе ў эміграцыі змаглі спасцігнуць, як кажуць ва Украіне, самае складанае з мастацтваў — «затулити пельку» — часам людзі кажуць вельмі вялікія дурноты.
— У 2014-м ты публічна прызнаўся, што захварэў на сухоты. Якім быў працяг гэтай гісторыі?
— Ну, як бачыце, медыцына дапамагла (смяецца — Budzma), вось размаўляем. Мне як літаратару гэта дадало асаблівую прызму ў творчых праектах. Мне па-свойму цікава перакладаць Сыракомлю, думаючы, што ён «з нашых», ездзіць па яго мясцінах, думаць, фантазіраваць.
Нейкія моманты з яго біяграфіі для кагосьці проста радкі, у мяне проста іншае ўспрыняцце інфармацыі пра любога творцу, хто меў сухоты. Гэта такая тэрыторыя супольнай хваробы, супольнай дэвіацыі, скажэння існага. Ты глядзіш на літары калегаў (у некалькіх сэнсах) па-свойму, вось такі творчы метад.
Цікава думаць, ці ў Шапэна, напрыклад, стан spes phthisica (гэта такая «тубікаўская» эйфарыя, экзальтацыя) быў усё жыццё ці хвалямі, ці гэта праявілася ў музыцы, у якіх творах найболей? Ну карацей, мала хто будзе чытаць «Український неврологічний журнал» з артыкуламі пра Шапэна і тэорыю таго, як сухоты ўздзейнічалі на ягоныя творчыя фазы, але невялікая мэтавая аўдыторыя такіх матэрыялаў існуе, ісцінна кажу.
Калі ў табе застаецца туберкулома, то ты назаўжды «несамотны». Гэта дзіўны абсалютна досвед асэнсавання, што ў табе, у тваіх лёгкіх, узнікла асобная, лічы, цывілізацыя мікабактэрый. Яна была вынішчаная, дэкласаваная, але яна не знікла цалкам, так, а такім некрозам скукожылася ў нешта.
У што? Тут ужо ты можаш у такія гульні гуляцца ў сваім розуме, мама дарагая. З ёй можна размаўляць, можна думаць, што гэта чорная дзіра ў іншае вымярэнне, можна рабіць тэорыі таго, ці звязаныя неяк асабліва ўсе людзі, што маюць туберкулому.
Калі вырасту, напішу раман пра гэта. Але я спадзяюся ніколі не вырасці.
— Чуў пра некаторыя фрагменты тваёй біяграфіі, але цэльнай карціны не маю. Калі і чаму ты пакінуў Беларусь, што было далей?
Ну дык вось. У 2018 годзе я выехаў на такую літаратурна-спірытуальную школу ў Чэхіі, звязаную з Максам. Гэта не стыпендыя, не грантавая нейкая гісторыя, не ведаю, як дакладна патлумачыць у вашай сістэме каардынат. Духоўная практыка, адным словам. Гэта і не чыста будысцкая рэч, але і дакладна не літаратурны салон.
З творчага боку там аформілася кніга «Лотас на асфальце», быў закладзены канцэпт альбома з Ясінскім «Баранавічы Цэнтральныя». Увогуле склаліся такія энергетычныя саюзы на ўсе далейшае жыццё і зямное, і незямное.
Ведаеце, першая дыяспара — гэта ж як першы сэкс: можа быць спрэчна тэхнічна, але эгрэгар на ўсё жыццё. Вось у маёй біяграфіі гэта чэшская.
Мая кармічная місія была скончаная 22.08.2020 у мястэчку Крнов, дзе як савецкі жаўнер быў вымушаны служыць мой бацька. Як у нашай вёсцы кажуць, — які Джым Морысан, такі і Пер-Лашэз. У Крнове я піў грушаўку нагбом, хадзіў па вайсковых могілках, багата рэфлексаваў.
Роўна там і ў гэты дзень быў напісаны тэкст для песні «Малако», з якой у публічнай прасторы і пачаўся гурт Sož і, магчыма, гэта галоўны трэк гэтай групы ў прынцыпе, але тут ужо гісторыя разбярэцца.
Потым я паехаў ва Украіну, бо адчуваў, што толькі там я мог быць шчаслівы асабіста, так яно і выйшла. Потым нейкая літоўска-польская калатнеча, яшчэ не асэнсаваў, потым была стыпендыя Gaude Polonia, вось я і ў Польшчы.
— Якое месца, дзе ты жыў, табе найбольш падабалася і чаму? А якое зусім не зайшло?
— Кіеў — найлепшы горад на Зямлі. Сам па сабе гэта такі энергетычны хаб, славянскі Нью-Ёрк, але некаму і ў Аёве добра і камфортна. Кіеў стаў нашым домам з маёй жонкай Томай Лазарэнка, таленавітай украінскай грамадскай дзяячкай і проста фантастычнай жанчынай, горадам вялікай унутранай гармоніі з самім сабой і іншым чалавекам.
Горадам вялікага ўдзячнага шчырага і ўзважанага кахання. Горадам, дзе мне спакойна. Я ўсё пражываю праз сябе, і пра пашпарт, і пра ракеты, тут зразумела, але вось я і вось Кіеў. І гэта назаўжды.
Мне трэба даразумець Вільню, у нас такія трывожна-пазбягаючыя стасункі склаліся.
— Што новага ты адкрыў для сябе пра беларусаў, пажыўшы ў іншых краінах?
— Ды нічога новага, паўсюль ёсць людзі шляхетныя і ёсць гаўно. Мне такія падлянкі рабілі чыста беларускамоўныя людзі, што іх дакладна чакае пекла, яно будзе беларускамоўнае, але пекла. З цвікамі пад пазногці.
Цешуся, што беларусы сталі сябе болей шанаваць, без пыхатасці, але, як кажа адна грамадская кампанія, годна. Вельмі мне гэтае слова падабаецца.
— Як бы ты сам ацаніў: як ты змяніўся за апошнія гады?
— Я сабе так пастанавіў, што не трэба быць аж занадта містычным і ўсё спісваць на вышэйшыя сферы, а трэба браць і рабіць. Ідзі і рабі. З іншага боку не трэба быць і дурачком, калі містэрыі сапраўды адбываюцца, не трэба іх аспрэчваць. Жыццё — штука магічная, але гэта не нагода не ўпахваць.
— Бачыў у фэйсбуку тваё фота з прэзідэнтам Польшчы. Дзе і калі яно было зроблена?
Алесь Плотка з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам
— А былі такія калядныя сустрэчы з беларусамі. Мяне на такое ніколі не звалі, але вось як пераклаў п’есу Сыракомлі, дык паклікалі. Вядома, прыемна, што людзей культуры цэняць трошкі. П’еса, дарэчы, зацікавіла адно выдавецтва беларускае. Так, глядзіш, і спраўдзіцца галоўная мара, што да любой п’есы — каб яна была пастаўленая на сцэне.
— Музыка, паэзія — гэта твая асноўная дзейнасць, ці прыходзіцца займацца чымсцьці яшчэ?
— Так, гэта мая асноўная дзейнасць, але прыходзіцца займацца чымсьці яшчэ (смяецца — Budzma). У мірскім жыцці я займаюся міжнароднай гуманітарнай дапамогай як праектны менеджар. Excel трошкі лепей корміць, чым Word.
— Аб чым ты цяпер марыш?
— Я думаю, мая глабальная мара на 97 працэнтаў супадае з марай чытачоў «Будзьмы».
З мараў на гэтым тыдні — каб беларусам хапіла квіткоў на фестываль «Людзі Усходу» ў пятніцу. Зараз такая ў чымсьці парадаксальная сітуацыя (але можа і не, можа, так і трэба), што ў папярэднім продажы палякі квіткі бяруць актыўней за беларусаў, якія ўсё пакідаюць на апошні дзень. І вось я максімальна не хачу, каб квіткі скончыліся, і потым пачаўся бульбасрач «чаму нам не хапіла квіткоў». Я перажыву, але вось не хацеў бы.
На гэты год ёсць планы з гуртом Sož, але нічога не буду пакуль абяцаць дакладна. А вось пра што я нідзе публічна не казаў, і магу тут і зараз зрабіць — абяцаю выдаць апошні альбом праекта Buben Naruszewicz Baisan. Гэта пост-мортэм праца для нашага Леаніда Нарушэвіча, яна ляжала ў шуфлядзе 6 год.
Леанід Нарушэвіч і Алесь Плотка, апошняе фота разам, Ракаў, 2019 г.
Я не ведаю, як апісаць, але мы не маглі яе зарэлізіць (так, тут вось той выпадак, калі мае быць курсіў і ты словамі кажаш, што гэта курсіў). Цяпер яна гатовая да рэлізу.
На мора хацеў бы патрапіць у гэтым годзе, бо нешта мой 24-ты быў як 68-мы ў кніжцы Сцівэна Дэвіса пра The Doors: «Гэты год быў бэд трыпам для ўсіх па ўсім свеце». Калі хто мае пустую вілу, напішыце мне ў прыват. Усім жадаю гармоніі!
Антон Навумчык, budzma.org
Фота з архіва Алеся Плоткі