Ні для каго не сакрэт, што сацыяльныя функцыі беларускай мовы сення, мякка кажучы, вельмі абмежаваныя. Беларуская мова, дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь, не дапускаецца ў войска (нават прысягу беларускія хлопцы прымаюць па-расейску), у беларускіх крамах не ўбачыш цэннікаў на мове тытульнай нацыі, ва ўсей краіне няма ніводнай беларускай вышэйшай навучальнай установы, у буйных гарадах бацькі не могуць даць сваім дзецям беларускую адукацыю, нават сярэднюю, бо амаль не засталося там беларускамоўных класаў.
Пералічаць факты дыскрымінацыі беларускай мовы, а значыць і дыскрымінацыі беларусаў у іх уласнай краіне можна бясконца, але ж усе яны добра вядомыя і беларус сустракаецца з імі ў сваім паўсядзённым жыцці на кожным кроку. Больш карысным было б даведацца як беларуская мова, адзіная дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага прыйшла ў заняпад, паказаць прычыны і асноўныя вехі гістарычнага працэса, які атрымаў назву "лінгвацыд".
Як вядома, у ВКЛ беларуская мова ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. На ёй размаўлялі ўсе, ад Вялікага князя да простага мужыка, яна была сродкам міжэтнічных зносін з прадстаўнікамі іншамоўных этнасаў, якія жылі ў ВКЛ – продкамі сучасных украінцаў і літоўцаў, на ёй вялося ўсё дзяржаўнае справаводства (у адрозненне, напрыклад, ад Польшчы, дзе ў той жа час дзяржаўныя паперы пісаліся не на нацыянальнай польскай мове, а на лацінскай). I хаця пяцьсот гадоў таму нашы продкі пісалі на царкоўнаславянскі ўзор ходити, литовский, чыталі ды казалі яны хадзіці, літоўскі. Разыходжанне асвячонага традыцыяй пісьма і жывога слова нікому не шкодзіла, бо беларуская мова панавала ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, на спосаб чытання не ціснулі чужамоўныя ўплывы, а асаблівасці вымаўлення перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Дарэчы, даволі значна адрозніваецца чытанне ад напісання ў ангельскай, французскай мовах. Такое разыходжанне без рызыкі страціць самабытнасць, падпасць пад чужыя ўплывы, пацярпець у плане прэстыжнасці, як правіла, дазваляюць сабе мовы дзяржаўныя, трывала ўгрунтаваныя ў грамадскім жыцці свайго народа.
Перадумовай заняпаду беларускай мовы было паступовае (ад 2-й пал. XVІ ст.) ўжыванне польскай мовы вышэйшымі коламі беларускага грамадства. На гэты працэс моцна ўплывалі цесныя палітычныя кантакты магнатаў і шляхты абедзвюх саюзных дзяржаў – ВКЛ і Польшчы. Пастаянныя кантакты адбываліся на дзяржаўным узроўні, падчас супольных вайсковых паходаў, на сустрэчах прыватнага характару.
Першым камянём, які быў закладзены ў падмурак працэсаў спачатку паланізацыі, а потым русіфікацыі, можна лічыць падпісанне Люблінскай уніі ў 1569г., калі беларуская дзяржава, аслабленая бясконцымі войнамі з Расеяй, вымушана была ўтварыць з Польскім каралеўствам адзіную дзяржаву – Рэч Паспалітую. У аб'яднанні дзвюх дзяржаў была зацікаўлена дробная шляхта ВКЛ, якая марыла аб польскіх шляхецкіх вольнасцях.
Аднак фармальна Люблінская ўнія не змяніла моўнага становішча. Як і раней, у Беларуска-Літоўскай дзяржаве адзінай дзяржаўнай мовай заставалася беларуская. На ёй пісаліся вялікакняскія прывілеі, іншыя дзяржаўныя дакументы, большая частка прыватнай карэспандэнцыі. Магнаты ведалі беларускую мову і часам карысталіся ёю. Але менавіта Люблінская ўнія паскорыла пранікненне польскай мовы на землі Беларусі і Літвы.
Моцныя пазіцыі беларускай мовы да пары забяспечваліся дзякуючы прыняццю адпаведных актаў дзяржаўна-прававога характару. Адзін з іх прыняў Варшаўскі элекцыйны сойм у 1632г.: "У адпаведнасці з усталяваным звычаем і як гэта здаўна патрабуецца, усе акты, прывілеі, граматы і мандаты, якія датычаць ваяводстваў Літоўскага, Валынскага і Брацлаўскага, павінны складацца ў канцылярыі Я.К.Л. (яго каралеўскай ласкі – Д.Ш.) і выдавацца ёю на рускай (гэта значыць тагачаснай старабеларускай – Д.Ш.) мове. Акт, атрыманы кім-небудзь з канцылярыі на іншай мове, будзе поўнасцю несапраўдным." Пра трывалыя пазіцыі беларускай мовы на ўсіх абсягах ВКЛ сведчыць, напрыклад, той факт, што свой вядомы ліст да расейскага цара Аляксея Міхайлавіча Багдан Хмяльніцкі і палкоўнік Залатарэнка напісалі беларускім пісьмом. Старабеларуская мова працягвала захоўвацца ў дыпламатычных зносінах Рэчы Паспалітай з Масковіяй. Гэтая ж мова ўжывалася апошняй для дыпламатычных зносінаў з шэрагам краін Заходняй Еўропы, у тым ліку і з Францыяй.
Мацнейшы ўдар быў нанесены па пазіцыях беларускай мовы ў 1696г. Канфедэрацыйны сойм 29 жніўня прыняў пастанову "Юрыдычнае ўраўнаванне" ("Коэквацыо юрыум") шляхецкіх саслоўяў ВКЛ і Кароны Польскай. Сярод некалькіх пунктаў, якімі ўраўноўваліся правы шляхты Беларусі і Літвы з правамі польскай шляхты, быў і пункт наконт мовы. Там было запісана, што пісар земскі судовыя дэкрэты павінен "...па-польску, а не па-руску (г. зн. па-беларуску – Д.Ш.) пісаць", "...усе ранейшыя акты, запісы, дэкрэты і сведчанні павінны захаваць сваю моц". Гэта азначала, што, хаця беларуская мова не забаранялася, усе афіцыйныя акты на беларускай мове захоўвалі сваю моц, аднак менавіта 29 жніўня 1696г. беларуская мова страціла статус дзяржаўнай мовы. Трэба адзначыць, што пасля прыняцця пастановы 1696г. у многіх месцах досыць доўгі час службовае справаводства вялося на беларускай мове, бо многія не да такой ступені валодалі польскім словам, каб карыстацца ім пры складанні дакументаў. У Магілёве, напрыклад, магістрацкія кнігі да 1712г. пісаліся кірыліцай, а з пераходам на лацінку толькі зрэдку ўводзіліся польскія словы. Аднак пастанова 1696г. – найсур'ёзнейшы ўдар не толькі па палітычных і нацыянальных правах, але і па культурным развіцці беларускага народа. Адміністрацыйным уладам пасля пераходу на польскую мову куды прасцей і лягчэй было ўкараняць яе ў асвету, выдавецкую справу. Пазбаўленая статусу дзяржаўнай, забароненая для ўжывання ў многіх сферах грамадскай дзейнасці, беларуская мова вымушана была заканамерна звужаць да крайнасці свае сацыяльныя функцыі. Ужо ў пачатку XVIII ст. толькі дзе-недзе на беларускай зямлі можна было знайсці школу ці друкарню, якія працавалі б на беларускай мове.
Заняпад беларускай мовы ў XVIII ст. аблегчыў царскім ўладам пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння тэрыторыі Беларусі да Расейскай Імперыі правядзенне дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да беларускай мовы і культуры. Зробім кароткую храналогію знішчэння беларускай мовы ў Расейскай Імперыі да кастрыч-ніцкага перавароту:
1790г. Падданы Кацярыне II Уладыка Віктар Садкоўскі на Слуцкім епархіяльным саборы (а сабор адбываўся ў межах не Расеі, а Рэчы Паспалітай, хаця ўмяшальніцтва першай ва ўнутраныя справы другой ужо нікога не здзіўляла) пагражаў беларускім святарам: «Я вас скореню, знішчу, што б і языка вашого проклятого літовского (г. зн. беларускага – Д.Ш.) і вас саміх не было; я вас у зсылкі парассылаю альбо ў салдаты пааддаю, а сваіх з-за кардону (г. зн. з Расеі – Д.Ш.) панаважу». Епіскап ганіў мясцовых святароў за ўжыванне "літоўскай" (беларускай) мовы замест царкоўнаславянскай у казаннях да беларускай паствы.
1831г. Зачынена адзіная на той час Вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі – Віленскі ўніверсітэт, асноўны асяродак развіцця беларускай нацыянальнай ідэі.
1839г. Ажыццявілася мара В.Садкоўскага: у цэрквах была ўрэшце забаронена казань на беларускай мове (была скасавана Берасцейская ўнія). Усіх уніятаў пераводзілі ў праваслаўе. Праваслаўных беларусаў лічылі рускімі, каталікоў – палякамі.
1840г. Указам Мікалая I забаронена ўжыванне самога тэрміна "Беларусь". Яе афіцыйная назва ад гэтага часу – Паўночна-заходні край. Мову беларусаў на афіцыйным узроўні беспадстаўна аб'явілі "дыялектам", "гаворкай" рускай мовы. Міне некаторы час і яе назавуць яшчэ больш грубым азначэннем "мужыцкая мова".
1864г. Выходзіць распараджэнне Міністэрства асветы Расеі, паводле якога беларускім вучням забаранялася ў сценах навучальных устаноў нават паміж сабой размаўляць на роднай мове.
1867г. Цалкам забаронены друк беларускамоўных кніг. Беларусы не мелі свайго друкаванага слова 25 гадоў. Асобныя кнігі выдаваліся за мяжой (Кракаў, Познань), як, напрыклад, творы Ф.Багушэвіча.
1870г. Міністр асветы Расеі Дз.Талстой пісаў: "Канчатковаю мэтай асветы ўсіх іншародцаў, што пражываюць у межах нашай Айчыны, несумненна, павінна быць абрусенне (падкрэслена мною – Д.Ш.)". А вось якіх поглядаў прытрымліваўся расейскі крытык В.Бялінскі: "Мы маем поўнае права сказаць, што цяпер ужо не існуе маларасейская мова, а ёсць абласны маларасейскі дыялект, як ёсць беларускі (падкрэслена мною – Д.Ш.), сібірскі ды іншыя падобныя ім дыялекты". Так ацэньваў нашу мову "рэвалюцыйны дэмакрат" "братняга" народу.
Дзякуючы рэвалюцыі 1905-07гг. нацыянальныя меншасці ў Расеі атрымалі магчымасць выпускаць літаратуру на роднай мове. Скарысталі гэтую магчымасць і беларускія адраджэнцы. 3 1906г. пачала выходіць штотыднёвая беларускамоўная газета "Наша Ніва", рэдакцыя якой па-сутнасці стварыла новую літаратурную беларускую мову. Да I Сусветнай вайны цягнуўся перыяд адноснай лібералізацыі рэжыму, у тым ліку і моўнай праблемы.
Новы віток лінгвацыду беларускай мовы прыпадае ўжо на савецкі перыяд беларускай гісторыі.
(Працяг – у наступным нумары)