Аўтар рамана «Боў і Мерць у Хротне» Дзяніс Трусаў сустрэнецца з чытачамі ў Варшаве
2025-12-16 22:30
Дзяніс Трусаў — пісьменнік і паэт з
Гродна, лідар музычнага праекта
Autonomicon, прыязджае
з сонечнага В’етнаму ў Варшаву, каб прадставіць чытачам свой самы беларускі, самы загадкавы раман
«Боў і Мерць у Хротне» — выдадзены сёлета
Фондам Kamunikat.org. Гэта
постмадэрнісцкі раман, у якім пошукі беларускай ідэнтычнасці набываюць нечаканае літаратурнае ўвасабленне; гэта
раман-пазл, са старонак якога нам падміргваюць і
Бруна Шульц, і
Хуліа Картасар з
Борхесам, і агент
Купер з «Туін Пікса», і двухгаловая соўка поруч з трупам галоўнага антаганіста.
Аднак аўтар, вядома ж, не памёр - ён сам спрытна схаваў уласны “труп” і цяпер прыязджае ў беларускую кнігарню
«Вырай» на аўтограф-сесію і аўтарскае чытанне.
Дзяніс Трусаў — паэт, музыка і празаік з Гародні. Нарадзіўся ў 1978 годзе.
Першыя публікацыі з’явіліся ў гарадзенскіх газетах «Моладзевы Кур’ер»
і «Вечаровая Гародня». У 1996 годзе выйшла складанка вершаў ў брашурцы
Гарадзенскага Універсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 2000 годзе,
з’ехаў жыць і працаваць у Польшчу. У 2001 годзе вершы Трусава,
перакладзеныя на польскую мову Янам Леанчуком, былі надрукаваны ў
альманаху EPEA (Беласток).
Наступнай кнігай была складанка паэзіі пад псеўданімам Дзіна Мележ
(Гародня, 2008). Потым у 2019 годзе ў выдавецтве Галіяфы выйшла
складанка аповедаў «Про Мутю», а ў 2021 у тым жа выдавецтве была
надрукавана кніга-складанка малой прозы (разам з музычным альбомам,
даступным на старонках выдання ў выглядзе QR-кодаў) на беларускай мове
пад назвай «Слоў моб».
У 2023 пад рэдакцыяй Георгія Барташа выйшаў раман
«Боў і мерць у Хротне»
на рускай мове — як у папяровай версіі (Гародня,
ЮрСа Прынт), гэтак і ў
лічбавай (выдавецтва Логвінаў). У 2025 перапрацаваны тэкст раману
«Боў і Мерць у Хротне» выдадзены па беларуску у Беластоку
Фондам Kamunikat.org.