- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кніга польскага мовазнаўцы доктара філялёгіі Міраслава Янковяка “Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі” пабачыла сьвет на польскай мове ў 2009 годзе ў выдавецтве Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі навук. Цяпер яе пераклад на беларускую мову даступны беларускаму чытачу. Перад намі інтэрдысцыплінарнае дасьледаваньне, якое падае розныя мэтадалягічныя ракурсы на акрэсьленую вышэй праблематыку. Кніга адкрываецца мапамі, якія ілюструюць тэрыторыю расьсяленьня беларускай меншасьці ў Латвіі. Асобнай увагі заслугоўвае аналіз моўнага заканадаўства ў Латвіі — мадэлі, якая можа быць выкарыстаная ў будучай дэмакратычнай Беларусі. У кнізе прасочваецца беларуская прысутнасьць у Латвіі з часоў полацкіх калёніяў Герцыке і Кукейнас і да сёньняшнага дня. Ну, і самае галоўнае, у выданьні дэталёва і рознабакова дасьледуецца сёньняшняя беларуская мова Латгаліі, даюцца яе ўзоры, а таксама разглядаецца нацыянальная сьвядомасьць яе носьбітаў.