Ажэшка, Арлоў, Севярынец, Сцяпан: агляд свежага 106-га “Дзеяслова”
2020-06-24 22:04
У гэты спякотны – і ў метэаралагічным, і ў грамадска-палітычным сэнсе – час пабачыў свет 106-ты нумар часопіса “Дзеяслоў”. Вось чым ён парадуе свайго чытача.
Адкрывае нумар нізка вершаў Васіля Зуёнка “Неба пасею…”. На пачатку чэрвеня Васіль Васільевіч адзначыў свой 85-гадовы юбілей, з чым “дзеяслоўцы” яшчэ раз яго шчыра віншуюць.
Празаічную частку нумара адкрываюць навелы майстра малой прозы Уладзіміра Сцяпана.
Уладзімер Арлоў прэзентуе баладу “Каралева пінгвінаў”, напісаную верлібрам – вершам, вольным як ад знакаў прыпынку, гэтак і ад залішняга пурытанства.
Павел Севярынец прапануе да ўвагі чытачоў фрагмент са свайго новага рамана “Беларусалім. Сэрца святла”, а менавіта – раздзелы “Віцебск. Ісус і меч” і “Віцебск. Цемра”. “Дзеяслоўцы” разам з усімі людзьмі добрай волі абураныя затрыманнем як Паўла, так і дзясяткаў блогераў ды грамадскіх актывістаў.
Не так даўно ў культурна-асветніцкім дадатку “Літаратурная Беларусь” (сумесны праект Саюза беларускіх пісьменнікаў і газеты “Новы час”) выходзіла нізка вершаў Валянціны Аксак “Адамавыя сыны”. Вось жа, дзеяслоўская падборка – “Евіны дочкі” – адказ-працяг той публікацыі.
Таксама ў паэтычнай частцы Віктар Ярац выступае з нізкай з актуальнаю назвай “Дыхнуць чысцінёю”, а Аксана Данільчык – з нізкай “Ціхія фарбы, ціхія гукі”.
Упершыню ў “Дзеяслове” друкуецца празаік і мастак Людміла Андзілеўка (фантасмагорыя “Разводдзе”).
Акрамя таго, у празаічнай частцы – заканчэнне другой часткі рамана мэтра гістарычнай прозы Генрыха Далідовіча “Кліч роднага звона” і апавяданне сталага аўтара часопіса Сяргея Рублеўскага “Уціральнік”.
Яшчэ адзін віцебскі аўтар і – яскравы дэбютант нумару – Віталь Шыёнак (аповед “Нязломак”).
Рубрыку “Пераклады” адкрывае яшчэ адзін чэрвеньскі юбіляр Дзмітры Плакс. Друкуецца падборка яго перакладаў сучаснай шведскай паэзіі, а менавіта твораў Эрыка Бергквіста, Іды Бёр’ель, Хокана Бравінгера, Сольі Крапу, Крыстофера Леандоэра, Атэны Фарухсад, Катарыны Фростэнсан і Ханны Хальгрэн. Працягвае рубрыку навела Элізы Ажэшка “Гекуба” (пераклад Анатоля Бутэвіча).
Эсэ “Ваш і наш Быкаў” прэзентуе даўні сябра беларускай літаратуры ўкраінскі літаратуразнаўца і празаік Міхайла Слабашпіцкі (пераклад Таццяны Кабржыцкай).
У рубрыцы “Спадчына” – публікацыя не друкаванай дагэтуль аўтэнтычнай паэмы роду “Янчуры” Юрася Свіркі, якую падрыхтавала да друку яго дачка Ірына Свірко.
Таксама ў частцы нон-фікшн – старонкі дзённіка Уладзіміра Ліпскага “Усякі апошні дзень” і працяг хронікаў беларускага інтэлектуала “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” Валянціна Акудовіча, які таксама святкуе юбілей у гэтыя дні. Гэтым разам ўспаміны знанага мысляра прысвечаны яго сябрам і калегам Адаму Глобусу, Алесю Анціпенку, Уладзіміру Мацкевічу, Таццяне Вадалажскай ды іншым культурніцкім героям.
У рубрыцы “Прачытанне” Васіль Дранько-Майсюк выступае з палемічным эсэ “Пятрусь Броўка і яго пошук страчанага спакою”.
Мазырскі літаратуразнаўца Сяргей Кураш распавядае пра кнігу Генадзя Лапаціна “Поделиться небом” (рэцэнзія мае назву “Нябеснае ў зямным”).
Ілюстрацыі на вокладцы часопіса – Адама Глобуса.
Прыемнага чытання!
"Дзеяслоў"