- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дарагія Суродзічы! Калі даўней Беларус прыносіў свой уклад у навуку й культуру, або змагаўся за вызваленьне бацькаўшчыны, дык заўсёды на помач паклікаў роднае друкаванае слова. Сёлета ёсьць 450-тая гадавіна выхаду ў сьвет беларускай бібліі нашага слаўнага першадрукара Францішка Скарыны, што кнігамі "для люду паспалітага" пачаў навукова-культурны прагрэс на Беларусі і Ўсходняй Эўропе. Прыгадайце таксама "Мужыцкую Праўду" несьмяротнага Кастуся Каліноўскага, "Нашу Долю" й "Нашу Ніву" дый заложаную нашымі студэнтамі.ў 1906 г. ў Пецярбурзе выдавецкую супалку "Загляне сонца і ў наша ваконца". Падумайце, як быў-бы спозьнены навукова-культурны прагрэс ува Ўсходняй Эўропе, калі-б ня друкі Скарыны. А ці магчыма было-б адраджэньне беларускага народу бяз "Нашае Нівы"? Ясна чаму маскоўскія калянізатары нашай бацькаўшчыны не даюць сяньня волі беларускаму друкаванаму слову. Мора расейшчыны плыве зь беларускіх друкарняў а сьвятыні навукі сталіся кузьнямі народнага ачмурэньня. А які-ж уклад змагла-б даць у вызвольнае змаганьне й нашу культуру беларуская эміграцыя бяз кніжак і газэтаў у роднай мове?