Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

23


А хто там ідзе?

Газета, якую ты зараз трымаеш у руках, – моладзевае выданне з трохгадовымі традыцыямі і досведам дзейнасці ва ўмовах "тутэйшай дэмакратыі". Ад астатняй прэсы, якую табе даводзіцца чытаць, яна прынцыпова адрозніваецца сваёй асноўнай мэтай. Мы робім яе не для таго, каб расслабіць цябе ці дапамагчы забіць вольны час. I так ужо досыць расслабляліся і валялі дурня. Мы збіраемся пісаць і несці табе тое, чым жыве твой горад, твая краіна, чым жыве ўвесь свет і варта жыць нам. Мы будзем рабіць усё, каб як мага больш маладых людзей адчулі сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй Радзімы, каб берасцейская моладзь далучылася да руху за адраджэнне вольнай і квітнеючай Беларусі.

Удзельніца пікета ў Барысаве. Фота ByMedia.netМы – гэта Брэсцкае абласное маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Сузор'е". Мы – гэта тыя, хто будзе жыць у Беларусі XXI стагоддзя. Мы – гэта людзі, якія мараць убачыць сваю Радзіму квітнеючым садам, а яе народ – вольным, заможным і шчаслівым.

Мы збіраемся, каб разам шукаць шляхі пабудовы новага грамадства, каб вырашаць, якім павінен быць край, у якім мы жывем, край, дзе будуць нараджацца нашы дзеці.

І ты, шаноўны дружа, калі ты яшчэ верыш у магчымасць адраджэння нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны, не стой у старонцы! Станавісь поплеч! Калі ты хочаш убачыць сваю краіну вялікай – стратэгічным мостам паміж Расеяй і Захадам, фінансавым, тэхналагічным і інфармацыйным цэнтрам сусветнага ўзроўню, – далучайся! Калі ты спадзяешся зрабіць свой горад еўрапейскім форумам, турыстычным цэнтрам альбо проста ўтульным і чыстым домам – хадзем да нас! Мы чакаем цябе. Нам патрэбны твае ідэі, твае думкі, твае надзеі. Твой малады запал, напорыстасць і навізна мыслення, як ніколі раней, неабходны зараз. Разам заўжды лягчэй, спрытней і весялей. Разам мы бу-дзем мацней, чым паасобку. Толькі разам мы здолеем пабудаваць новую дэмакратычную еўрапейскую краіну. Будзем разам!

Магчыма, чытаючы гэтыя радкі ты думаеш: "Ну вось, зноў палітыка. Мяне гэта не датычыцца". Тады ты памыляешся. Палітыка, у перакладзе з грэчаскай, – мастацтва кіравання дзяржавай. Сфера ж нашай дзейнасці – сацыяльныя і экалагічныя праблемы, адраджэнне традыцый беларускай культуры і абарона правоў моладзі, г. зн. усё тое, што турбуе зараз нашае грамадства. Хіба ж гэта палітыка?

Калі ты не згодзен атрымоўваць падачку замест зарплаты, калі твае бацькі вымушаны ездзіць у Польшчу "на заробкі" пасля работы, каб аплаціць тваё навучанне, калі ты не хочаш дыхаць атручаным паветрам і піць атручаную ваду, калі табе абрыдла слухаць хлусню на БТ, калі табе балюча чуць, як зневажаюць, абкрадваюць гісторыю і культуру тваіх продкаў, калі табе сорамна глядзець, як насміхаюцца з дзяўчынкі, што гаворыць на чыстай беларускай мове (такія выпадкі нярэдка здараюцца ў аздараўленчых лагерах) – хіба гэткая "палітыка" цябе не датычыцца?! Тое, што мы робім, тое, да чаго мы запрашаем цябе, гэта не палітыка, гэта – тваё жыццё!

Моладзь, а асабліва моладзь студэнцкая, спрадвек была правадыром прагрэсіўных ідэй, заўсёды імкнулася да свабоды і справядлівасці. Хіба можам мы зараз застацца ў баку, прамаўчаць? Маўчанне – знак згоды. Але мы – не згодны. I мы не будзем маўчаць, калі за нас спрабуюць вырашаць наш лёс! Хто згодзен, каб яго крыўдзілі, зневажалі і пагарджалі ім у яго ўласным доме?

Калі ты падзяляеш наш непакой аб будучыні, калі ты хочаш прынесці карысць Радзіме, – прыходзь да нас. Разам мы будзем адказваць на пытанні, якія ставіць нам сучаснасць. Разам мы будзем шукаць выйсце з крызісу, што ахапіў нашу краіну. Адзіны шлях да шчаслівай будучыні кожнага з нас – стварэнне моцнага агульнанацыянальнага руху за дэмакратычныя пераўтварэнні, за свабоду і працвітанне незалежнай Беларусі. I ў гэтым руху павінен апынуцца кожны сумленны грамадзянін, кожны сапраўдны патрыёт і годны нашчадак славутых дзеячоў нашай Мінуўшчыны!

БУДЗЬМА РАЗАМ!!!

Кантактныя тэлефоны: 20-57-41 (з 18:00 да 21:00).

(+37529) 660-57-41 (Дзмітрый).

(+37529) 725-15-39 (Андрусь).