- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Канферэнцыя ‘Беларусь – Наш новы сусед’, што праходзіла 20 сакавіка 2004 году ў Сэнаце Чэскай рэспублікі ў Празе, зь вялікай увагаю паставілася да важнасьці суседства новых краінаў-сябраў Эўрапейскага зьвязу з Цэнтральнае ды Ўсходняе Эўропы зь Беларусьсю. Канферэнцыя клала акцэнт на тое, што далучэньне новых сябраў да Эўрапейскага зьвязу не павінна адмежаваць Беларусь ад Цэнтральнае ды Ўсходняе Эўропы новымі межамі. Наадварот, большая ўвага павінна надавацца ажыцьцяўленьню й узмацненьню эфектыўнай падтрымкі дэмакратычных пераўтварэньняў на Беларусі праз звышэньне эўрапейскае зацікаўленасьці да новага суседа ды актыўнай стымуляцыі палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Гэтая канферэнцыя сабрала разам палітыкаў, актывістаў няўрадавых арганізацый і мясцовых ініцыятываў з Чэскае рэспублікі, Польшчы, Летувы, Латвіі, Славацкае рэспублікі ды Беларусі. Супрацоўніцтва ў арганізацыі гэтае канферэнцыі паміж Асацыяцыяй па міжнародных пытаньнях, Гуманітарнай арганізацыяй ‘Чалавек у нядолі’ і Сэнатам парляманту Чэскай рэспублікі выявіла вялікі інтарэс да шырокіх кантактаў і супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю ды апазіцыйнымі палітыкамі ў Беларусі. Канферэнцыя сталася прасторам для перамоў і дэбатаў адносна ролі новых сябраў у вызначэньні палітыкі Эўразьвязу як адносна Беларусі ў прыватнасьці, так і да ўсходніх суседзяў наагул.