Беларуская сцэнарыстка выдала графічны раман, натхнёны атмасферай Мінска 2010-х
2025-12-15 15:15
Беларуская сцэнарыстка, аніматарка і рэжысёрка Нэта Карнеева выдала кнігу «Городской бестиарий», натхнёную атмасферай Мінска 2000-2010-х гадоў. Кніга ўключае 3 графічныя гісторыі і два апавяданні. Праект створаны цалкам на валанцёрскіх пачатках супольна з мастакамі Аляксеем Лужыным і Андрэем Смагіным.
Пра што кніга
Нэта Карнеева так распавядае пра кнігу:
«Гэта гарадскія казкі, магічны рэалізм у дэкарацыях постсавецкага Мінска, гэта кніга пра спробу знайсці і разгледзець чараўніцтва сярод звыклых панэлек, адчуць смак першага снегу на досвітку пасля бяссоннай ночы ў пустым двары спальнага раёна,
кніга пра сустрэчы з цудамі і наступствы такіх сустрэч,
гэта наша ода 2010-ым, наша асэнсаванне эскапізму і нашы ўспаміны пра нешта невымоўна цудоўнае, што назаўжды знікла з надыходам новага дзесяцігоддзя».
Сярод звілістых вуліц і ў цемры падземных тунэляў гарады захоўваюць свае таямніцы, аберагаючы іх ад цікаўных вачэй у павуцінні чутак і старажытных легенд...
Што здарыцца, калі сесці ў апошні цягнік мятро?
Да чаго прывядзе сустрэча з дрыядамі?
Што будзе з тым, хто пачуе спевы русалкі?
Што рабіць, калі твой брат ператвараецца ў пярэваратня?
І, нарэшце, як перамагчы адзіноту, не страціўшы розум?
У кнізе можна знасці адказы на ўсе гэтыя пытанні, абяцае аўтарка ў анатацыі да кнігі.