- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Напамін аб будучым. Я - фаталіст. Я веру ў лёс. І ведаю, што Бог заўсёды размаўляе з намі - праз нашы азарэнні, натхненні, сны. І праз пэўныя знакі, якія перыядычна з’яўляюцца на нашых жыццёвых шляхах. Трэба толькі ўбачыць гэтыя Божыя пасланні і зразумець іх... Не ведаю чаму, але менавіта ў гэты дваццаць дзевяты чэрвеньскі дзень сустрэўся я са старшынёй нашага Брылеўскага сельсавета Уладзімірам Ільічом Мажоравым у ягоным кабінеце. І, убачыўшы над старшынскай галавой цяперашні герб, які крывавата прытуліўся на цвіку, успомніў, што на гэтым самым месцы ў свае часы горда ўзвышалася дзяржаўная “Пагоня”. І само сабой запыталася: “А дзе ж зараз той герб?” Рэакцыя Уладзіміра Ільіча была імгненнай: “Трэба? Пойдзем! Няхай у вашым музее будзе!” І павёў мяне ў сельсаветаўскі гараж, дзе ля сценкі ў акуратна запакаваным выглядзе стаяла яна - наша “Пагоня”. Было адчуванне нейкай неверагоднасці таго, што адбывалася. І як жа лёгка было несці гэтыя асвячоныя памяццю 16 кілаграмаў гіпсу!..