- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Шаноўныя ўдзельнікі Першага З’езда беларусаў Чэхіі! Сардэчна вітаем вас ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”! Гістарычна склалася так, што бытаванне беларускай грамады на чэшскай зямлі – з’ява цалкам натуральная. Сюды па навуку ездзілі студэнты ВКЛ яшчэ ў сярэднявеччы, а сто гадоў таму гэтая зямля была цэнтрам беларускага эмігранцкага руху. Менавіта ў Празе знайшлі прытулак урад і прэзідыюм БНР. Урэшце, кожны беларус з маленства ведае, што першая друкаваная нашай мовай кніга пабачыла свет менавіта тут. Чэшская супольнасць беларусаў сёння знаходзіцца ў плыні найважнейшых для Беларусі палітычных і культурніцкіх працэсаў. Акцыі пратэсту, дапамога беларускім зняволеным, звароты да еўрапейскіх палітыкаў, праца па беларускіх пытаннях з еўрапейскімі чыноўнікамі... І асабліва адзначаем унікальную, узорную праграму дапамогі беларускім медыкам і лекавання дзясяткаў моцна параненых і скалечаных падчас мірных пратэстаў грамадзянаў Беларусі Medevac, якая выявіла такія падрабязнасці пра акалічнасці супрацьстаяння беларусаў з рэжымам, што выклікала сапраўдны шок у дэмакратычных грамадствах. І гэта толькі невялікая частка здзейсненага. Гісторыя нас вучыць, што ніводны буйны нацыянальны здабытак не абыходзіўся без удзелу чэшскіх беларусаў, і таму вашае рашэнне зладзіць Першы З’езд беларусаў Чэхіі бачыцца нам надзвычай важным і актуальным крокам на шляху беларусаў усяго свету да здабыцця незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Справы на Бацькаўшчыне сёння вельмі трывожныя.