Алесь Ясінскі пра творчасць і адпачынак на Падляшшы
2025-08-07 17:00
Госць Рацыі — Алесь Ясінскі — кампазітар, баяніст, педагог, які ўжо працяглы час жыве ў Празе, а зараз знаходзіцца ў Беластоку.
Размаўляе з ім карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Стась Дадэрка.
РР: Што прывяло вас на Падляшша? Я ведаю, што вы звязаныя з гэтым рэгіёнам, калісьці вы былі пераможцам «Бардаўскай восені» ў 2014 годзе. І вы пішыце музыку для аўдыёкнігаў, што выдае «Камунікат». І шмат тут у вас знаёмых, і выступалі нядаўна, давалі сольны канцэрт. Што гэтым разам вы тут робіце, проста адпачываеце?
Алесь Ясінскі: Гэтым разам я сапраўды проста адпачываю, здзяйсняю сваю даўнюю мару. Ужо, напэўна, 3 ці 4 гады марыў правесці адпачынак на Падляшшы, таму што тут вельмі блізка да Беларусі, тут шмат што нагадвае Беларусь, шмат беларусаў, прырода тут беларуская, і душа тут таксама ёсць беларуская. Вось я зараз атрымліваю асалоду ад часу на Падляшшы.
Стась Дадэрка і Алесь Ясінскі ў студыі Беларускага Радыё Рацыя
РР: Можа, ёсць штосьці блізкае і з вашымі роднымі Баранавічамі ў Беластоку? Можа, нейкая атмасфера блізкая?
Алесь Ясінскі: Гэта я вас запытаўся б як знаўцу гісторыі і музыкі, якія тут ёсць сувязі з Баранавічамі. Я, на жаль, некампетэнтны ў гэтым пытанні. Мне проста тут падабаецца, і я добра баўлю час.
РР: Ведаю, што ваша жыццё ў Празе гіпер насычанае, шмат калектываў, шмат праектаў, вы задзейнічаныя нават у тэатральных пастаноўках, пішаце музыку для тэатра і кіно, граеце з сімфанічнымі аркестрамі. Музыку, якую вы граеце, таксама нельга апісаць адным словам, яна можа быць і джазавая, і акадэмічная, і імправізацыйная, і этнічная, і якая заўгодна. Ці не зашмат, ці наадварот — замала?
Алесь Ясінскі: Калі не навучыўся рабіць штосьці адно выдатна, то трэба рабіць шмат чаго і патроху. Гэта мой такі падыход.
РР: І баян — гэта не ваш адзіны інструмент?
Алесь Ясінскі: Насамрэч адзіны. Я канцэрты на іншым інструменце, як на баяне, не магу ўявіць, каб я граў. Можа быць, там эпізадычна я магу выкарыстаць гітару ці фартэпіяна. Але ў адрозненні ад вас, наколькі вы валодаеце і духавымі, і фартэпіяна, і голасам, і колькі вы робіце актыўных усялякіх рэчаў у плане фры-джаза, у мяне толькі баян.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя