Арунас Бубніс: У Новай Беларусі неабходна адкрыць архівы КДБ
2022-12-13 12:45
12-га снежня ў Музеі памяці Сібіры ў Беластоку адбылася сустрэча дырэктараў гістарычных музеяў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Украіны. Кіраўнікі ўстаноў падпісалі пагадненне пра супольнае вывучэнне вопыту, звязанага з доўгатэрміновай камуністычнай акупацыяй.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з удзельнікам сустрэчы, дырэктарам Цэнтра даследаванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы Арунасам Бубнісам пра тое, які беларускі музей мог бы далучыцца да падобнай кааліцыі, як можна працаваць з памяццю пра дзейнасць КДБ і што мусіць стаць прадметам гістарычнага даследавання ў Новай Беларусі, каб краіна магла стаць паўнавартасным сябрам еўрапейскай супольнасці.
РР: Ці ёсць у Беларусі музей, які мог бы ўвайсці ў гэтую кааліцыю?
– Я мала ведаю пра сітуацыю з музеямі ў Беларусі, але ведаю, што цяпер галоўны наратыў у Беларусі – гэта Вялікая айчынная вайна. Мы называем яе другой сусветнай, але пакуль Лукашэнка пры ўладзе, то наўрад ці штосьці памяняецца ў бок большага ўзаемадзеяння з заходнімі краінамі, а таксама з Літвой, з балтыйскімі краінамі, з Польшчай. Канешне мы хочам, каб у Беларусі ішлі дэмакратычныя працэсы, каб краіна стала адкрытай і была магчымасць супрацоўніцтва ў навуковай сферы, у гістарычнай, у музейнай. Канешне мы будзем радыя, калі да гэтага рэгіянальнага супрацоўніцтва, дамову пра якое мы падпісалі ў Беластоку, у будучым далучацца і беларускія музеі, беларускія навуковыя інстытуты. Мы будзем вельмі радыя.
РР: Што зменіцца для вашай установы пасля падпісання гэтай дамовы?
– Вельмі важна, каб голас нашага рэгіёну быў чутны не паасобку ў Еўропе і свеце. Калі мы аб’яднаемся, будзем праводзіць супольныя выставы, то рэзананс нашай працы асабліва ў Заходняй Еўропе будзе больш чутны.
РР: З якімі накірункамі працуе ваш музей? Якія асноўныя тэмы?
– Наш музей быў створаны ў 1992 годзе, у гэтым годзе адзначаем 30-годдзе нашага цэнтру, нашага музею. Ён перадусім распавядае пра савецкія злачынствы супраць жыхароў Літвы, пра масавыя дэпартацыі ў Сібір і пра дзейнасць КДБ у Літве. Таксама гэта партызанская барацьба, так званая „вайна пасля вайны” літоўскіх партызан супраць саветаў. Гэта тры галоўныя тэмы нашага музею.
РР: Усе гэтыя тэмы забароненыя цяпер у Беларусі. Чаму ў Літве гэта магчыма?
– Трэба мець на ўвазе, што наш народ вельмі пацярпеў ад савецкага рэжыму. 130 тысяч людзей было дэпартавана ў сталінскі час у Сібір з краіны, якая мела 3 мільёны жыхароў. 150 тысяч чалавек было саслана ў ГУЛАГ, у розныя лагеры па ўсім Савецкім Саюзе, а таксама 20 тысяч загінула падчас партызанскай вайны супраць саветаў. Канешне такія страты, такі досвед у дэмакратычнай краіне пасля аднаўлення незалежнасці, стала магчыма гэта ўсё вывучаць. З’явілася магчымасць умацоўваць гістарычную памяць, таму для Літвы гэта натуральны працэс, усім зразумела, што так і трэба рабіць.
З „Госцем Рацыі” – дырэктарам Цэнтра даследаванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы Арунасам Бубнісам, размаўляла Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя