- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
То быў нядобры знак. Так лічылі ўсе жыхары града Жоўны - ад простага пасынка ў князёвай дружыне да самога князя князёў ліцьвінскіх Жывінбуда. Сярод яснага дня на вачах люду, як лятавец, зляцеў з неба чорны каршук на галубоў, што сядзелі пасярод двара князёвых харомаў. Вострыя кіпцюры драпежніка ўпіліся ў белую галубку, і ў паветры растаў яе перадсмяротны ўскрык. Каршук панёс у кіпцюрах сваю здабычу. К вечару пра гэта ведалі жыхары града. І ў мірныя дні нічога добрага не вяшчала такая падзея, а цяпер і зусім. Вёў сваю раць князь рускі Яраслаў на зямлю Літоўскую. Віжы, якія прыйшлі з-пад Пінска, казалі, што русаў раць незлічоная, браня на іх моцная, коні пад імі сытыя, зброя ў іх вострая. Два гады таму хадзіў князь рускі на яцвягаў. На мячах сваіх неслі русы новага бога - Хрыста, бога, які дазволіў сябе раскрыжаваць. Князі родаў ліцьвінскіх і лепшыя людзі з'ехаліся да князя Жывінбуда на веча. Вечарам, пакуль не зайшло сонца, сотні ліцьвінскіх віцязяў сабраліся перад пагоркам, на якім знаходзілася выкладзеная каменем пляцоўка, дзе пад адкрытым небам стаялі стоды багоў. Перад стодам бога грому Перуна, які быў выразаны з дрэва ў выглядзе барадатага мужчыны, з маланкай ва ўзцятай правай руцэ, гарэла ахвярнае полымя Зніч. Шмат стагоддзяў таму запалілі жрацы гэты агонь і не давалі яму згаснуць. А вакол свяцілішча палыхала восем вогнішчаў. Чакалі ваяры, калі выйдуць да іх князі. І вось выйшлі яны з храма.