Беларусы Беластока падрыхтаваліся да святкавання Калядаў
2022-12-27 12:19
Падчас шостых заняткаў другога сезона „Мова Нанова” у беларускім хабе „Новая Зямля” у Беластоку абмеркавалі тэму, як правільна святкаваць беларускія Каляды.
Калядным настроем і пажаданнямі пад Новы год падзяліліся ўдзельнікі вечара і вядоўца, выкладчыца спеваў варшаўскай „Школы беларускай традыцыйнай культуры” Лізавета Рэўт:
– Я скончыла Беларускі ўніверсітэт культуры. Займаліся расшыфроўкамі беларускіх народных песень, пасля рабілі аранжыроўкі і спявалі іх у хоры. Пацягнула мяне да каранёў. Мы хадзілі калядавалі, таму ў мяне ўжо досвед у гэтым вялікі. Пасля пераезду ў Варшаву я далучылася групы дзяўчат і мы арганізавалі Школу беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве.
Госці вечара ў беларускім хабе „Новая Зямля” даведаліся больш пра традыцыю беларускіх Калядаў, развучылі папулярныя калядныя песні і нават зрабілі спробу пакалядаваць па-сапраўднаму. Прысутныя падкрэслілі важнасць захавання традыцыі Каляд, як аднаго з падмуркаў беларускай ідэнтычнасці на фоне іншых народаў.
Беларускае Радыё Рацыя