Барыс Хамайда пра аднаўленне Канстытуцыі 1994 года
2020-06-30 22:42
Падрыхтаваць такі рэферэндум прапанаваў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка, які цяпер знаходзіцца за кратамі.
Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, які ўжо шмат год падкрэслівае, што не прызнае цяперашнюю Канстытуцыю, змененую з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, бачыць і станоўчы, і адмоўны бок гэтай ідэі:
– Тое, што ён узгадаў тую Канстытуцыю, – гэта добра, гэта станоўча.Таму што вялікая колькасць людзей у нас нават і не памятае, што была такая Канстытуцыя. Але тое, што ён прапануе, – гэта памылкова. Ніякіх рэферэндумаў не трэба, гэтая Канстытуцыя – прыпыненая. Канстытуцыя 1994-га года будзе вернутая аўтаматычна!
На думку спадара Хамайды, гэта не адбудзецца без удзелу грамадскасці. Ён мяркуе, што зараз няма сэнсу губляць час і сілы на падрыхтоўку да выбараў, якіх у Беларусі няма, як няма і легітымнай Канстытуцыі. Апошнія падзеі вакол незалежных кандыдатаў прадэманстравалі гэта яшчэ раз. Беларусы павінны аб’яднацца з патрабаваннем вярнуць Канстытуцыю ўзору 1994-га года, і гэта мае стаць асноўным палітычным патрабаваннем, лічыць Барыс Хамайда.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск