Беларускі дзіцячы часопіс «Вясёлка» пазбавілі дзяржпадтрымкі
2025-12-02 15:48
Дзяржаўнага фінансавання на наступны год пазбаўлены дзіцячы часопіс «Вясёлка», які выдаецца з 1957 года. На сёння гэта ў краіне фактычна адзінае беларускамоўнае дзіцячае выданне для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Спіс выданняў, якія атрымаюць дзяржпадтрымку, зацверджаны пастановай Савета міністраў № 685 ад 28 лістапада 2025 года. У пераліку згадваецца 21 афіцыйнае выданне. Агулам яны атрымаюць 7,4 мільёна рублёў — такая сума была закладзеная ў праекце бюджэту Беларусі на наступны год.
Як
звяртае ўвагу БАЖ, замест дзіцячага часопіса
«Вясёлка» дзяржаўнае фінансаванне атрымае часопіс
«Роднае слова» — штомесячнае навуковае і метадычнае выданне для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.