“Боль Памяці”: з’явілася кніга пра лёс габрэяў Гарадзеншчыны
2020-06-25 15:44
Аўтарам кнігі пра лёс габрэйскага насельніцтва Гарадзенскай вобласці і вядомых людзей, што перажылі Халакост, якая мае назву “Боль Памяці”, з’яўляецца стваральнік Музея гісторі габрэйства Беньямін Ерузалем.
Пра адметнасць выдання распавядае аўтар:
– Кніга – гэта вынік 9-гадовай працы Музея гісторыі габрэяў Гарадзеншчыны. Гадамі прыйшлося здабываць матэрыял па-рознаму: хтосьці прыслаў кнігу, хтосьці проста падарыў, жонка аднаго вязня, які пайшоў з жыцця, падарыла чатырохгадзінны запіс яго ўспамінаў. У мяне загінула 20 чалавек сям’і ў вайну. Гэта закранула мяне вельмі. Акрамя таго, што я збіраў гісторыі людзей, праз сябе ўсё прапусціў. Вось так нарадзілася гэтая кніжка.
Па словах Беньяміна Ерузалема, у кнізе сабраныя ўнікальныя ўспаміны гарадзенцаў, што перажылі Халакост:
– Кніга носіць навукова-пазнавальны характар. Кніга – лёсы 13 чалавек. Прычым, з іх 8 – фота і лёс чалавека, кароткая біяграфія. І яго расказ, што ён перажыў. А яны ж усе былі вязнямі Гарадзенскага гета і канцлагераў. Хтосьці з іх прайшоў па тры канцлагеры.
Кніга “Боль Памяці” выйшла невялікім накладам, дзякуючы выдавецтву “Літара”. Набыць яе магчыма ў аўтара ды ў Музеі габрэяў, што дзейнічае пры гарадзенскай харальнай сінагозе.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча