- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Падрэзаныя крылы. Расейская рэвалюцыя 1917-га году прынесла на Беларусь шмат высокіх лёзунгаў, між імі — лёзунг самавызначэньня народаў. Ен і стаўся штуршком да актывізацыі беларускага вызвольнага руху. Пачаліся беларускія нарады, зьезды. Адным зь іх быў зьезд вайскоўцаў - Беларусаў у Менску, на якім была выбраная Беларуская Цэнтральная Вайсковая Рада. Ей было даручана ўзяцца за арганізацыю беларускага войска. У сьнежні 1917-га году адбыўся Усебеларускі Кангрэс, а 25-га сакавіка 1918-га году Рада Беларускае Народнае Рэспублікі абвесьціла Беларусь незалежнай дзяржавай. Усе гэтыя падзеі натхнялі беларускае грамадзтва, а перадусім моладзь, да працы, да ахвяраў за зьдзейсьненьне Акту 25-га Сакавіка. Падзеі агульна - эўрапэйскага парадку йшлі, тымчасам, сваёю дарогаю. Увесну 1918 году, пад ціскам саюзьнікаў — Французаў, Ангельцаў ды Амэрыканцаў, нямецкая армія пакінула Беларусь, а на зьмену ёй прыйшла армія чырвоная. Пад бальшавіцкаю акупацыяй будаваць незалежную Беларусь было бадай немагчыма, Але неўзабаве, на прыканцы 1918-га году пачалася Польска - Бальшавіцкая вайна.