Нацыянальная мастацкая галерэя «Захэнта», якая знаходзіцца ў Варшаве, запрашае прыняць удзел у майстар-класах «Зямля без памяці, цела без адпачынку», які правядзе мастачка Марына Напрушкіна. Гэта падзея — не проста магчымасць разам стварыць інсталяцыю, а і падзяліцца сваімі гісторыямі, вопытам, страхамі і надзеямі.
Падчас майстар-класаў удзельнікі створаць цэнтральныя элементы новай інсталяцыі Напрушкінай у тэхніцы макрамэ, да якіх будуць прымацаваныя банеры з паэтычна-палітычнымі лозунгамі. Шматмоўныя банеры на польскай, беларускай і англійскай мовах з‘яўляюцца візуальнай мовай пратэсту і жэстаў салідарнасці, якія перасякаюць межы дзяржаў і пакаленняў. Завязванне вузлоў становіцца жэстам сувязі: выконваецца сумесна, рытмічна і з цярпеннем. Гэта паказвае на спосаб стасункаў са светам, заснаваны не на падзеле, а на злучэнні.
Макрамэ, як вышыўка або шыццё, — гэта практыка, заснаваная на паўтарэнні і рытме. Доўгі час яна выконвала не толькі карысную функцыю, але і стварала прастору для сустрэч, слухання, памяці і супраціву. У такіх колах людзі не проста стваралі — яны ўключалі сваё жыццё, галасы і палітычную прысутнасць у агульныя аповеды, аб’ядноўваючы тых, каго не заўважалі ў афіцыйнай гісторыі.
На майстар-класы запрашаецца 10 чалавек рознага ўзросту, з розным вопытам. Ніякіх навыкаў не патрабуецца.
Суаўтарам працы будзе прапанавана падпісаць пагадненне, якое ўключае згоду на ўдзел у семінары, фотадакументацыю і прэзентацыю атрыманай працы ў рамках будучай выставы «Пра што мы марым разам?», адкрыццё якой адбудзецца 16 кастрычніка 2025 года ў «Захэнце».
Марына Напрушкіна — мастачка, феміністка і актывістка, якая жыве ў Берліне. Працуе з інсталяцыяй, тэкстам, малюнкам і перформансам. Яе палітычна матываваная практыка ставіць пад сумнеў дзяржаўную ўладу і факусуецца на калектыўнай самаарганізацыі.
Яна з’яўляецца заснавальніцай бюро па барацьбе з антыпрапагандай і сузаснавальніцай Neue Nachbarschaft / Moabit — сумеснага месца сацыяльна-культурнага абмену, кіраванага мігранткамі і мігрантамі. Напрушкіна разглядае мастацтва як інструмент палітычных пераменаў, базуючы яго на салідарнасці, клопаце і супраціве. З’яўляецца лаўрэатам прэміі ECF Princess Margriet Award.