Аляксандр Пашкевіч: Нават у гісторыі з «Бурым» трэба шукаць гістарычны кампраміс
2023-03-01 14:44
1 сакавіка Польшча адзначае Нацыянальны дзень памяці «Выклятых жаўнераў». На Падляшшы з гэтым днём звязаная змрочная гісторыя Рамуальда Райса, пад псеўданімам “Буры”, які адказны за забойства 79 жыхароў падляшскіх вёсак – праваслаўных беларусаў у 1946 годзе.
Пра тое, як перажыць гістарычную траўму распавёў гісторык Аляксандр Пашкевіч:
– У Польшчы такая палітыка, якая скіраваная на падтрымку нацыянальнага духу. У такой сістэме такія людзі знаходзяць сваё месца і ўшаноўваюцца. Праблема, як звычайна, у тым, што гэтыя гістарычныя рахункі ў пытанні гісторыі пераносяцца на сучасныя. Тут праўда толькі такая, што трэба шукаць кампрамісы, нейкім чынам ставіць кропку і перагортваць старонкі. І адны там павінны прызнаць, што незалежніцкі рух не без грахоў. Таксама іншыя нейкім чынам шукаць тое, што аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае. Лукашэнку і ягоным памагатым напляваць на той лёс беларусаў, якія пацярпелі ад дзеянняў Райса „Бурага” і ягоных паплечнікаў у пасляваенны перыяд.
На думку гісторыка, аналагічны Дню «Выклятых жаўнераў» дзень можна ўвесці і ў Беларусі, ды прысвяціць яго памяці таго ж Расціслава Лапіцкага – кіраўніка і ідэолага антыкамуністычнага падполля на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ды іншых актывістаў такога руху ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя