Беларуска з Нью Ёрка: Няхай у гэтым годзе пераможа праўда
2020-06-30 22:45
Сёлета беларусы па ўсім свеце сталі як ніколі салідарызаванымі. У гэтым перакананая беларуска Дар’я Мурашка, што далучылася да акцыі пратэсту ў Нью Ёрку ў ЗША.
— Няхай у гэтым годзе перможа не рэжым, няхай у гэтым годзе пераможа праўда, — адзначыла яна:
– На самой справе гэта была мая другая акцыя. Першая была літаральна за тыдзень да гэтага. Яна была па той самай прычыне. То бок, у мінулую нядзелю быў першы такі мітынг салідарнасці ў Нью Ёрку. Тады было яшчэ больш людзей. Было каля 400 чалавек. На гэты раз, з-за таго што пратэстную акцыю рабілі ў будні дзень, нас сабралася каля 100 чалавек. Чаму праводзім? Таму што зараз тая сітуацыя, у якой немагчыма маўчаць. Тое, што адбываецца ў Беларусі, пераходзіць усе нейкія разумныя межы дазволенасці.
Дар’я Мурашка звярнула ўвагу на тое, што акцыя ў Нью Ёрку можа быць не апошняй. Усё будзе залежыць ад развіцця падзеяў у Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя