Андрэй Мялешка: Хачу, каб людзі адчулі частку Радзімы дзесьці далёка за мяжой
2023-03-01 13:56
Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў дзясяткі тысяч беларусаў, пазбягаючы пераследу, з’ехалі за мяжу. Чым яны там займаюцца? Напрыклад, малым бізнесам. “Госць Рацыі”– Андрэй Мялешка ў 2021 годзе з’ехаў у Грузію.
РР: Андрэй, ты – журналіст. Але не так даўно падумаў пра свой невялікі бізнес у Грузіі.
Андрэй Мялешка: Я б гэта не назваў бізнесам. Гэта дапамога людзям, каб яны адчувалі частку Радзімы дзесьці далёка ў Грузіі, бачылі беларускія рэчы, якія тут набыць немагчыма. Сябры мне дапамаглі трошкі фінансава, каб адкрыць гэтую невялічкую крамку. Тут можна набыць розныя цішоткі з беларускай сімволікай, розныя значкі, вышыванкі, вышымайкі, сцягі бел-чырвона-белыя, украінскія сцягі.
РР: Як гэта робіцца ў Грузіі? Трэба мець нейкае памяшканне?
Андрэй Мялешка: Я зняў памяшканне. Мікрабізнес аформлены на мяне асабіста тут у Грузіі. І калі ты маеш пасведчанне, што ў цябе мікрабізнес, ты не мусіш плаціць падаткі.
РР: Як прайсці гэтыя афіцыйныя працэдуры? Што трэба, куды трэба звярнуцца?
Андрэй Мялешка: Ідзеш у падатковую інспекцыю, афармляеш на сябе мікрабізнес. Цябе адразу пытаюць: чым ты будзеш займацца? Ці ты будзеш гандляваць, ці будзеш вырабляць нешта ці што іншае? Я сказаў, што гэта будуць нацыянальныя рэчы. І гэта будзе хэндмэйд. Яны пазначылі пяць розных пазіцый. І выдалі мне пасведчанне, што я маю мікарабізнес. Пасля я шукаў па горадзе памяшканне. Знайшоў невялікае памяшканне. Запытаўся ва ўласніка, колькі ён хоча за арэнду. Ён захацеў прыкладна 150 даляраў у месяц. Я аддаў гэтыя грошы. І вось люты месяц я ў гэтым памяшканні займаюся тым, што расстаўляю рэчы, прадаю іх. Ніякіх пытанняў ад падатковых органаў да мяне няма.
РР: Ці мае тут значэнне грамадзянства? Наколькі ведаю, у цябе грузінскага грамадзянства няма.
Андрэй Мялешка: Абсалютна не мае ніякага значэння. Тут адчыняюць падобныя месцы і ўкраінцы, і беларусы, і казахі, і рускія, і малдаване, вельмі шмат туркаў.
РР: Крама разлічана ў асноўным на беларусаў. Але ці толькі на беларусаў у Грузіі? Ці яшчэ на беларусаў у бліжэйшым і далёкім замежжы?
Андрэй Мялешка: Ужо ёсць замовы ад беларусаў, якія жывуць у Турэччыне. Ёсць замовы ад беларусаў з Арменіі. У мяне вельмі добрыя стасункі з беларусамі Вялікабрытаніі і беларусамі, якія зараз жывуць у Італіі. Таксама ў мяне ёсць кантакты з беларусамі Мексікі, якія таксама нешта замаўляюць. І ёсць некалькі чалавек зараз у Інданэзіі і на Гоа, якія таксама замаўляюць беларускія рэчы.
РР: Крама мае ўжо сваю назву?
Андрэй Мялешка: Так. Крама называецца Batumiby.GE – гэта азначае: Батумі, Беларусь, і мы знаходзімся ў Грузіі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: з асабістай старонкі Андрэя Мялешкі ў Фэйсбук