18 мая пачынаецца кніжны тур пісьменніка Сашы Філіпенкі па Еўропе. У спісе гарадоў — Варшава, Уроцлаў, Кракаў, Рыга, Вільня, Берлін, Мюнхен і Дзюсельдорф.
Саша Філіпенка прадставіць свой новы раман «Слон» — гісторыю пра тое, як людзі не заўважаюць відавочныя рэчы, якія адбываюцца вакол нас. Як людзей расчалавечваюць, і як яны выбіраюць камфорт замест таго, каб выбіраць каханне. «У Расіі „Слана“ можна чытаць як антываенную кнігу, у Беларусі — антыдыктатарскую, у ЗША — антытрампісцкую», — сказаў Саша Філіпенка ў інтэрв’ю DW.
Псіхалагічны крызіс, сацыяльны партрэт ваеннага часу, інтэлектуальная гульня, свабода слова, крыжаванка, эмацыйныя арэлі, сапраўднае каханне, антываенная літаратура — такое воблака тэгаў кнігі «Слон». У рамана можа быць шмат прачытанняў, кажа аўтар, уключаючы ўніверсальнае чалавечае: пра жыццё і каханне. Раман нанізаны на крыжаванку, словы якой — ключы тэксту.
Напярэдадні пачатку тура,
17 траўня, выдавецтва
Gutenberg Publisher на Кніжным кірмашы ў Варшаве плануе старт продажаў беларускага выдання. У пачатку красавіка раман выйшаў у літаратурным
часопісе «Знамя», які паступіў у сетку дзяржаўных бібліятэк РФ. Рускамоўнае выданне выходзіць у Рызе ў канцы траўня. Рыхтуецца пераклад на нямецкую мову. У Лондане прафесійны тэатр пачаў працу над спектаклем па «Слану».
«Ад продажу кнігі „Слон“ на беларускай мове Саша Філіпенка атрымае сімвалічны 1% ад ганарару, таму што зусім нулявы дагавор нельга заключыць», — распавяла агент аўтара. Філіпенка такім чынам падтрымлівае беларускія выдавецтвы, якія працуюць у выгнанні. Звычайна аўтарскі ганарар складае 60-70% ад прыбытку.
На сустрэчах з чытачамі Саша Філіпенка будзе чытаць урыўкі з рамана «Слон», а таксама прачытае некалькі сваіх апавяданняў; раскажа пра тое, як ён звяртаўся да экспертаў па сланах для напісання кнігі; пагаворыць аб цэнзуры, свабодзе слова і ролі пісьменніка ў эпоху забаронаў; адкажа на пытанні гледачоў, якія нельга задаць у афіцыйных інтэрв’ю.
Раман «Слон» Сашы Філіпенкі можна будзе набыць на мерапрыемстве. Расклад тура і квіткі на прэзентацыі
тут.
Саша Філіпенка — адзін з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў, чые кнігі перакладзены на дзясяткі моў, сталі сусветнымі бэстсэлерамі і атрымліваюць прэстыжныя прэміі.
Яго раман «Крэмулятар» быў прызнаны найлепшым еўрапейскім раманам 2023 года, «Чырвоны Крыж» стаў адным з апошніх спектакляў легендарнага Гогаль-цэнтра, а «Былы сын» — стаў прароцкай кнігай пра краіну з вечным прэзідэнтам.