У Беластоку, у прасторы «Новая Зямля» 20 снежня адбылася прэзентацыя рамана-трылера «Беларускі снайпер». Кніга, напісаная былым амбасадарам Польшы ў Беларусі Лешкам Шарэпкам, раскрывае цёмныя механізмы сучаснай беларускай рэчаіснасці і паказвае, як супраціў можа нараджацца ўнутры чалавека, вымушанага служыць сістэме.
Пра асаблівасці рамана, яго ідэю і значэнне для сучаснага беларускага чытача распавёў выдавец кнігі, кіраўнік выдавецтва «Камунікат» Яраслаў Іванюк:
— У мастацкай кнізе Лешэк Шарэпка крыху больш мог напісаць адкрытым тэкстам пра сітуацыю ў Беларусі.
РР: Ці ёсць у кнізе нейкія пазнавальныя асобы?
— Ну пачнем можа з найбольш вядомай беларускай асобы, прэзідэнтам у гэтай кнізе ёсць Лукавы, усе напэўна здагадаюцца. Таксама там выступаюць іншыя сапраўдныя беларускія палітыкі, у якіх прозвішчы змененыя вельмі-вельмі мала. Кожны, хто будзе чытаць і хто больш-менш арыентуецца ў беларускай сітуацыі, напэўна здагадаецца, пра каго Лешэк Шарэпка піша.
Лешэк Шарэпка пра сваю кнігу і яе асаблівасці распавядае наступнае:
— Гэта прыдуманая тэматыка, але стараўся змясціць у кнізе падзеі, якія сапраўды адбываліся, пра палітычныя беларускія рэаліі. Думаю, што гэта будзе цікава для беларускага чытача. Можна сказаць, што ў кнізе прысутнічаюць палітыкі, якія былі ў той час у Беларусі, якія і сёння ёсць і кіруюць гэтай краінай. Але гэта ўсё ж такі мастацкая кніга, у якой прысутнічае мая ўласная фантазія.
Кнігу можна набыць
праз сайт «Камуніката», а таксама на ўсіх кніжных кірмашах Польшы, дзе прадстаўлена беларуская кніга.
Цалкам матэрыял — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя